На счету молодого врача анестезиолога-реаниматолога Александра Вусько уже немало спасённых жизней

К профессиональному празднику

Напэўна, многім даводзілася бачыць работу рэанімацыі ў кіно. А вось наяве назіраць за гэтым адважыцца ўсё ж не кожны. Сэрца сціскае ціхі жах перад страшнай хваробай, якая пазбаўляе чалавека магчымасці хадзіць, размаўляць і, нарэшце, проста дыхаць самастойна – без шматлікіх трубачак і правадоў, якімі абвіта яго цела. Яны ж, работнікі рэанімацыі, бачаць гэта пастаянна, штодня ўступаючы ў бязлітасную барацьбу за чалавечае жыццё.

Дзіцячая мара стаць урачом, навучанне ў Лужаснянскай гімназіі і Віцебскім медыцынскім універсітэце прывялі ў няпростую, але такую патрэбную прафесію ўраджэнца Малых Долец Аляксандра Сяргеевіча Вусько. Пасля праходжання інтэрнатуры ў Наваполацку два гады таму кваліфікаваны ўрач анестэзіёлаг-рэаніматолаг прыйшоў на працу ва Ушацкую ЦРБ.

— Калі ацэньваць складанасць нашай прафесіі па дзесяцібальнай шкале, то ўказальнік, думаю, спыніцца на апошняй, самай высокай лічбе, — адзначае Аляксандр Сяргеевіч, — Кожнае дзяжурства (а доўжыцца яно 24 гадзіны!) не падобнае на папярэдняе. Адно праходзіць адносна спакойна, іншае патрабуе максімальнай канцэнтрацыі. Памятаю, як нядаўна ў нашым аддзяленні, разлічаным на 6 ложкаў, знаходзілася якраз столькі пацыентаў, яшчэ адзін – на аперацыйным стале, а хуткая дапамога везла другога, у цяжкім стане, без прытомнасці…

Да такіх форс-мажорных сітуацый у аддзяленні анестэзіялогіі-рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі Ушацкай ЦРБ гатовы. Дарэчы, гэта і прывабіла А.С.Вусько падчас выбару спецыялізацыі і размеркавання на малую радзіму. Як зараз прызнаецца, боязі, нават у першыя дні работы, не было, паколькі побач знаходзіліся вопытныя калегі. Хаця, канечне, у начны час складаней: уся адказнасць кладзецца на плечы аднаго дзяжурнага ўрача анестэзіёлага-рэаніматолага і медыцынскай сястры.

– Мяне як доктара непакоіць тое, што ўсё часцей з-за абыякавых адносінаў да свайго здароўя ў рэанімацыю трапляюць маладыя людзі, — адзначае Аляксандр Сяргеевіч. — Так, на гэтым тыдні ў аддзяленне паступіў 30-гадовы мужчына з апёкамі 40 працэнтаў плошчы цела – заснуў у стане алкагольнага ап’янення з цыгарэтай. На аперацыйным стале з разрывам адзінай ныркі (першай пазбавіўся раней) аказаўся нядаўна яшчэ адзін ушачанін – 12 гадзін доўжылася аперацыя, тыдзень мужчына ляжаў у рэанімацыі. А зараз зноў гуляе па райцэнтры… нецвярозым.

Работа ўрача анестэзіёлага-рэаніматолага – у многім універсальная. Зімой, калі на Ушаччыне дзеці пачалі масава хварэць на пнеўманію, А.С.Вусько разам з іншымі спецыялістамі ажыццяўляў прафілактычныя агляды маленькіх жыхароў раёна. Даводзілася праводзіць у аддзяленні і дастаткова неспецыфічныя працэдуры – напрыклад, прымаць роды.

Аляксандр Сяргеевіч любіць сваю прафесію. Яму не аднойчы прапаноўвалі прэстыжную работу ў бальніцах абласнога цэнтра і нават сталіцы. Тым не менш, пакідаць родныя Ушачы герой нашага аповеду пакуль не збіраецца: тут жывуць бацькі, родныя, сябры. “Хіба толькі на пасаду міністра аховы здароўя яго адпусцім”, – жартуе загадчык аддзялення анестэзіялогіі-рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Аляксандр Віктаравіч Паншын.

З зайздросным пастаянствам прымаюць удзячныя словы за годнае выхаванне сына бацькі Аляксандра Сяргеевіча. Яно і не дзіўна: у “паслужным спісе” доктара нямала выратаваных жыццяў. Дарэчы, прафесію медыка выбрала і яго малодшая сястра Наталля.

Гледзячы на суразмоўцу, прыемнага і абаяльнага маладога чалавека, міжволі ловіш сябе на думцы, як часта яму даводзіцца бачыць чалавечы боль і пакуты. Без супердакладнай работы ўрача анестэзіёлага-рэаніматолага немагчымы поспех любой, нават самай простай аперацыі. Павышаная стрэсаўстойлівасць, максімальная адказнасць, уважлівасць — менавіта гэтыя рысы характару дапамагаюць А.С.Вусько штодня ўступаць у барацьбу з цяжкімі хваробамі і абавязкова ў ёй перамагаць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



2 комментария по теме “На счету молодого врача анестезиолога-реаниматолога Александра Вусько уже немало спасённых жизней

  1. Очень отважный молодой челове Александр,такую гуманную професию выблал,а именно спасать жизни людей!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *