Гэтае свята не адзначана асаблівым колерам ні ў адным календары. Аднак у памяці кожнага чалавека яно застаецца назаўсёды як сімвал развітання з дзяцінствам і ўступлення ў новае, ужо дарослае жыццё.
У мінулую пятніцу ва Ушачах прайшоў традыцыйны раённы выпускны баль. Восемдзесят дзевяць учарашніх адзінаццацікласнікаў сабраліся разам на ўрачыстасць, каб сказаць школе шматгалоснае “Бывай!” і накіраваць агульнае прывітанне ў самастойнае будучае. Прывітанне ад патэнцыяльных урачоў, педагогаў, інжынераў, будаўнікоў, аграрыяў – здольных і таленавітых ураджэнцаў нашага славутага краю.
Выпускны баль – безумоўна, знакавае мерапрыемства, а сёлетні – дык удвая. У гэтым годзе адбылася важнейшая падзея для нашага раёна і краіны ў цэлым: быў адноўлены і рэканструяваны мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Таму сімвалічна, што ў такі асаблівы дзень свайго жыцця выпускнікі Ушаччыны – праўнукі пераможцаў наведалі гэты помнік чалавечай мужнасці, усклалі кветкі да мемарыяла ў памяць аб гераічным подзвігу продкаў.
Працягнулася дзейства на цэнтральнай плошчы гарпасёлка, а пазней у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, дзе акрамя саміх выпускнікоў сабраліся іх настаўнікі і бацькі, прадстаўнікі раённай улады, сябры і знаёмыя.
Са знамянальнай падзеяй павіншавалі выпускнікоў старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Фёдараўна Сыроўчанка, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Фёдар Раманавіч Пацэйка, выконваючы абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Рыта Уладзіміраўна Півульская. Усе жадалі выпускнікам галоўнага – зрабіць правільны выбар прафесіі, стаць годнымі прадаўжальнікамі бацькоў, не забывацца школ, настаўнікаў, ганарыцца сваёй малой, але такой дарагой Радзімай – Ушаччынай.
Ад імя бацькоў са словамі ўдзячнасці педагогам за годнае выхаванне дзяцей выступіла Наталля Адамаўна Брыкун.
А самым знакавым момантам урачыстасці стала ўручэнне залатога медалю. Атэстат асаблівага ўзору (шэрага з залатымі літарамі) сёлета быў выпісаны адзінай прадстаўніцы раёна – выпускніцы Ушацкай школы Ганне Герцык. У спадчыну ад бацькоўнастаўнікаў дзяўчыне перадаліся прага да вучобы, мэтанакіраванасць, актыўнасць, уменне планаваць свой час і ўсё паспяваць. Гэта дазволіла ёй не толькі паспяхова авалодваць навукамі, але і ва ўсім быць прыкладам для аднагодкаў. Падтрымаць Ганну ў такі асаблівы дзень, нягледзячы на занятасць, прыехаў ва Ушачы яе старэйшы брат. Шчырыя віншаванні адрасавалі дзяўчыне прадстаўнікі раённай улады, навучальных устаноў Ушаччыны і шматлікія сябры, аднакласнікі.
Падчас уручэння Ганне залатога медалю старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка назвала яшчэ адзін важны і адказны абавязак, які выконвала дзяўчына. З моманту ўтварэння Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна яна была яе старшынёй, удала спраўлялася з усімі даручэннямі. А дапамагалі ёй у гэтым сёлетнія выпускніцы, актывісткі Маладзёжнай палаты Улада Коршун і Валерыя Цвяцінская.
“Вы здолелі ўпісаць у гісторыю Ушаччыны сваю старонку, – адзначыла, звяртаючыся да дзяўчат, Вольга Мікалаеўна. – Мы ганарымся вашымі дасягненнямі, галоўныя з якіх, канечне, яшчэ наперадзе. Спадзяюся, што пасля прафесійнай падрыхтоўкі вы і такія ж актыўныя і таленавітыя юнакі і дзяўчаты абавязкова вернецеся на малую радзіму. І ўсе разам мы і надалей будзем славіць нашу любімую Беларусь”. Пад гучныя апладысменты прысутных Вольга Мікалаеўна ўручыла актывісткам Маладзёжнай палаты Падзяку раённага Савета дэпутатаў. Асобныя, шчырыя словы ўдзячнасці за дастойнае выхаванне дачкі адрасавала В.М.Захарэнка Наталлі Мікалаеўне і Віктару Мікалаевічу Герцыкам. Гэта быў адзін з самых памятных дзён у іх жыцці, а Ліст падзякі ад раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта заняў пачэснае месца сярод самых значных перамог гэтай сям’і.
Канечне, гэты дзень быў знакавым для ўсіх бацькоў, родных, якія змахвалі слёзы, калі на экране з’яўляліся фота іх малых і ўжо дарослых дзяцей, а вядучыя зачытвалі адметныя характарыстыкі. Усміхнулася ў такую хвіліну нават заўсёды сур’ёзная выпускніца Вяркудскай школы Віка Меран. Статным юнаком вырас пастаянны бацькаў памочнік Сяргей Яловік, якога вядомы ўшацкі хлебароб Мікалай Уладзіміравіч выхоўваў адзін. Вельмі сур’ёзным быў у мінуты ўручэння атэстата ўнуку Раману Волаву Раман Васільевіч Міхалевіч. Падтрымаць на ўрачыстасці Юлію Лукашэвіч прыйшла цэлая каманда любімых ёй жанчын: мама Наталля Віктараўна, бабуля Ала Альфрэдаўна Чанцова і маленькая сястрычка Яна. Дарэчы, для апошняй убачанае ў гэты вечар стала своеасаблівай падрыхтоўкай да школьных будняў: ужо ў верасні дзяўчынка пойдзе ў першы клас.
Асаблівым лічыць сёлетні выпуск дырэктар Арэхаўскай сярэдняй школы Ларыса Аляксандраўна Булаўка. Па яе словах, усе 14 адзінаццацікласнікаў – камсамольцы, актывісты і проста прыгажуны, у якіх энергіі і творчых задум хоць адбаўляй. Так, напрыклад, Сяргей Малей выдатна піша вершы – адзін з іх, кранальны і шчыры, да свята апошняга званка хлопец прысвяціў любімай альмаматэр, настаўнікам. Ні адно школьнае мерапрыемства не праходзіла без удзелу Кацярыны Клопавай, якой цалкам адпавядае вядомая ў народзе характарыстыка “і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц”. Не забудзе ўстанова і сваіх бяззменных “завадзілаў” Ілью Брыкуна і Сяргея Рамашэўскага. “З гэтымі дзецьмі было надзвычай лёгка, – кажа класны кіраўнік 11 класа Арэхаўскай школы Вольга Васільеўна Жукава. – Гэта мой трэці выпуск і, думаю, апошні, таму такі дарагі. Мяне вельмі радуе, наколькі гэтыя юнакі і дзяўчаты адкрытыя і дружалюбныя. Перыядычна ў клас прыходзілі новыя вучні – і кожны адразу станавіўся “сваім”. Безумоўна, буду сумаваць па іх”.
У тым, што лічба 13 насамрэч шчаслівая, у Вялікадолецкай сярэдняй школе не сумняваюцца. І доказ таму – добры тандэм 12 сёлетніх выпускнікоў і іх класнага кіраўніка Ніны Канстанцінаўны Спірыдовіч. Яны разам з пятага класа. Вядома, за гэты час здаралася рознае – і вопытнаму педагогу не раз прыходзілася быць строгай. Аднак дзеці на настаўніцу не крыўдзіліся – для іх яна сапраўдны сябра. Дарэчы, у цеплыні адносінаў настаўніка і вучняў можна было ўпэўніцца падчас выпускнога балю: заўсёды з жартамі і ўсмешкамі, а традыцыйнае фота на памяць і моднае зараз сэлфі – выключна разам. “Вы толькі паглядзіце, якія “дубы” павырасталі – высокія, моцныя, падцягнутыя! – з гордасцю зазначае Н.К.Спірыдовіч. – І такія адказныя, надзейныя!”
“Ведаеце, я б усіх сваіх вучняў пакінула на другі год: так сумна з імі развітвацца, – пажартавала класны кіраўнік сёлетніх выпускнікоў з Вяркудскай школы Анастасія Мікалаеўна Каліцкая. – Гэта мой першы, а значыць самы любімы клас”.
У гэты вечар выпускнікоў Ушаччыны чакала нямала сюрпрызаў: сустрэча з першымі настаўнікамі, наказ у дарослае жыццё ад першакласнікаў, канцэртныя нумары ў выкананні вучняў і нават педагогаў родных альмаматэр. Самым жа хвалюючым момантам для юнакоў і дзяўчат стала ўручэнне атэстатаў. Гэты дакумент ім па традыцыі ўручылі дырэктары навучальных устаноў.
Грыміць выпускны баль. Бярэ ў палон школьны вальс. Лёгка, свабодна, нібы ў палёце, кружацца пары. Няхай жа такі святочны настрой застанецца ў былых школьнікаў на доўгі час, дапаможа ім паспяхова прайсці тэсціраванне, здаць уступныя экзамены, зрабіць першыя ўпэўненыя крокі ў самастойнае жыццё.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
Внимание! Больше фото с последнего звонка и выпускного бала можно найти в разделе «Выпускник-2016 (фото) на нашем сайте .