З багатым мінулым
Чым жыве сёння гэта вёсачка Вяркудскага, былога Дубраўскага сельсавета? Як і ўсе неперспектыўныя – размераным жыццём сваіх жыхароў. Працяглая, не на адзін кіламетр, па колькасці карэнных жыхароў яна зусім маленькая – іх усяго восем. Зза даўжыні і на госці адзін да аднаго пажылыя людзі ходзяць не часта, аднак як і водзіцца на вёсцы – усё ведаюць пра кожнага – ад нараджэння да старасці.
Але хоць і падобная на многія, як і літаральна кожная вёска, Турасполле – таксама адметная. І вельмі многім. Сама няхай і не вельмі старажытная, у пачатку мінулага стагоддзя двараніну Місевічу тут належыў толькі адзін двор, аднак вось гарадзішча, што ўсяго ў паўтара кіламетрах ад яе, датуецца ІІІ стагоддзямі нашай эры. Тут вяліся раскопкі, матэрыялы з якіх знаходзяцца ў Акадэміі навук Беларусі. А зараз на гэтым месцы ўстаноўлены крыж.
Была вёска раней у складзе Ульскага раёна, падчас узбуйнення да яе далучаны хутар Баркі, а ў 1969 годзе тут было 50 двароў і 159 жыхароў. Яшчэ адносна нядаўна – у канцы мінулага стагоддзя – тут працавала Зарачанская васьмігадовая школа, якая дала старт многім педагогам Віцебшчыны. А дзякуючы маляўнічым краявідам – рэчцы Дзіве ды возеру Крывому – будынак школы захавалі і перапрафіліравалі, таму вёска і сёння гаманіць дзіцячымі галасамі. Праўда, толькі ўлетку – менавіта тут размешчаны дзіцячы аздараўленчы лагер з аднайменнай назвай. Паколькі Турасполле – дзіўны па прыгажосці куток, тут і сёння чутны стук малатка – гэта дачнікі абжываюць ці спадчыну бацькоў, ці проста набытыя дамы.
Моцная духам старэйшына
Непадалёк ад лагера – дом Алены Іванаўны Ягадкі. Як і падабае старэйшыне – ён служыць прыкладам дагледжанасці і парадку. Канечне таму, што рукасты, гаспадарлівы быў муж Уладзімір Платонавіч, з якім у згодзе пражылі 55 гадоў. І таму, што і зараз мужчынская падтрымка ёсць – разам з ёй жыве сын, які працуе на месцы – у лагеры. У гэтым таксама адметнасць вёскі, што такая невялікая, яна дае працоўныя месцы сваім жыхарам.
Алена Іванаўна і расказвае мне пра аднавяскоўцаў, з якімі пазней знаёмлюся. І крышачку пра свой няпросты лёс.
Хоць і нарадзілася пасля вайны – у лістападзе 1941 года, ліхалецце яна памятае. Малая, яна стаяла ля акна і назірала рух самалётаў, якія ляцелі нізка ці пачыналі бамбіць. Практычна ўся вёска, у якой размяшчаўся штаб брыгады “За Савецкую Беларусь”, дапамагала партызанам. У вялікай адрыне Свяжынскіх была майстэрня, у хатах пяклі хлеб. Стаялі тут жа і партызаны. У прыватнасці ў хаце дзядзькі Васіля Макаравіча Цара жыў партызан, якога, на яе думку, і шукаў праз нашу газету нядаўна нашчадак Анатоль Азаронак.
Пасля вайны яна працавала даяркай – ферма была тут жа, у вёсцы, як і сепаратарны пункт, магазін, прадаўцом з якога яна і выходзіла на заслужаны адпачынак.
Хоць выглядае Алена Іванаўна надзвычай маладжава, як і гаворыць прозвішча – “ягадкай”, на яе сэрцы ляжаць рубцы ад многіх горкіх страт, у прыватнасці, самай страшнай – яна пахавала дачку. І раней, і зараз дапамагае ўнукам, паранейшаму трымаючы гаспадарку, агарод і нават дзве сям’і пчол. Некалі гэтым займаліся з мужам, таму і цяпер працягвае “салодкую справу”.
Вёска былых жывёлаводаў
Яе равесніцай аднагодкай з’яўляецца Ніна Іванаўна Мароз. Жанчына пераехала ў Турасполле з Пола. Бацькоўская хата там зусім струхнела і ёй выдзелілі саўгасны дом, пазней з падтрымкай намесніка старшыні райвыканкама яго прыватызавала. І жыве зараз ветэран працы, якая таксама працавала даяркай, па суседстве з роднай сястрой.
Па сутнасці літаральна ўсе сённяшнія жыхары – у мінулым жывёлаводы. Ферма была немалая: і дойны статак, і цялятнік. Таксама даяркамі былі пэўны час Вера Віктараўна Дзямешка і Вольга Ерамееўна Кірпічонак. А Зінаіда Кірылаўна Сімановіч, можна сказаць, і сёння працуе: нянькай – дапамагае даглядаць ужо праўнука. Працавалі многа, літаральна ўсё ўручную: ні кормараздатчыкаў, ні малакаправодаў тады не было, а карміць кароў таксама ўваходзіла ў абавязкі даярак. Фермы ў вёсцы ўжо няма, а вось будынак з чырвонай цэглы, дзе размяшчалася зернесушыльная гаспадарка, захаваўся і нагадвае пра ранейшае бурнае жыццё вёскі.
Самы лепшы – лугавы
Сямён Раманавіч Сапега на гэты час, напэўна, паспеў адкатаць са ставак мядок. Хоць сёлета засталося зусім мала сямей, мужчына ўсё жыццё працягвае захапленне бацькі, які трымаў пчол у Старыне. Па два вядры з магазіна – такі звычайны забор, а паколькі ставак у яго ў добрыя гады было больш дзясятка – то лішкі знаходзілі ўдзячных ласуноў. Не, на рынак ён ніколі не выходзіць, яго мёд разбіраюць знаёмыя дачкі з Віцебска – пастаянныя, якія ў свой час паспыталі натуральны мядок з гэтых чыстых мясцін. Самы лепшы – лугавы, – сцвярджае Сямён Раманавіч, – з разнатраўя.
Ён жыве ў апошняй хаце вёскі, насупраць і паблізу – толькі дачнікі. І літаральна з усім спраўляецца самастойна. На градках, дарэчы, не было ні травінкі, у кацялку на пліце мужчына гатаваў сабе суп. А на сценцы віселі рыбацкія боты – наведваецца ўнук. Жыць ля рэчкі і возера і не рыбачыць – было б дзіўным. Хаця Сямён Раманавіч і не карэнны жыхар Турасполля, пераехаў сюды ў 1958, калі ажаніўся, аднак за такі час канечне стаў сваім. Але хоць адолеў і жаночую, і мужчынскую работу, дагэтуль не можа перажыць страту жонкі. “Нічога не міла. Такой добрай была мая Ганна Антонаўна, а зараз адзін …”
Дадому – як у вырай
Раней на лавачцы можна было сустрэць бабуль, якія абмяркоўвалі мясцовыя навіны. Сёння ж з-за паважаных гадоў на госці адзін да аднаго дабіраюцца не часта. Вось і сядзела Любоў Ягораўна Кірпічонак адна, чакала, пакуль прыйдзе паштовая машына. “Пенсію суседцы прывязуць, а мне за электрычнасць заплаціць трэба”, – расказвала 83-гадовая жанчына – самая старэйшая на сённяшні час у Турасполлі. Яна, як і большасць, працавала і ў жывёлагадоўлі, і ў паляводстве. Спрацаваныя мазолістыя рукі, ды і рухаецца толькі з кіёчкам, аднак, вярнуўшыся дадому, усё ж пасеяла мінімум агародніны. Зімуе яна ў дзяцей у горадзе, дзе ўтульна і бесклапотна, але ўлетку з задавальненнем вяртаецца ў сваю хату, як у вырай, каб адчуць сябе дома, каб пачуць водар бэзу і ліпы.
Знаходка для пажылых
Сацыяльны работнік Аляксандр Дзмітрыевіч Жогаль – сапраўдная знаходка для аднавяскоўцаў. Малады мужчына не толькі маці Галіне Іванаўне дапамагае, з якой разам жывуць, але і адзінокай цётцы Ніне Іванаўне, ды і суседнія вёскі абслугоўвае. Падапечных у яго нават болей за стаўку, паколькі цэніцца пажылымі людзьмі менавіта мужчынская дапамога – абкасіць, узараць. Аляксандр жа не толькі неабходны пералік паслуг аказвае. Ён трымае каня і нікому не адмаўляе ў традыцыйных сялянскіх справах – паганяць, забаранаваць, разагнаць бульбу. На вёсцы без гэтага ніяк. І хоць зранку ўстае і працуе выключна фізічна, на стомленасць не скардзіцца і сваіх падапечных паважае.
* * *
Не пра ўсіх сённяшніх жыхарах вёскі расказала. І тым больш не закранула новых яе пасяленцаў, якія так актыўна шчыруюць улетку на набытых участках. Вось і суседзі С.Р.Сапегі запрасілі на госці, калі будзе дабудаваны дом. Там майстравалі новы дах. На ўчастку насупраць абкошвалі траву, прыехалі гаспадары і дагледжанага дома ў цэнтры вёскі. Маляўнічае Турасполле набывае новае дыханне, ад яго не адмаўляюцца нашчадкі загінуўшых жыхароў, чые імёны значацца на мясцовым абеліску.
Вольга КАРАЛЕНКА.