Кормозаготовка в КУСХП «Глыбочаны»

Сельское хозяйство

На мінулым тыдні надвор’е было не вельмі спякотным, але Аляксандр Мартыненка, які ў КУСГП “Глыбачаны” задзейнічаны на трамбоўцы зялёнай масы, толькі і паспяваў выціраць пот з ілба – поле, адкуль паступала трава на траншэю, знаходзілася зусім недалёка і “перакурыць” было некалі, нават пры тым, што на адвозцы ў гаспадарцы задзейнічаны ўсяго тры адзінкі тэхнікі.

Усе, хто ў гэтыя чэрвеньскія дні працуе на сенажаці, жывуць па асабліва напружаным распарадку. З першымі праменямі сонца пакідаюць мехдвор і выязджаюць у поле механізатары, якія стаяць на пачатку “зялёнага канвеера”. У “Глыбачанах” з касілкамі сёлета працуюць Мікалай Лях на пару з работнікам мясцовага лясніцтва Андрэем Кучаронкам. Дарэчы, іх трактары пасля абеду мы заўважылі не ў полі, а ў цэнтры аграгарадка. Намесніка начальніка райсельгасхарча Сяргея Аляксандравіча Белагрыўцава, які на мінулым тыдні наведваў сельгаспрадпрыемствы раёна ў мэтах кантролю за працэсам корманарыхтоўкі, у гаспадарцы заверылі, што механізатары не адпачывалі, а спыніліся набраць вады падчас пераезду на новы ўчастак – важнасць своечасовасці ўборкі аграрыі разумеюць.

Не першы сезон прыходзіць ім на дапамогу работнік ПУП “Ляснеўшчына” Васіль Спірчонак. Яго магутны МАЗ адлегласць ад поля да комплексу ў Глыбачцы пераадольваў за лічаныя хвіліны, як і другі самазвал, якім кіруе мінулагодні пераможца раённых спаборніцтваў сярод вадзіцеляў Генадзь Чыграй. Дапамагае гэтым па­сапраўднаму “баявым” адзінкам тэхнікі Міхаіл Красноў на МТЗ-1221 з вялікагрузным прычэпам. Мужчына з Дубраўкі ў гаспадарку прыйшоў нядаўна, таму пацікавіўся ў яго, ці цяжка вытрымліваць рабочы дзень ад світанку да змяркання.

– Ды нічога, мы людзі прывычныя, – усміхаецца загарэлы да бронзавага колеру механізатар. – Гэта ў “Глыбачанах” я яшчэ менш года. А на трактары паспеў папрацаваць у былым КУСГП “Дубраўка”, потым у суседнім Полацкім раёне. Канечне, стамляемся, асабліва ў спякотнае надвор’е, але горш, калі дождж на вуліцы вымушае перапыняць работу. Мне, маладому, наогул грэх жаліцца. Вунь Мікалаевіч мог бы, улічваючы яго гады, але дзе там – як жалезны.

“Жалезным Мікалаевічам” аказаўся ветэран гаспадаркі і шматлікіх “бітваў” за ўраджай Васіль Мікалаевіч Сапега, які на КВК-800 заняты на здрабненні зялёнай масы. Нягледзячы на вялікі вопыт і адказнасць механізатара з наладкай нажоў кормаўборачнага агрэгата ўзнікалі цяжкасці: пасля таго як Васіль Архавёнак згроб траву ў валкі, месцамі яна аказалася ўперамешку з няўбранай мінулагодняй саломай.

На сянажнай траншэі гаспадарыла брыгадзір паляводаў Алена Камовіч, якая кантралявала закладку. У сельгаспрадпрыемстве наладжана кругласутачная трамбоўка – у начны час за рулём “Амкадора” А.Мартыненку падмяняе Уладзімір Брыцік. Улік дастаўленай зялёнай масы аўтамабілі са здробненым кормам праз вагі праходзяць раніцай, у абед і вечарам, пасля чаго выводзіцца сярэдні дзённы танаж.

Гаспадарка забяспечвае сваіх работнікаў харчаваннем, за якое ні капейкі не вылічваецца з заробкаў. З іх памерамі ўдзельнікі корманарыхтоўчага атраду могуць азнаёміцца на мехдвары, дзе вывешваюцца дзённыя вынікі. Пакуль яны не вельмі высокія – травастой не спрыяе вялікаму танажу. У “Глыбачанах” закрылі сянажную траншэю ля комплексу на цэнтральнай сядзібе, учора павінны былі скончыць закладку бурта ля Усвіцы. Касіць яшчэ ёсць дзе, прычым і ўчасткі з якаснымі травамі – 160 гектараў люцэрны, 100 канюшыны. Каб яны ператварыліся ў пажыўны корм, трэба напружана папрацаваць. На пачатак тыдня “Глыбачаны” ўбралі травы на плошчы ў 210 гектараў, нарыхтавана амаль 1500 тон сенажу – а гэта толькі чацвёртая частка ад неабходных аб’ёмаў.

Практычна справіліся з травамі першага ўкосу механізатары ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, нарыхтаваўшы звыш дзвюх з паловай тысяч тон сенажу. У цэлым па раёне на аўторак было скошана амаль 3000 гектараў, а на 2500 з іх травы ўбраны, закладзена каля 12,8 тысячы тон сенажу, запрасавана 131 тона сена.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.

На здымках: М.Красноў, В.Сапега, Г.Чыграй, В.Спірчонак.

С.Белагрыўцаў, А.Камовіч, А.Мядзведская.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *