За управление транспортным средством в состоянии алкогольного опьянения двое ушачан заплатили штраф и лишились своих авто

Закон - один для всех

Вуліца Ленінская г.п.Ушачы адразу для некалькіх жыхароў раёна сёлета стала сапраўдным “бярмудскім трохвугольнікам”: трапіўшы на яе, аўтаўладальнікі ў хуткім часе пазбавіліся сваіх транспартных сродкаў. Адразу супакою чытачоў: справа не ў паранармальных з’явах, а ў простай чалавечай легкадумнасці.

Жыхар гарпасёлка Аляксей 1988 года нараджэння яшчэ напрыканцы 2015 года “падзаправіўся” дома півам і сеў за руль уласнага аўтамабіля “Сеат Кардоба”. Праўда, працягвалася яго нецвярозае ралі нядоўга: на вуліцы Ленінскай, ля магазіна “Родны кут”, мужчына не справіўся з кіраваннем і наехаў на дарожны знак. У лічаныя хвіліны на месца прыбылі праваахоўнікі, якія і западозрылі наяўнасць у вадзіцеля алкагольнага ап’янення. Гэта пацвердзіў і праведзены медыцынскі агляд. У выніку ў адносінах Аляксея быў складзены адміністрацыйны пратакол. За п’янку за рулём мужчына заплаціў штраф у памеры 50 базавых велічынь і быў пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі на 3 гады. Вось толькі такая мера, як аказалася, не надта напужала героя нашага аповеду. Ужо ў сакавіку 2016га ён сеў за руль аўтамабіля, прычым зноў “падшафэ”, – і ўсё на той жа вуліцы Ленінскай быў затрыманы супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі.

У падобную непрыемную сітуацыю трапіў яшчэ адзін жыхар Ушацкага раёна Валерый 1975 года нараджэння. У студзені 2015 года на тэрыторыі Лепельшчыны ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за нецвярозую язду на аўтамабілі “Мазда 626”, што належыў яго сужыцельніцы. Тады мужчына атрымаў пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 50 базавых велічынь і быў пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі на 3 гады. Вось толькі чакаць такі працяглы час не стаў – ужо праз 10 месяцаў сеў за руль, прычым зноў пасля прыняцця на грудзі парытройкі чарак. Затрымалі Валерыя на ўсё той жа “злашчаснай” вуліцы Ленінскай г.п.Ушачы.

За паўторнае на працягу года кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення ў адносінах абаіх мужчын былі ўзбуджаны крымінальныя справы па ч.1 арт.3171 КК Рэспублікі Беларусь. Суд прызнаў Аляксея і Валерыя вінаватымі і назначыў ім дастаткова жорсткае пакаранне: першаму – папраўчыя работы па месцы працы тэрмінам на 2 гады з утрыманнем штомесяц у даход дзяржавы 20 працэнтаў заробку, другому – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1,5 года і штраф у памеры 200 базавых велічынь. Абодва мужчыны пазбаўлены права на працягу 5 гадоў займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі. І, напэўна, самым балючым прысудам для грамадзян стала тое, што іх аўтамабілі “Сеат Кардоба” і “Мазда 626” канфіскаваны і накіраваны ў даход дзяржавы. Не выратавала Валерыя нават тое, што транспартны сродак, на якім ён калясіў “падшафэ”, па дакументах належыў іншаму чалавеку.

Вядома, падабенства фактаў па ўзгаданых справах – усяго выпадковасць. “Бярмудскім трохвугольнікам” для транспартных сродкаў несумленных аўтаўладальнікаў можа стаць абсалютна любая вуліца і населены пункт раёна.

А.МАМОН, старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *