У рэспубліцы функцыянуе больш 500 прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, адно з якіх – ААТ «Прамкамбінат». У нашым раёне гэта адзінае прадпрыемства “лёгкай” галіны, работнікі якога заўтра адзначаюць сваё прафесійнае свята.
На гэтым тыдні ў швейным цэху ішла работа па вырабе спецадзення для “Крыніцы”. Менавіта наш прамкамбінат выйграў тэндар на гэты заказ, і амаль 300 касцюмаў для работнікаў названага прадпрыемства “сышло з канвеера”.
“Пастаянна ўдзельнічаем у тэндарах, хоць не заўсёды ўдаецца іх выйграваць. Але за нашым прамкамбінатам трывала замацавалася добрая рэпутацыя, утвараюць якую тры “фірменныя” складнікі – невысокі кошт, выдатная якасць і строгае выкананне тэрмінаў”, – гаворыць дырэктар ААТ “Прамкамбінат” Г.А.Грыдзюшка.
Ва ўшацкіх касцюмах камфортна і зручна работнікам “Полацкіх электрасетак”, “Ганны”, фірмы “Ома” і многіх іншых. Апранаюць нашы прамыслоўцы і ўшачан – заказы паступаюць ад лясгаса, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, УП “Сарочына”, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, райспажыўтаварыства. Ужо не першы год шыюць тут пасцельную бялізну, у месяц выпускаецца 50-60 камплектаў, якія не залежваюцца на складзе. Гэты тавар заўсёды з’яўляўся хадавым, бо ўшацкія прамыслоўцы шыюць камплекты з якаснай айчыннай сыравіны, выкарыстоўваюць тканіны прыгожай моднай афарбоўкі, ды і кошт на вырабы прымальны. На нашых камплектах спяць не толькі ўшачане, але і жыхары іншых раёнаў Віцебшчыны, набыць іх можна як ва ўнівермагу, на кірмашах, так і непасрэдна ў цэху. Даводзіцца чуць толькі станоўчыя водгукі ад спажыўцоў як аб якасці пасцельнай бялізны, так і цёплых пледаў.
Але, трэба сказаць, што прамкамбінат перажывае не самыя лепшыя часы. Напрыклад, істотна зменшыў магчымасці атрымання перспектыўных заказаў цэнтралізаваны пашыў спецадзення буйнымі арганізацыямі накшталт “Віцебскаблгазу” і “Віцебскэнерга”, філіялы якіх раней былі сярод пастаянных кліентаў прамкамбіната. Складаная сітуацыя, абумоўленая аб’ектыўнымі фактарамі, склалася і ў рабоце сталярнага цэха прадпрыемства: хлебазаводы сталі выкарыстоўваць пластыкавыя латкі, былыя заказчыкі драўляных вырабаў зараз аддаюць перавагу металічным дзвярам, пластыкавым вокнам, ламініраванай падлозе.
Літаральна ад кожнага працаўніка цяперашні няпросты час патрабуе максімальных намаганняў, каб у выніку прадпрыемства змагло ўтрымацца на неблагіх пазіцыях. Даводзіцца брацца за любыя, нават беспрыбытковыя заказы, каб захаваць калектыў. Уплывае на эканамічнае становішча вялікая дэбіторская запазычанасць: некаторыя прадпрыемствы несвоечасова разлічваюцца за атрыманую прадукцыю. Тым не менш, за 5 месяцаў бягучага года выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 2 мільярды 180 мільёнаў рублёў, што складае 112,8 працэнта да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. Сярэдняя заработная плата на прадпрыемстве, напрыклад, за студзень-красавік склала 3 мільёны 836 рублёў.
Менавіта прафесіяналізм усіх работнікаў прадпрыемства – ад яго кіраўніка да простай швачкі – з’яўляецца галоўным фактарам, які дазваляе прамкамбінату трымацца на плыву. Зусім нядаўна Галіне Анатольеўне Грыдзюшка быў уручаны юбілейны медаль “110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі”. Такую ўзнагароду атрымліваюць прафсаюзныя работнікі і пасадныя асобы, якія ўносяць значны ўклад у прафсаюзны рух і сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Яна ж у сваю чаргу зазначае, што поспех немагчымы без старання ўсяго калектыву:
– Удзячна за добрую работу ўсяму свайму кіруючаму саставу. Галоўны бухгалтар Любоў Арсенцьеўна Дуброўская – сапраўдны прафесіянал справы, Тамара Леанідаўна Кулак сумяшчае абавязкі кадравіка і інжынера. Я магу спакойна даверыць справу маладому работніку, начальніку швейнага цэху Алене Казьянінай. Заслугоўвае добрых слоў праца швачак Іны Лабань, Таццяны Беласлудцавай, Ларысы Апёнак, Ганны Казлоўскай і многіх іншых. Здароўя вам і вашым сем’ям, няхай у вас усё ладзіцца ў доме і на працоўным месцы. Светлых і мірных дзён. Дзякуй вам за працу!
Вольга КАМАРКОВА.