Так характарызаваў механізатара КУСГП “Арэхаўна” Аляксандра Гусёнка намеснік старшыні райсельгасхарча Сяргей Аляксандравіч Белагрыўцаў: “Можаце смела напісаць, што на такіх механізатарах трымаюцца гаспадаркі”.
Сам работнік, які корманарыхтоўку пачаў раней, чым яго сельгаспрадпрыемства, саромеўся і аднекваўся ад такіх слоў. Але цяжка паспрачацца з тым, што яны цалкам заслужаныя.
Патомны хлебароб, бацькі якога не адзін дзясятак гадоў адпрацавалі ў мясцовай гаспадарцы, з пачаткам касавіцы задзейнічаны на здрабненні зялёнай масы. Як і на працягу апошніх гадоў. Сёлета КВК800 А.Гусёнак абкатаў на землях ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, працуючы ў складзе раённага мехатрада. Гэтымі ж днямі зялёная маса з яго кормаўборачнага агрэгата паступае на сянажную траншэю ў Сарочыне. Цікава, што працаваў мужчына ў аўторак на ўчастку, дзе травы касілі касілкі “Райаграсэрвіса” – гаспадаркі раёна прыходзяць на дапамогу адна адной.
За сераду А.Гусёнак нарыхтаваў 127 тон сенажу – ад тарфянікаў за Жывалакай да траншэі далекавата, таму паміж загрузкамі трох адзінак тэхнікі, якія былі задзейнічаны на адвозе, КВК800 пэўны час прастойваў. Не спрыяла высокаму танажу і нізкая, на мяжы з сенам, вільготнасць зялёнай масы – трава ў пракосах хутка сохла, затое пры закладцы вільготнасць адпавядала кармам самай высокай якасці.
У “Арэхаўне” на раніцу 9 чэрвеня было скошана 23,2 працэнта траў першага ўкосу, нарыхтавана 303 тоны сенажу і 14 тон сена. Дзякуючы дапамозе іншых гаспадарак ужо 1868 тон сенажу заклалі ў “Райаграсэрвісе”, 206 з іх – запрасавалі ў стрэйчплёнку. Набірае абароты корманарыхтоўка ў ААТ “Ільюшынскі” і КУСГП “Вялікадолецкае”, гаспадарках з самымі вялікімі статкамі жывёлы і, адпаведна, плошчамі пад касавіцу: нарыхтавана 1078 і 940 тон сенажу. Амаль справіліся з уласным невялікім заданнем у ААТ “Дземенец”, скасіўшы 83 працэнты плошчаў і заклаўшы ў траншэі 355 тон корму, запрасаваўшы 67 тон сена. Не павінен палохаць “нуль” у паказчыках КУСГП “Кублічы”, бо працаўнікі гаспадаркі ў складзе адзінага з селішчанскімі механізатарамі атрада вядуць касавіцу на землях ААТ “Агра-Селішча” – скошана 55,2 працэнта ад задання, пасля выканання якога тэхніка пераедзе на кубліцкія палеткі.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.