Ложкой дёгтя «съели» экстру. В чём причина низкого качества молока в некоторых сельхозпредприятиях Ушачского района?

Сельское хозяйство

На вячэрняй дойцы ў КУСГП “Арэхаўна” начальнік райсельгасхарча Леанід Аляксандравіч Лісоўскі і спецыялісты ўпраўлення, якія наведалі гаспадарку  ў мэтах кантролю за падрыхтоўкай да рэдуктазнай пробы малака, арганізацыі выпасу жывёлы, спачатку істотных парушэнняў не заўважылі: чыстае абсталяванне, цадзілкі – з боку аператараў машыннага даення ўсё было зроблена для таго, каб атрымаць прадукцыю самага высокага гатунку. Але “лыжка дзёгцю”, якая б сапсавала ўвесь надой статка, знайшлася ў выглядзе нямытай малочнай бочкі. Трактарыст, даставіўшы яе на поле, пра нізкі санітарны стан ёмістасці не ведаў, бо прыняў тэхніку толькі ў абед, не заглянула туды і ветурач Ларыса Васільеўна Асіпёнак… Зрэшты, і даяркі гаспадаркі не заўсёды добрасумленна адносяцца да сваіх абавязкаў – падчас аднаго з наступных візітаў спецыялістаў райсельгасхарча на дойку зафіксавана, што практычна некранутай засталася гарачая вада, прызначаная для мыцця абсталявання, якое тым часам працавала ва ўсю.

Гэта не адзінкавыя прыклады адсутнасці належнага кантролю за працай жывёлаводаў з боку спецыялістаў і кіраўніцтва гаспадаркі, невыканання тэхнічнага рэгламенту. Летне­-пашавы сезон утрымання жывёлы ў разгары, гаспадаркі раёна плюсуюць да ўзроўню мінулага года ў вытворчасці малака. Вось толькі якасць прадукцыі пакідае жадаць лепшага. У тым жа “Арэхаўне”, дзе надоі далёкія ад рэкордных, за студзень­-май бягучага года ўсяго 15 працэнтаў малака здадзена сортам “экстра”, затое 24 – першым гатункам. Ёсць праблемы з якасцю і ў іншых гаспадарках.

– Горш за ўсё сітуацыя ў КУСГП “Глыбачаны”, – прыводзіць чарговыя прыклады неабгрунтаваных страт галоўны спецыяліст райсельгасхарча Людміла Міхайлаўна Міхаль. –  Няма належнага кантролю з боку кіраўніка сельгаспрадпрыемства, плюс гаспадарка засталася зусім без спецыялістаў зааветэрынарнай службы і пытанне якасці малака аказалася пушчаным на самацёк.

Як вынік, амаль палова прадукцыі комплексу ў Глыбачцы за 5 месяцаў бягучага года здадзена першым – самым ніжэйшым гатункам. Нязначны ў гаспадарцы і паказчык “экстры” – 11 працэнтаў. Акрамя таго, у маі Лепельскі малочнакансервавы камбінат наогул тры разы вяртаў прадукцыю назад па прычыне высокай кіслотнасці. Трэба дадаць, што такі паказчык назіраецца ў тым ліку і з­за вялікай працягласці дойкі. Да 40 мінут доўжыцца і транспарціроўка малака да халадзільніка, што пры высокіх тэмпературах таксама негатыўна адбіваецца на якасці. Адвозіць жа малако з паловы дойкі ў “Глыбачанах” не жадаюць. Канечне, такая арганізацыя працы нясе дадатковыя расходы, але яны несуразмерныя з тымі сродкамі, што гаспадарка недаатрымлівае – за пяць месяцаў бягучага года з­за нізкай гатунковасці малака сельгаспрадпрыемства страціла 439 мільёнаў рублёў, амаль дзве сярэднямесячныя зарплаты!

Больш паловы мільярда рублёў за той жа перыяд і па гэтай жа прычыне згубілі ў ААТ “Ільюшынскі”. Але, па словах Л.М.Міхаль, у гаспадарцы ўзяліся за справу і пакрыху выпраўляюць сітуацыю. Калі ў студзені­сакавіку атрыманне “экстры” для ільюшынскіх аператараў машыннага даення было вялікім святам (12 працэнтаў), то ў красавіку і маі прададзена адпаведна 73 і 62 працэнты малака найвышэйшым гатункам, а яго доля ва ўдоі за 5 месяцаў вырасла да 35 працэнтаў. Заслуга гэта, канечне, калектыўная, але ж нельга не адзначыць і той факт, што рэзкае павышэнне гатунковасці прадукцыі пачалося акурат з моманту прыходу на пасаду лабаранта Ірыны Васільеўны Баяронак.

Пры практычна аднолькавых і неблагіх умовах працы вынікі ў гаспадарак розныя. Сістэмная работа над паляпшэннем якасці малака вядзецца ў ААТ “Дземенец” (84 працэнты “экстры”), стараюцца і вялікадолецкія жывёлаводы (64 працэнты). Дзе наладжаны належны кантроль за вытворчасцю, там ёсць і паказчыкі, за якія не сорамна, не прыходзіцца аддаваць малако за бясцэнак, наракаючы на прыдзіркі з боку малочнакансервавага камбіната. “Лыжкай дзёгцю” ў якасці прадукцыі па­ранейшаму застаецца банальная абыякавасць да сваіх абавязкаў як з боку простых работнікаў, так і спецыялістаў, кіраўнікоў гаспадарак.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *