Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі працягваюць праводзіць на тэрыторыі Ушаччыны спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне аварый з удзелам пешаходаў. У гэтай сувязі мы пацікавіліся ў нашых чытачоў, актыўных наведвальнікаў афіцыйнай групы “Патрыёта” ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”, што ім – вадзіцелям і пешаходам – не падабаецца ў паводзінах сваіх “апанентаў”. І хоць удзел у апытанні прынялі самыя розныя рэспандэнты, іх адказы аказаліся ў многім падобнымі. А значыць, варта прыслухацца!
Аляксей, вадзіцельскі стаж 4 гады:
– Больш за ўсё раздражняе, калі пешаходы размаўляюць па мабільным тэлефоне і не глядзяць па баках. А ў Правілах дарожнага руху сказана, што пешаход павінен пераканацца ў бяспецы і толькі пасля гэтага пераходзіць дарогу. Магчыма, зараз скажу грубавата – але праўду. Часам здаецца, што пешаходы не разумеюць, што ў вайне з металам чалавечыя косткі ўсё ж прайграюць…
Анатоль, вадзіцельскі стаж 7 гадоў:
– Вельмі не люблю, калі пешаходы рэзка пачынаюць рухацца. А на дарозе – паток машын. Добра калі можна затармазіць – інакш хоць на бардзюр вылятай.
Яшчэ непрыемна, калі пешаходы марудна пераходзяць дарогу (гэта не адносіцца да пажылых людзей). Асабіста я, калі станаўлюся пешаходам, хуценька перабягаю пераход: паважаю свой і чужы час.
Сяргей, вадзіцельскі стаж 13 гадоў:
– Не падабаецца, калі пешаходы топчуцца ля перахода, размаўляюць… У выніку цяжка зразумець, ці збіраюцца яны пераходзіць дарогу. За мяжой, наколькі я ведаю, участкі ля “зебры” афарбаваны ў спецыяльны колер – калі ты ступіў на яго, значыць абавязаны пераходзіць дарогу. Інакш – штраф.
Ірына, пешаход:
– Падабаецца, калі вадзіцелі самі даюць мне знак пераходзіць дарогу. Бо ў Сарочыне, дзе я жыву, “зебру” часта ігнаруюць як вадзіцелі, так і пешаходы.
Яўген, пешаход:
– Заўважыў такую заканамернасць: дзяцей на пешаходных пераходах прапускаюць радзей, чым дарослых. І яшчэ адно назіранне: у апошнія гады, што ні кажы, вадзіцелі сталі больш паважліва адносіцца да пешаходаў, хаця асабіста мяне на пераходзе прапускаюць праз раз.
Вольга, пешаход:
– Неаднойчы назірала ва Ушачах такую карціну: раніцай, у самы пік руху, калі ўсе спяшаюцца на работу і ў школу, вадзіцелі на пешаходным пераходзе не прапускаюць групкі дзяцей – едуць, як ехалі. Асабіста ж я з тых пешаходаў, якія не спяшаюцца. Мне лягчэй спыніцца, чым вадзіцелю, таму чакаю, калі праедзе, ці пераходжу, калі аўтамабіль яшчэ далёка.
* * *
Праблема ўзаемаадносін паміж вадзіцелямі і пешаходамі існуе даўно. Кропка ж у гэтай спрэчцы пастаўлена Правіламі дарожнага руху. У іх дакладна вызначана: пешаход мае перавагу пры перасячэнні праезнай часткі дарогі па нерэгулюемым пешаходным пераходзе, а таксама па рэгулюемым, калі гэта дазваляе сігнал светлафора або рэгуліроўшчыка.
Спынімся на першым варыянце. Вадзіцель пры пад’ездзе да нерэгулюемага пешаходнага перахода павінен знізіць хуткасць, а калі пешаход ступіў на “зебру”, спыніць транспартны сродак.
Пешаходу таксама варта быць максімальна сабраным і пераходзіць праезную частку, аб’ектыўна ацаніўшы дарожную сітуацыю: чалавек за рулём можа быць няўважлівым або на некаторы час адчуць сябе дрэнна.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.