Какой будет зарплата? Особенности начисления «минималки», почасовой заработной платы

Калейдоскоп Правовая консультация

Што такое мінімальная заработная плата? Яна гарантавана кожнаму работніку ці ў наймальніка ёсць падставы не выплачваць поўны яе памер? Гэтыя пытанні час ад часу паўстаюць у некаторых арганізацыях. Таму сёння, каб расставіць усе кропкі над і, мы звярнуліся да намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вікторыі Станіславаўны ГУГІНАЙ.

– Мінімальная заработная плата (месячная і пагадзінная) – гэта дзяржаўны мінімальны сацыяльны стандарт у галіне аплаты працы за работу ў нармальных умовах пры выкананні ўстаноўленай (месячнай або пагадзіннай) нормы працы. Памер яе вызначаны заканадаўствам і з’яўляецца абавязковым для наймальнікаў у якасці ніжэйшай мяжы аплаты працы работнікаў.

З 1 студзеня бягучага года месячная “мінімалка” ўстаноўлена ў памеры 2 мільёнаў 300 тысяч рублёў, а пагадзінная – 13 тысяч 543. Адразу адзначу, што ў калектыўным дагаворы арганізацыі можа быць прадугледжана іншая сума, аднак не ніжэйшая за названую.

– Калі заработная плата за месяц аказваецца меншай за “мінімалку”, наймальнік абавязаны даплаціць розніцу?

– Неабавязкова. Даплата да мінімальнай заработнай платы (далей – МЗП) налічваецца выключна тым работнікам, якія працуюць па працоўных дагаворах (кантрактах). І толькі пры ўмове, што тыя за адзначаны месяц выканалі ў поўным аб’ёме ўстаноўленыя нормы працы, не дапусцілі браку, не парушалі працоўную дысцыпліну.

Трэба таксама мець на ўвазе, што памер МЗП для кожнага канкрэтнага работніка можа быць розным – як меншым, так і большым за ўстаноўленыя зараз 2300000. Усё залежыць ад колькасці адпрацаванага чалавекам часу – перыяду яго знаходжання на рабочым месцы і выканання працоўных абавязкаў (у тым ліку звышурочных, а таксама ў дзяржаўныя святы, выхадныя і святочныя дні). Сюды не ўключаецца час непрацаздольнасці, знаходжання ў працоўным ці сацыяльным адпачынках, выканання дзяржаўных і грамадскіх абавязкаў.

Прывяду прыклад. Работніку аплата працы ажыццяўляецца на аснове месячных тарыфных акладаў. У студзені 2016 года, калі памер месячнай МЗП складаў 2 мільёны 300 тысяч рублёў, ён адпрацаваў 16 з 19 рабочых дзён, а 3 быў часова непрацаздольны. З улікам гэтага сума мінімальнай заработнай платы работніка слала 1 мільён 936 тысяч 842 рублі (2300000/19 дзён*16 дзён).

– На працягу месяца работнік шчыра выконваў свае прафесійныя абавязкі, на “бальнічным” і ў водпуску не быў, а ў яго разліковым лістку ўсё роўна значыцца лічба, меншая за “мінімалку”…

– Хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра суму, якую чалавек атрымлівае “на рукі”. А яна, сапраўды, будзе меншай за налічаную, паколькі вылічаны падаткі, якімі абкладаецца любая заработная плата, у тым ліку і мінімальная.

– З месячнай “мінімалкай” зразумела. А ў чым асаблівасці пагадзіннай?

– Яна прымяняецца пры аплаце працы на аснове пагадзінных тарыфных ставак (акладаў). А яе налічэнне ажыццяўляецца па тым жа сцэнарыі, што і месячная МЗП: у залежнасці ад колькасці адпрацаванага часу. Каб было больш зразумела, зноў прывяду прыклад. Работніку ўстаноўлены пяцідзённы працоўны тыдзень, аплата працы ажыццяўляецца на падставе пагадзінных тарыфных акладаў. У студзені 2016­га, калі памер пагадзіннай МЗП складаў 13 тысяч 543 рублі, чалавек адпрацаваў увесь час па графіку – 151 гадзіну. Такім чынам памер пагадзіннай “мінімалкі” гэтага работніка за студзень склаў 2 мільёны 44 тысячы 993 рублі (13543 рублі*151 гадзіну).

Калі ва ўшачан узніклі пытанні па нюансах налічэння мінімальнай заработнай платы, задаць іх можна па нумары 2­96­07 упраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама.

– Дзякуй за тлумачэнні.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *