Ушачские мелиораторы трудятся на реконструкции мелиоративной системы «Сорочино»

К профессиональному празднику

На полі за Сарочынам не першы тыдзень кіпіць работа, тут старанна шчыруюць ушацкія меліяратары, каб хутчэй увесці ў севазварот землі КУСГП “Арэхаўна”. Сёння рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы “Сарочына” – адзін з самых вялікіх аб’ектаў прадпрыемства.

У восем гадзін раніцы меліяратары ўжо на сваім аб’екце, а пакідаюць яго не раней шасці вечара. Каб своечасова выканаць работы, як мінімум трэба працаваць па 9 гадзін: здаць аб’ект плануюць сёлетнім летам. Дзякуючы працы меліяратараў пасяўныя плошчы КУСГП “Арэхаўна” атрымаюць 170 гектараў вялікаконтурнай урадлівай зямлі. Вучонымі даказана, што меліярацыя не толькі стварае неабходныя ўмовы для вядзення земляробства, а і прадукцыйнасць сельгасугоддзяў пасля рэканструкцыі павялічваецца практычна ўдвая! Уявіце сабе тэрыторыю ў 170 гектараў. На такой плошчы з лёгкасцю развернецца любая тэхніка, не трэба губляць час на яе перагоны. Для КУСГП “Арэхаўна”, дзе шмат дробнаконтурных палёў, увядзенне ў севазварот такой плошчы, безумоўна, значная падтрымка. Хоць аб’ект яшчэ не завершаны, аднак асобныя ўчасткі ўжо засеяны. І атрымліваюць аграрыі абноўленыя землі абсалютна бясплатна.

Да пачатку работ на гэтых ворыўных землях з­за непрацуючай дрэнажнай сістэмы былі шматлікія вымачкі, а то і балотцы, на каналах свае плаціны пабудавалі бабры, а частку плошчаў займала кустоўе. Зараз яно выкарчавана, пачышчаны меліярацыйныя каналы, пракладзена новая дрэнажная сістэма.

Адказны аб’ект, вядома ж, давяраюць адказным працаўнікам. Больш дзясятка гадоў у меліярацыі працуюць замершчык Сяргей Васільевіч Сарокін, мантажнік вонкавых трубаправодаў Уладзімір Васільевіч Семкуліч. Не менш старання праяўляе і машыніст экскаватара Аляксандр Аляксеевіч Кірышчанка.

На гэтым тыдні на аб’екце выйшаў са строю экскаватар АТЦ­202 і работа замарудзілася. Машыніст экскаватара Арцём Грабоўскі, памочнік машыніста Пётр Дук і ўчастковы механік Ягор Полазаў імкнуліся хутчэй аднавіць яго работу.

– Хлопец толькі два месяцы таму прыступіў да работы: пасля заканчэння Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі па размеркаванні вярнуўся працаваць на родную Ушаччыну. Наогул на гэтым аб’екце ў нас як маладзейшыя працаўнікі, так і ветэраны прадпрыемства. Гэта я пра Васіля Васільевіча Лёлю, – гаворыць галоўны інжынер Мікалай Леанідавіч Фядосенка.

В.В.Лёлю , які адпрацаваў у меліярацыі 40 гадоў, летась праводзілі на заслужаны адпачынак. Нягледзячы на перанесеную не так даўно аперацыю гэтым летам ён адгукнуўся на просьбу дапамагчы роднаму прадпрыемству.

– Вырашыў перарваць адпачынак і папрацаваць яшчэ крыху на карысць сваёй арганізацыі, дапамагчы якой лічу доўгам, – вылазячы з­за штурвала свайго “жалезнага каня”, зазначае Васіль Васільевіч, які адзін з нямногіх працаўнікоў прадпрыемства мае званне “Ганаровы меліяратар”.

Іх прафесійнае свята прыпадае на самую гарачую пару ў рабоце, бо лета – самы спрыяльны час для выканання меліярацыйных аб’ёмаў. Хоць і зараз іх працу не назавеш лёгкай, меліяратары поўны дзень у любое надвор’е працуюць пад адкрытым небам, каб надаць зямлі другое нараджэнне.

В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *