В школах Ушаччины прозвенел последний звонок

Общество

Здавалася б, усё, як заўсёды: пяшчотнае сонейка, шчырыя ўсмешкі, прыгожыя кветкі – карацей кажучы, святочны настрой. Толькі хваляванне нейкае асаблівае: крыху сумнае, крыху трапяткое, але такое сапраўднае! Яго адчувалі ўсе прысутныя на свяце апошняга званка, якое адбылося ў панядзелак, 30 мая, у школах Ушаччыны. Яшчэ адзін навучальны год завяршыўся для 1276 хлопчыкаў і дзяўчынак нашага раёна. 89 адзінаццацікласнікаў сёлета развітаюцца з любімымі настаўнікамі і шчаслівымі школьнымі гадамі. Апошні званок прагучаў і для 126 вучняў дзявятых класаў.Незабыўная ўрачыстасць прайшла ў гэты дзень ва Ушацкай школе. Пад гукі фанфараў і апладысменты прысутных на ўнутраным дворыку роднай альма­матэр, вучні двух адзінаццатых класаў разам са сваімі класнымі кіраўнікамі Наталляй Леанідаўнай Корань і Людмілай Сяргееўнай Абадковай занялі самае пачэснае месца.

Да выпускнікоў, настаўнікаў і бацькоў з прывітальным словам звярнуўся дырэктар навучальнай установы Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі. За высокія дасягненні ў вучобе, актыўны ўдзел у школьным жыцці, прыкладныя паводзіны, удзел у алімпіядах, навукова­практычных канферэнцыях, спартыўных спаборніцтвах лепшым вучням школы былі ўручаны граматы, дыпломы, а іх мамам і татам – Лісты падзякі.

“Ужо ў які раз выходзіць гэтая дзяўчына ў эфектнай ружовай сукенцы за ўзнагародай? А то я з ліку збілася”, – з усмешкай казалі ў натоўпе бацькі школьнікаў, маючы на ўвазе сёлетнюю выпускніцу Г.Герцык. І сапраўды, у гэты дзень Ганна была адзначана практычна за ўсе пералічаныя вышэй “крытэрыі паспяховасці”, што, прынамсі, – цалкам абгрунтавана: старшыня Маладзёжнай палаты раёна, якой яна з’яўляецца, не мае права на паслабленні і ва ўсім павінна быць прыкладам для аднагодкаў.

Асаблівым гэты дзень стаў для Алесі і Івана Хамёнкаў з гарпасёлка: ад кіраўніцтва школы ім давялося атрымліваць словы ўдзячнасці за годнае выхаванне малодшай дачкі Юлі, а для старэйшага сына Артура званок, што прагучаў на лінейцы, стаў апошнім.

Ад імя раённай улады і сябе асабіста шчыра павіншаваў прысутных з заканчэннем навучальнага года намеснік старшыні райвыканкама Леанід Аляксандравіч Лісоўскі. Цёплымі віншавальнымі словамі вітала прысутных былы дырэктар школы, зараз – метадыст вучэбна­метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Канстанцінаўна Турло. Аб неабходнасці захавання правілаў бяспекі і заканадаўства падчас летніх канікул школьнікам нагадаў старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Канстанцін Васільевіч Аўсіевіч (дарэчы, спадзяванне ўбачыць дзяцей у верасні здаровымі, бадзёрымі, поўнымі сіл выказалі падчас урачыстых лінеек ва ўсіх школах раёна не толькі праваахоўнікі, але і супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях).

Не абышлося ў гэты дзень без пажаданняў настаўнікаў і бацькоў, словаў удзячнасці ад саміх выпускнікоў і вальсу ў іх выкананні, а таксама пранікнёных вершаваных віншаванняў ад першакласнікаў.

У дзень развітання са школай вучні 11 класаў выпусцілі ў майскае неба паветраныя шары з прымацаванымі да іх сімвалічнымі папяровымі галубамі, а па заканчэнні ўрачыстасці па добрай традыцыі разам з першакласнікамі ўсклалі кветкі да пліт і помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка.

Не менш насычана і цікава праходзіла свята апошняга званка ў сельскіх навучальных установах Ушаччыны. Так, у Глыбачанскую школу завітала, бадай, самая прадстаўнічая дэлегацыя – старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч, старшыня Глыбачанскага сельвыканкама Людміла Валянцінаўна Вялюга, начальнік РАНС Сяргей Яўгенавіч Аваднёў, дырэктар КУСГП “Глыбачаны” Сяргей Іванавіч Кірпічонак, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня. Іх цёплыя віншаванні, слушныя жыццёвыя парады, думаецца, надоўга запомняцца вучням і настаўнікам. Гэтак жа, як і ўскладанне гірлянды да помніка загінуўшым навучэнцам школы ў гады Вялікай Айчыннай – правядзенне такога выхаваўчага мерапрыемства, па словах дырэктара навучальнай установы Віктара Пятровіча Котава, у Глыбачцы плануюць зрабіць добрай традыцыяй.

Радасны момант чакаў 30 мая першакласнікаў усіх сельскіх школ. Падчас лінеек у рамках рэспубліканскай акцыі “Падары дзіцяці футбольны мяч”, якую не першы год праводзіць Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футболу” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, ААТ “Белаграпрамбанк”, усе яны атрымалі каштоўныя падарункі – футбольныя мячы.

56 вучняў Вяркудскай школы закончылі сёлета чарговы год, васьмёра з іх пасля здачы іспытаў атрымаюць пасведчанні аб заканчэнні базавай школы, а шасцёра прымуць удзел у раённым балі выпускнікоў. Прычым, развітальны вальс ім развучваць не трэба: прыгожыя пары кружыліся на ўрачыстай лінейцы. Слёзы змахвалі гэтай раніцай не толькі бацькі, а і класны кіраўнік адзінаццацікласнікаў Анастасія Мікалаеўна Каліцкая. Гэты першы свой выпуск яна таксама запомніць на ўсё жыццё. Невялікая розніца ва ўзросце паміж вучнямі і настаўніцай, таму і агульную мову яны знайшлі адразу. Як знаходзіць узаемаразуменне з кожным навучэнцам айцец Аляксандр – вельмі часты наведвальнік установы, якая дзякуючы Ганне Канстанцінаўне Пашковай стала базавай па духойным выхаванні вучняў. І на ўрачыстай лінейцы бацюшка, як і ўсе выступаючыя, падбіраў самыя патрэбныя словы: ставіцца да людзей так, як і ты б хацеў, каб яны адносіліся да цябе, не баяцца турбот, быць упартым у дасягненні мэт, не забывацца на сваіх настаўнікаў і бацькоў.

А вось вучні Кубліцкай школы акрамя педагогаў будуць памятаць і свайго шэфа, які знаходзіць магчымасць падчас урачыстасцяў прыйсці да навучэнцаў не з пустымі рукамі. На гэты раз Пётр Іосіфавіч Герасіменка падарыў ім палатку – такую патрэбную на лета рэч.

Па­сямейнаму цёпла і шчыра праходзіла свята апошняга званка ва ўсіх школах раёна. Усе шчыра радаваліся ўзнагародам аднакласнікаў і сяброў, жадалі выпускнікам шырокай жыццёвай дарогі і ні пуху ні пер’я на ўсіх іспытах дарослага жыцця.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *