Райком профсоюза работников АПК подвёл итоги посевной кампании и наградил лучших механизаторов Ушачского района

Сельское хозяйство

“Калі гэтых хлопцаў умоўна аб’яднаць у адно звяно, наладзіць падвоз насення, угнаення, арганізаваць рамонт, то яны, без сумнення, аператыўна правялі б пасяўную ў асобна ўзятай невялікай гаспадарцы!” – не без падстаў выказваў меркаванне старшыня райкама прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Мікалаевіч Круглік, калі на мінулым тыдні мы накіраваліся ўзнагароджваць лепшых механізатараў раёна, занятых на яравой сяўбе. На той момант яшчэ не ўсе гаспадаркі яе завяршылі, але вынікі можна было падводзіць, бо на асобных відах работ адрыў перадавікоў ад калег быў значны.

Пераможцы ў чатырох намінацыях прадстаўляюць дзве буйнейшыя і суседнія гаспадаркі раёна. У КУСГП “Вялікадолецкае” абодва перадавікі сяўбы працавалі побач – Аляксандр Гоман падсяваў травы, а Сяргей Філімонаў іх закрываў. Гэта справы будзённыя, а вызначыліся ж мужчыны зусім на іншых відах работ. С.Філімонаў падзяку і грашовую прэмію ад райкама прафсаюза аграрыяў атрымаў за лепшы паказчык сярод сейбітаў – 878 гектараў. А.Гоман, апрацаваўшы 1455 гектараў, узначаліў раённыя зводкі сярод механізатараў, занятых на ўнясенні мінеральных ўгнаенняў. яшчэ два пераможцы раённых спаборніцтваў Міхаіл Рэут і Мікалай Пасах працуюць у ААТ “Ільюшынскі”. Іх можна смела назваць людзьмі “ад зямлі”, апрацоўваючы якую яны і дасягнулі максімальных вынікаў. М.Пасах даказаў, што яго яшчэ рана спісваць з рахунку нягледзячы на пенсійны узрост: і свой, і трактара МТЗ­1221, на якім вопытны механізатар узараў 371 гектар. А М.Рэўт дыскатарам АД­600 на МТЗ­-3022 падрыхтаваў пад сяўбу 1265 гектараў глебы – ніхто з астатніх механізатараў раёна не дабраўся і да тысячы! 

У многім такім вынікам прагаданых механізатараў спрыяла і тое, што іх не адлучалі на іншыя віды работ. Толькі С.Філімонаву давялося акрамя пасяўнога агрэгата АПП­6 чапляць за свой энерганасычаны трактар і плугі, дыскатар. Паказчык, блізкі да Сяргея Аркадзьевіча, паказаў і малады ільюшынскі сейбіт Уладзімір Урбан, прычым зрабіў гэта не з шасціметровым пасяўным агрэгатам, а з сеялкай СЗ­4,2, якая амаль на трэць вузей. А вось яшчэ адзін механізатар “Ільюшынскага” Аляксандр Майсеенка за веснавую кампанію паспеў пабываць сярод лідараў як на ўзворванні глебы, так і на ўнясенні мінеральных угнаенняў!

У адрозненні ад вялікадолецкіх механізатараў, іх калег з “Ільюшынскага” У.М.Круглік узнагароджваў не ў полі, а на мехдвары, дзе яны рыхтавалі тэхніку да новых сезонных работ. Падчас іх героі сяўбы будуць задзейнічаны на розных участках. У.Урбан, напрыклад, за штурвалам камбайна ў літаральным сэнсе слова будзе пажынаць плады сваёй дзейнасці на пасяўной. У.М.Круглік шчыра падзякаваў усім працаўнікам за плённую працу і пажадаў новых дасягненняў на карысць сабе і родных гаспадарак.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *