Житель Ушачского района Фёдор Алексеевич Клопов отметил 100-летний юбилей

Общество

– Аляксеевіч! Як я рада, што ты яшчэ ў страі, такі бадзёры і здаровы! – не хаваючы задавальнення, прамовіла старшыня Кубліцкага сельскага Савета дэпутатаў Ірына Віктараўна Ластаўка, а ёй насустрач няспешна, але ўпэўнена, крочыў пажылы чалавек, які таксама не хаваў радасных эмоцый ад сустрэчы.

24 мая Фёдар Аляксеевіч Клопаў увесь дзень адно за адным прымаў віншаванні. Нагода для гэтага была самая што ні на ёсць урачыстая – 100­гадовы юбілей!

У віншаваннях родным і знаёмым мы часта жадаем дажыць да ста гадоў, не ведаючы нягод і цяжкасцей. Герою нашага аповеду ўдалося перайсці векавы рубеж, але ж за стагоддзе, канечне, многае прыйшлося перажыць.Нарадзіўся Фёдар Аляксеевіч у вёсцы Клапы, якая зараз уваходзіць у склад Судзілавіч. Самым страшным успамінам з’яўляецца вайна. Калі яна пачалася, яму толькі споўнілася 25 гадоў. Павестка маладому чалавеку прыйшла на наступны дзень пасля пачатку вайны – 23 чэрвеня 1941 года. У момант былі перакрэслены планы пра шчаслівае сямейнае жыццё – Фёдар толькі ажаніўся, а праз пару месяцаў павінна было нарадзіцца першае дзіця. Пешшу дабраўся да зборнага пункта ў Полацку і трапіў служыць у роту абслугоўвання, у задачы якой уваходзіла забеспячэнне чырвонаармейцаў абмундзіраваннем, харчаваннем, боепрыпасамі.

– За гады вайны мне давялося быць не толькі на роднай беларускай зямлі, а і прайсці праз Украіну, Польшчу, дайсці да Берліна, адкуль і быў дэмабілізаваны ў 1945­м, – расказвае Фёдар Аляксеевіч.

Пра вайну ветэран прыгадвае з прыкметным сумам у вачах, яму прыходзілася пастаянна быць у месцы баявых дзеянняў, дзе побач рваліся снарады. Аднойчы пры выкананні задання быў кантужаны і ў яго ваенным білеце з’явіўся запіс “не годны да страявой”. Служыў сяржант Клопаў бездакорна, выконваючы ўсе даручаныя заданні. Па 17­18 гадзін у суткі з невялікай групай байцоў пераносілі на плячах па 50­60 тон розных грузаў ці за 28 хвілін разгружалі цэлы вагон боепрыпасаў!

Ф.Клопаву пашчасціла выжыць. Многія таварышы загінулі, як і не вярнуліся з вайны ўсе тры браты яго жонкі.

Парадны пінжак Фёдара Аляксеевіча блішчыць ад медалёў, большасць з іх юбілейныя, самыя значныя і ганаровыя ўзнагароды – медаль “За баявыя заслугі”і “За ўзяцце Берліна”, а таксама ордэн Вялікай Айчыннай вайны.

– Пасля вайны бацька некалькі гадоў працаваў старшынёй калгаса з прыгожай назвай “Майская раніца”, зараз гэта землі КУСГП “Кублічы”, – дапамагае аднавіць падзеі ў памяці дачка Людміла Фёдараўна. – Крыху пазней старшынёй мясцовага сельсавета. Потым яго прафесійны шлях прадоўжыўся ў машынна­трактарнай станцыі з цэнтрам у Вялікіх Дольцах, дзе ён быў брыгадзірам трактарнай брыгады. Рамантавалі і рыхтавалі да выхаду ў поле тэхніку. Бацька прыгадвае, што ў зону іх абслугоўвання ўваходзіла сем гаспадарак – на той час практычна ва ўсіх буйных населеных пунктах былі калгасы.

На мабільны тэлефон дачкі Людмілы Фёдараўны, у якой ветэран зараз і жыве ў аграгарадку Ільюшына, адзін за адным паступаюць званкі – павіншаваць бацьку, дзядулю і прадзеда спяшалася ў гэты майскі дзень уся іх дружная сям’я. Фёдар Аляксеевіч разам з жонкай Ганнай Васільеўнай вырасцілі дзесяцярых дзяцей. 30 гадоў таму мужчына застаўся без сваёй другой палавінкі, лёс забраў і чацвярых дзяцей. Але ж радуюць Ф.Клопава 17 унукаў і 18 праўнукаў. Некаторыя з іх пражываюць за межамі нашай краіны – у Расіі і Казахстане, але да юбілею прыслалі віншавальныя паштоўкі і тэлеграмы.

Павіншаваць з векавым юбілеем Ф.Клопава паспяшалася з раніцы і старшыня Ільюшынскай ветэранскай пярвічкі Т.В.Аўтух. Добрыя пажаданні прагучалі ад старшыні Ушацкага раённага савета ветэранаў Ф.Р.Пацэйкі. Ведаў і чакаў Фёдар Аляксеевіч, што прыедуць наведаць яго ў гэты дзень і прадстаўнікі Кубліцкага сельсавета. І.В.Ластаўка пажадала доўгажыхару пражыць яшчэ як мінімум два дзясяткі гадоў, каб здароўе не падводзіла, а родныя заўсёды былі побач. Ірына Віктараўна зазначыла, што многім варта браць прыклад з гэтага чалавека, які ў такія гады не губляе аптымізму, ды і выглядае молада. Не забыліся пра Ф.Клопава і прадстаўнікі КУСГП “Кублічы”, якія таксама прывезлі яму падарунак да свята. Добрыя словы падрыхтавалі для ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і вучні Кубліцкай школы.

Практычна ўсе, хто наведваў Фёдара Аляксеевіча ў гэты святочны дзень, пыталіся, у чым жа сакрэт яго даўгалецця, тым больш што на жыццёвы шлях выпала шмат выпрабаванняў. Мужчына ўпэўнены, што для таго, каб жыць доўга, трэба весці здаровы лад жыцця. Ён ніколі не курыў, нават у цяжкія ваенныя гады, калі салдатам давалі цыгарэты, свае ён заўсёды аддаваў таварышам. Не злоўжываў і алкаголем, і зараз дазваляе сабе хіба што 50 грамаў бальзаму і не лічыць гэта шкодным, бо настоены на 17 травах, ён карысны для здароўя. У ежы аддае перавагу натуральным прадуктам, напрыклад, не лічыць карысным ужыванне купленай каўбасы і падобных паўфабрыкатаў. Вельмі любіць квашаную капусту. А яшчэ – не сядзіць на месцы, кожны дзень прагульваецца, хаця б па падворку, лічыць, што рух – гэта жыццё. Нягледзячы на стогадовы ўзрост, не мае вялікіх праблем са здароўем. Хоць і дрэнны зрок, але Фёдар Аляксеевіч яшчэ добра чытае!

У гэтыя выхадныя дзеці, унукі, праўнукі збяруцца разам у доме Фёдара Аляксеевіча ў Судзілавічах, каб яшчэ раз павіншаваць і парадаваць юбіляра.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *