Пытанняў, з якімі звяртаюцца ўшачане да начальніка раённага вузла электрасувязі А.У.Шакуты, звычайна паступае нямнога (дарэчы, гэты факт пацвярджае тое, што праблемы абанентаў вырашаюцца аператыўна, у рабочым парадку). Не стала выключэннем і апошняя “прамая лінія”, якую праводзіў у рэдакцыі Аляксандр Уладзіміравіч, – за гадзіну вызначанага часу да яго звярнуўся толькі адзін грамадзянін. Між тым, пагутарыць з кіраўніком запатрабаванай службы Ушаччыны нам было пра што. Думаецца, гэтая інфармацыя будзе карыснай многім чытачам.
Разумны кантроль,
На бягучым тыдні ва Ушачах падключаны першы абанент абсалютна новай паслугі ад “Белтэлекама” пад назвай “Разумны дом”. Гэта сістэма кіравальных прылад і бесправадных датчыкаў, якая перадае, збірае, захоўвае інфармацыю з дапамогай камп’ютара, планшэта ці мабільнага тэлефона. Гэтая паслуга, на думку А.У.Шакуты, павінна зацікавіць найперш уладальнікаў дач, а таксама юрыдычных асоб, у якіх ва ўласнасці ёсць аддаленыя аб’екты. Карыстальнік пры жаданні можа наладзіць сістэму на выкананне пэўных дзеянняў. Да прыкладу, пры спрацоўванні датчыка руху актывізуецца запіс камеры назірання. Кліенту ўсе апавяшчэнні будуць прыходзіць па SMS і электроннай пошце. Відэакамеры дазволяць абаненту быць у курсе таго, што адбываецца ў памяшканні, у рэжыме анлайн, запісваць відэа ці захоўваць малюнкі для адкладзенага прагляду. “Разумныя” разеткі дазволяць дыстанцыйна рэгуляваць работу ўключаных у сетку бытавых электрапрыбораў.
У рамках паслугі абаненту бясплатна выдаецца і ўстанаўліваецца базавы камплект абсталявання, у які ўваходзяць кантролер і тры датчыкі – задымленасці, руху, адкрыцця дзвярэй (вокнаў). Пры жаданні можна атрымаць і іншыя прылады: відэакамеру, сірэну, “разумную” разетку, датчыкі тэмпературы і вільготнасці, працёку вады. Вядома ж, у такім разе павялічыцца кошт штомесячнай аплаты за паслугу, якая складае 52 тысячы рублёў.
Для таго, каб стаць абанентам паслугі “Разумны дом”, неабходна звярнуцца ва Ушацкі раённы вузел электрасувязі, скласці адпаведны дагавор, атрымаць камплект абсталявання, устанавіць на сваю мабільную прыладу (Android ці iOS) праграмнае забеспячэнне і правесці пэўныя настройкі. Усё гэта вам дапамогуць зрабіць спецыялісты РВЭС.
…новая тэхналогія
“Сёння тысячы беларусаў ужо ацанілі перавагі аптычнай сеткі GPON, самай прагрэсіўнай тэхналогіі доступу ў інтэрнэт, здольнай забяспечыць зайздросную хуткасць абмену інфармацыяй, – расказвае А.У.Шакута. – Для перадачы даных выкарыстоўваецца не медны кабель, а оптавалаконны. Гэта дазваляе перадаваць вялікія патокі інфармацыі і, як следства, дае магчымасць падключыць на адну лінію тэлефон, тэлебачанне (прычым, адразу на некалькіх тэлевізарах у доме), інтэрнэт, сігналізацыю, дамафон”.
Прэтэндаваць на падключэнне да GPON змогуць пакуль жыхары толькі некаторых шматкватэрных дамоў г.п.Ушачы – якіх канкрэтна, мы пазней раскажам на старонках “Патрыёта”. Атрымаць гэтую інфармацыю, а таксама даведацца аб умовах аказання новых паслуг і іх кошце можна і непасрэдна ў спецыялістаў РВЭС.
…і старая праблема
Многіх жыхароў вёскі Касары цікавіць, калі ў іх населеным пункце з’явяцца высокахуткасны інтэрнэт ад byfly і правадное інтэрактыўнае тэлебачанне Zala. Вось і падчас “прамой лініі” гэтае пытанне А.У.Шакуту задаў адзін з абанентаў, якому надакучыла мірыцца з нізкахуткасным інтэрнэтам і адсутнасцю магчымасці перамотваць любімыя тэлеканалы. Аляксандр Уладзіміравіч патлумачыў, што названыя паслугі прыйдуць у Касары напрыканцы 2016 – напачатку 2017 года.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.