Каникулы по плану, или как наполнить отдых детей смыслом и пользой?

Наши дети

Лета – перыяд адпачынку і аздараўлення. Сёлета, як і ў мінулыя гады, на Ушаччыне паклапаціліся, каб школьнікі пасля працяглага навучальнага года мелі магчымасць не толькі цікава правесці час, але і аздаравіцца: адарвацца ад камп’ютара, набрацца станоўчых уражанняў, падсілкавацца вітамінамі.

Гэтым летам аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама арганізуе работу чатырох лагераў з кругласутачным прабываннем школьнікаў. Як нам расказала метадыст вучэбна­-метадычнага кабінета А.М.Жук, ужо напачатку чэрвеня гасцінна адчыніць дзверы перад хлопчыкамі і дзяўчынкамі стацыянарны аздараўленчы лагер “Турасполле”. Ён традыцыйна будзе працаваць у тры змены, кожная працягласцю 18 дзён. Першая змена стартуе 9 чэрвеня, другая – 28 чэрвеня, трэцяя – 17 ліпеня. Штогод у ім паляпшаюцца ўмовы для аздараўлення і актыўнага адпачынку дзяцей. Поўны кошт пуцёўкі ў лагеры складае 3 мільёны 50 тысяч рублёў, бацькоўская даплата – 1 мільён 450 тысяч.

Акрамя гэтага на базе “Турасполля” 26 ліпеня адкрыецца дзевяцідзённы палатачны эколага-­біялагічны лагер. Пуцёўкі ў яго будуць распаўсюджвацца без бацькоўскай даплаты – у першую чаргу для дзяцей, якія знаходзяцца на розных відах уліку, а таксама з мнагадзетных і малазабяспечаных сямей. Эколага-­біялагічны профіль гэтага лагера, як і ў цэлым “Турасполля”, абраны невыпадкова: побач знаходзіцца гідралагічны заказнік возера “Крывое”, а тутэйшыя мясціны характарызуюцца значнай біяразнастайнасцю.

Сёлета парадуе хлопчыкаў і дзяўчынак турыстычны лагер на базе Кубліцкай школы (пачатак работы – 27 чэрвеня), а таксама лагер працы і адпачынку на базе Ільюшынскай (ліпень), дзе дзеці будуць занятыя на зборы ягад для мясцовай гаспадаркі.

На працягу лета ва ўсіх школах Ушаччыны будуць працаваць дзённыя лагеры, а ў Вялікадолецкай, Вяркудскай, Глыбачанскай, Арэхаўскай і Ушацкай дадаткова адкрыюцца лагеры працы і адпачынку. Запро­сяць вучняў таксама вытворчыя брыгады, спартыўныя пляцоўкі, камп’ютарныя класы, гурткі і секцыі родных альма­матэр.

Па тэме набыцця пуцёвак і рашэння іншых пытанняў, звязаных з аздараўленнем дзяцей, можна звяртацца ў аддзел адукацыі, спорту і турызму Ушацкага райвыканкама, кабінет 73 да метадыста Алены Мечыславаўны Жук (рабочы тэлефон 2­74­92).

* * *

Падчас летніх канікул моладзь Ушаччыны зможа не толькі добра адпачыць, але і падзарабіць. Складзены дагавор з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, згодна з якім у васьмі ўстановах адукацыі будзе арганізавана працоўная занятасць 45 вучняў. Акрамя таго, сумесна з раённай арганізацыяй БРСМ плануецца стварэнне студэнцкіх атрадаў у КУСХП “Глыбачаны”, “Арэхаўна”, ААТ “Ільюшынскі”, “Дземенец”, “Ушацкі райаграсэрвіс” і лясгасе.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *