Штогод у маі па ўжо добрай традыцыі прасторная актавая зала Ушацкай школы збірае ў сваіх сценах лепшых вучняў устаноў адукацыі раёна. Сёлета на мерапрыемства з нагоды ўшанавання пераможцаў прадметных алімпіяд, прызёраў абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, спартыўных і творчых спаборніцтваў зноў сабралася многа людзей.
Школьнікаў, іх бацькоў, а таксама педагогаў, якія вялі вучняў да поспеху, шчыра віталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў ад Ушацкай выбарчай акругі №35, генеральны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Аляксандравіч Даніловіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Фёдараўна Сыроўчанка. Звяртаючыся да прысутных, яны падкрэслілі, што ў дзяржаве надаецца значная ўвага падтрымцы адоранай моладзі, раённая ўлада ганарыцца таленавітымі школьнікамі, заахвочвае іх на дасягненне новых вяршынь.
І вось надышоў хвалюючы момант узнагароджання. Пад дружныя апладысменты прысутных на сцэну выйшлі галоўныя героі ўрачыстасці. Дарэчы, прозвішчы многіх з іх неаднаразова былі на старонках “Патрыёта”, бо поспехаў у школьнікаў, сапраўды, нямала.
Гонарам Ушаччыны па праве з’яўляецца вучань 10 класа Ушацкай школы Павел Гардзіёнак. Тры гады запар хлопец станавіўся пераможцам абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове, якой захапляецца з дзяцінства. Сёлета ж ён заваяваў дыплом ІІІ ступені на заключным этапе алімпіяды. Прычым, выступленне Паўла высока ацаналі не толькі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, але і пасол Германіі ў нашай рэспубліцы. Юнак атрымаў спецыяльны прыз інстытута Гётэ – удзел у Міжнароднай прэміяльнай праграме па навучанні нямецкай мове ў Германіі. Раздзяліць жа з хлопцам радасць чарговага дасягнення прыйшлі на ўрачыстасць яго мама Таццяна Іванаўна і, канечне ж, настаўніца нямецкай мовы Людміла Іванаўна Данькова, прозвішча якой другі год запар занесена на раённую Дошку гонару.
Не раз даводзілася ў гэты дзень падымацца на сцэну дзевяцікласніку Ушацкай школы Антону Касічу. У бягучым навучальным годзе хлопец стаў пераможцам абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па хіміі (настаўніца – Ларыса Аркадзьеўна Струй) і прызёрам абласной дыстанцыйнай алімпіяды памяці К.А.Ананчанка (Ларыса Аляксандраўна Корабава).
Такі ж высокі “хімічны” вынік сёлета і ў яго аднакласніка Леаніда Давыдава. Дарэчы, яго мама – дырэктар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Людміла Васільеўна, якая таксама прысутнічала на мерапрыемстве, атрымлівала ў гэты дзень віншаванні не толькі з нагоды поспехаў сына, але і ўласнага юбілею.
У пачэснай намінацыі “Зоркі Алімпу” вызначылася таксама вучаніца 9 класа Вялікадолецкай школы Ларыса Правада. На раённым этапе дзяўчына стала пераможцай адразу па двух прадметах: біялогіі і беларускай мове і літаратуры. Атрымаўшы запрашэнне да ўдзелу ў абласным этапе алімпіяды па іх, Ларыса аддала перавагу біялогіі – і, трэба сказаць, не прагадала, бо стала прызёрам (настаўнік – Віктар Мікалаевіч Шышоў).
Традыцыйна ўшацкія школьнікі правяраюць свае веды па вучэбных прадметах і на дыстанцыйных алімпіядах. Адна з самых складаных і ў той жа час любімых юнакамі і дзяўчатамі – абласная алімпіяда па алгебры памяці прафесара ВДУ імя П.Машэрава К.А.Ананчанкі. Сёлета яе прызёрамі сталі вялікадальчане Павел Казлоўскі і Руслан Крыштопенка (Рыма Леанідаўна Аніскевіч), а таксама вучаніца Ушацкай школы Марыя Стуканава (Ларыса Аляксандраўна Корабава).
У тым, што адна галава – добра, а дзве – яшчэ лепш, упэўнены шасцікласніца Вікторыя Ліленка і васьмікласніца Дыяна Мядзведская з Вяркудскай школы. Сумесная даследчая работа дзяўчат, падрыхтаваная пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Таццяны Уладзіміраўны Ліленка, стала лепшай на раённым і заваявала дыплом ІІІ ступені на абласным конкурсе навуковых эколагабіялагічных работ. Такі ж вынік – і ў вучаніцы 7 класа Вяркудскай школы Дыяны Герцык (Святлана Аляксандраўна Корабава). Прычым, гэта далёка не адзіная яе ўзнагарода: у бягучым навучальным годзе за ўдзел у прадметных алімпіядах, конкурсах, канферэнцыях дзяўчына ўзнагароджана ажно 12 дыпломамі раённага і абласнога ўзроўню.
У веданні роднага краю дасць фору многім вучаніца 11 класа Ушацкай школы Марына Харак – пад кіраўніцтвам Марыны Уладзіміраўны Міхайлавай і Веры Васільеўны Спірчонак яна стала прызёрам заключнага этапу конкурсу юных экскурсаводаў “Мая Радзіма – Беларусь” у рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!”
Як заўсёды, у намінацыі “Хутчэй, вышэй, мацней” не абышлося без прадстаўнікоў Вялікадолецкай школы – у гэты дзень быў узнагароджаны вучань 8 класа Арцём Полазаў (настаўнік – Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі), які стаў пераможцам у асабістым заліку абласных спаборніцтваў па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі “Снежны снайпер”. І ўсё ж самай прадстаўнічай сёлета стала каманда Ушацкай школы, бо там вучацца пераможцы першынства Віцебскай вобласці па дзюдо Дар’я Падгол і Крысціна Зуева (апошняя стала таксама прызёрам першынства вобласці ў праграме Алімпійскіх дзён моладзі), прызёр абласнога турніру па дзюдо памяці У.І.Гракава Максім Малак, прызёр першынства вобласці па кулявой стральбе сярод юніёраў і юніёрак, прызёр адкрытага першынства Віцебшчыны сярод ДЮСШ Аляксандр Пашкевіч, прызёры апошняга Ганна Кандзякова і Таццяна Казлова, прызёр адкрытага чэмпіянату вобласці па стральбе, адкрытага першынства па праграме Алімпійскіх дзён моладзі Данііл Чумакоў. Падрыхтавалі юнакоў і дзяўчат трэнеры Ушацкай ДЮСШ Валерыя Мікалаеўна Джураева і Пётр Юльянавіч Варатынскі.
Ушанаванне школьнікаў у намінацыі “Натхнёныя творчасцю” пачалося з запрашэння на сцэну прызёраў абласнога фестывалю міжкультурных камунікацый: Крысціны Гваздзёвай і Алісы Красновай з Ільюшынскай школы (Ларыса Уладзіміраўна Шарыпа) – у намінацыі “Я – гід” і Паліны Сазонавай з Ушацкай (Вольга Аляксандраўна Мартынюк) – “Фабрыка зорак”.
Выдатна заявіла пра сябе падчас фестывалю танцавальназабаўляльных праграм “Пакаленне2016”, атрымаўшы дыплом ІІ ступені, вучаніца 11 класа Ушацкай школы Ганна Герцык (Святлана Міхайлаўна Ільюшэнка). З’яўляючыся выдатніцай вучобы, сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ, старшынёй раённай Маладзёжнай палаты, дзяўчына паспявае вельмі многае. Вось і сёлета разам з Мікітам Жарнасекам яны сталі прызёрамі абласной акцыі “На добрую памяць” (Алена Уладзіміраўна Жарнасек).
Адной з лепшых на абласной выставеконкурсе “Лёд. Кветкі. Фантазія” ў намінацыі “Фларыстычная цацка” прызнана работа пяцікласніц Ушацкай школы Аліны Аўсіевіч і Яны Чапкевіч. Дарэчы, Аліна “засвяцілася” і яшчэ на адным творчым конкурсе – разам з Дыянай Казакевіч і Дыянай Коцур яны заваявалі дыплом ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскай выставыконкурсу дэкаратыўнапрыкладной творчасці “Калядная зорка”. Дарэчы, прызёрам апошняга стала таксама адзінаццацікласніца гэтай жа альмаматэр Алена Мацкевіч. Падрыхтавала ж усіх гэтых дзяўчат кіраўнік аб’яднання па інтарэсах пры раённым цэнтры дзяцей і моладзі Ганна Аляксандраўна Бабянок.
Напэўна, больш за астатніх хвалявалася самая юная ўдзельніца ўрачыстасці – вучаніца 3 класа Ушацкай школы Альбіна Марачкіна, якая стала прызёрам абласнога аглядуконкурсу дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачыма дзяцей” у намінацыі “Казка”. Падтрымаць яе на сцэну выйшлі мама Кацярына Аркадзьеўна і настаўніца Людміла Аляксандраўна Бабаедава.
Сваімі творчымі здольнасцямі здзівілі членаў журы прызёр рэспубліканскага конкурсу на лепшую публікацыю экалагічнай тэматыкі Міхаіл Сапега з Глыбачанскай школы (Зоя Іванаўна Жогаль), прызёры абласнога экафестывалю “Рэха Чарнобылю” – вучаніцы Ушацкай школы Ульяна Ядрэўская, Крысціна Дубровіна, Яўгенія Раманоўская, Валерыя Мацеша, Марыя Хамічонак, Злата Клачок, Валерыя Міхаль, Аляўціна Конан і Марыя Маркевіч (Марыя Уладзіміраўна Ядрэўская).
Намінанты атрымалі ў гэты дзень Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі, бацькі і педагогі – Лісты падзякі, кветкі. Сваімі ўсмешкамі, маладосцю і задорам падзяліліся з прысутнымі вучні Ушацкай школы: сёлетнія прызёры раённага этапу фестывалю міжкультурных камунікацый у намінацыі “Фабрыка зорак” Паліна Цітова і Дзмітрый Ярмош, пераможца раённага і ўдзельніца абласнога этапу гэтага ж конкурсу Галіна Бурак, мінулагодні прызёр абласнога этапу фестывалю Паліна Сазонава з танцавальнай студыяй “Гарошынкі” і іншыя.
Святочная імпрэза дадала прысутным прыемных уражанняў у эмацыянальную скарбонку апошніх школьных дзён навучальнага года. І ўсё ж, напэўна, больш за іншых атрымалі бацькі – гонар за сваіх дзяцей. Спадзяемся, што гэтыя вучні парадуюць нас сваімі поспехамі і на наступны год, а ў спісе юных ушацкіх “зорачак” з’явяцца новыя імёны.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
У рамках урачыстасці падведзены вынікі раённага конкурсу дзіцячага малюнка да Дня Перамогі, арганізаванага раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь” сумесна з раённым цэнтрам дзяцей і моладзі. Аўтары лепшых работ – а гэта Маргарыта Рыбчынская і Вікторыя Харак з Ушацкай школы, Кірыл Марозаў і Ксенія Урбан з Ільюшынскай, Арцём Спірчонак з ясляўсада №3 г.п.Ушачы – атрымалі памятныя падарункі ад грамадскага аб’яднання.