Конкурс «Лучший по профессии» среди продавцов потребкооперации прошёл в Ушачах

Общество

Кажуць, што ў гандлі не бывае выпадковых людзей. Для гэтай прафесіі таксама трэба мець прызванне. Самых здольных і выяўлялі на  раённым конкурсе “Лепшы па прафесіі” сярод прадаўцоў харчовых і нехарчовых тавараў магазінаў спажывецкай кааперацыі, які прайшоў на мінулым тыдні ва Ушачах. За званне лепшага змагалася шэсць канкурсантак: Таццяна Раманоўская і Таццяна Кандрацкая з магазіна “Родны кут”, прадавец другога паверха ўнівермага Кацярына Коршун, Юлія  Ярмош з “Тэхнасвету”, Аксана Саднікава і Сняжана Грыневіч, якія працуюць у магазінах “Усходні” і “Цэнтральны”.

Не бывае дрэннага надвор’я!

Іх твары ўсім нам знаёмыя – названых прадаўцоў часта сустракаем у магазінах гарпасёлка. Заўсёды ўраўнаважаныя і спакойныя, яны вельмі хваляваліся на працягу ўсяго конкурсу. Першы іспыт не выявіў лідара, тым самым  толькі дабавіў інтрыгі і цікавасці конкурсу – на тэставыя пытанні ўсе шэсць канкурсантак хутка і правільна далі адказы. Падчас “Візітнай карткі” ўдзельніцы імкнуліся найлепшым чынам прадставіць сябе. Цікава, што ўсе прадаўцы абралі для гэтай мэты вершаваную форму, пацвердзіўшы замацаваны за Ушаччынай статус паэтычнай зямлі. Так, у сваім вершы Таццяна Раманоўская распавядала, як адарваўшыся ад салодкіх сноў, спяшаецца раніцай на работу, каб на касах ветліва сустракаць пакупнікоў, а Кацярына Коршун усё ведае пра дзіцячыя цацкі і канцылярскія тавары. Упэўнена сцвярджала Аксана Саднікава, што падбірае патрэбныя словы, каб прадаць літаральна любы тавар. Сняжана Грыневіч у сваёй візітцы зазначыла, што ў гандлі не бывае дрэннага надвор’я, яна абавязкова сустрэне свайго пакупніка ветліва. Калі хтосьці яшчэ не бываў у “Родным куце”, пасля выступлення Таццяны Кандрацкай накіраваўся, пэўна, менавіта ў гэтую гандлёвую кропку – з такім захапленнем прадавец пераканала, што гэта лепшы магазін. Дарэчы, сваё вершаванае выступленне дзяўчына дапоўніла і мультымедыйнай прэзентацыяй, за некалькі хвілін паспела расказаць не толькі пра сваю работу, але і пра  сям’ю. Вельмі эмацыянальна распавядала пра свае захапленні, родную Ушаччыну і ўлюбёная ў прафесію Юлія Ярмош. За гэта і атрымала прыхільнасць залы і “дзясяткі” ад членаў журы. Дарэчы, за Юлію вельмі перажывала яе група падтрымкі, галоўнай жа яе балельшчыцай стала дачушка Ульяна.

Рэклама – рухаючая сіла гандлю

Да “раскручаных” брэндаў так і цягнецца рука ў магазінах, так і хочацца паспрабаваць і ацаніць прадукт, які на слыху. Менавіта разрэкламаваць прадаваемы тавар неабходна было ўдзельніцам конкурсу падчас трэцяга задання. Добра справілася з гэтай задачай Таццяна Раманоўская, падрабязна расказаўшы прысутным пра карысныя складнікі хлеба розных сартоў. Сняжана Грыневіч аб’ектам сваёй рэкламы абрала ўшацкі прадукт – мінеральную ваду “Вечалле”: “Не давярайце раскручаным маркам, а звяртайце ўвагу на састаў вады. У гэтым плане наша мінералка проста ўнікальная – карысная для здароўя ды яшчэ па такой прывабнай цане!” Не менш упэўнена рэкламавала каву Аксана Саднікава. Падаючы  кубачкі з духмяным напіткам членам журы, яна запэўніла іх, што ён станоўча ўплывае на імунную сістэму і здымае санлівасць. Таццяна Кандрацкая зрабіла ўпор на здаровае харчаванне, прапанаваўшы ўсім купляць хлябцы, ну а зробленыя ёй  з гэтага прадукту арыгінальныя бутэрброды сталі выдатным дапаўненнем да яе рэкламы.

Асабіста я, купляючы пластмасавыя цацкі для сваёй маленькай дачкі, заўсёды выбіраю вырабы беларускай вытворчасці – яны трывалыя і доўга служаць. Прадавец другога паверха ўнівермага Кацярына Коршун запэўніла ўсіх прысутных, што цацкі “Палессе” кобрынскага вытворцы не толькі даўгавечныя, а і не ўтрымліваюць дробных дэталяў, іх яркі выгляд зроблены не хімічнымі фарбавальнікамі, а на аснове прыродных. Гэтай марцы давяраюць таты і мамы ў 40 краінах свету!

Пасля ж выступлення Юліі Ярмош многія пачалі збірацца за мультываркай у “Тэхнасвет”. Настолькі яскрава расказала яна пра ўсе плюсы і вартасці гэтага бытавога прыбору.

Ведаюць выйсце з праблемнай сітуацыі

Ці ведаеце вы, што вярнуць або абмяняць купленую тканіну нельга, што па вашым патрабаванні хлебабулачны выраб вагой менш за 0,34 грамы прадавец вам не разрэжа, а вагі ў магазіне павінны быць добра бачны пакупніку? Адказы на гэтыя і іншыя праблемныя пытанні давалі канкурсанткі падчас апошняга задання. Прыемна адзначыць, што прадаўцы Ушацкага райспажыўтаварыства выдатна ведаюць закон, на ўсе праблемныя сітуацыі прагучалі правільныя і ўпэўненыя адказы.

Падводзячы вынікі конкурсу “Лепшы па прафесіі”, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і старшыня журы Т.М.Клімашэўская адзначыла, што ўсе ўдзельніцы дастойны перамогі і прыемна, што ў нашай спажыўкааперацыі працуюць людзі, якія любяць сваю справу, ну а падобныя конкурсы толькі спрыяюць павышэнню іміджу прафесіі. Але конкурс – ёсць конкурс, дзе трэба назваць лепшых. Трэцяе месца атрымала прадавец магазіна “Цэнтральны” Сняжана Грыневіч, другое – прадавец “Роднага кута” Таццяна Кандрацкая. Лепшай па прафесіі стала прадавец магазіна “Тэхнасвет” Юлія Ярмош. Пераможца прадставіць Ушаччыну на абласным конкурсе “Лепшы па прафесіі” сярод прадаўцоў харчовых і нехарчовых тавараў магазінаў спажыўкааперацыі, які пройдзе ў чэрвені ў Лепелі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *