Любімы занятак можа прынесці не толькі асалоду для душы, але і сур’ёзныя праблемы. Упэўніцца ў гэтым давялося нядаўна жыхару Ушацкага раёна Віктару 1963 года нараджэння.
Здаўна захапляючыся паляваннем, маючы ў арсенале нямала ўдалых трафеяў, мужчына, на жаль, не заўсёды ўлічваў законнасць сваіх дзеянняў. Так адбылося і напрыканцы 2015 года. Засумаваўшы па сваім хобі, Віктар папрасіў знаёмага адвезці яго да ляснога масіву ля вёскі Мазуліна. Вядома ж, узяў з сабой стрэльбу, патроны, радыёстанцыю і іншыя неабходныя для палявання рэчы. І, варта сказаць, яны мужчыну спатрэбіліся. Вечарам, каля 21 гадзіны 40 хвілін, у полі зроку Віктара з’явіўся зайздросны “экспанат” – самка высакароднага аленя. І хоць не меў мужчына ліцэнзіі на адстрэл гэтай жывёлы, утрымацца ўсё ж не змог – накіраваў на яе стрэльбу і без ваганняў націснуў на курок.
Вось толькі доўга радавацца ўшачаніну не давялося: непадалёк знаходзіўся паляўніцтвазнаўца, які пачуў стрэлы і накіраваўся да браканьера. Апошні, кінуўшы здабычу, паспрабаваў схавацца і нават пайшоў дамоў пешшу (а гэта каля 30 км). Аднак гэтыя ўлоўкі не выратавалі мужчыну ад пакарання. Яшчэ да суда ён заплаціў суму ўрону, нанесенага прыродзе, – 300 базавых велічынь. Па рашэнні суда яму назначылі суму штрафу – яшчэ 42 мільёны, а таксама грамадска карысныя работы ў колькасці 100 гадзін і пазбаўленне волі тэрмінам на два гады з непрымяненнем гэтай санкцыі, калі на працягу года ён не здзейсніць новага злачынства, будзе выконваць ускладзеныя абавязкі. У гораздабытчыка канфіскавана дарагая зброя. Плюс яшчэ мужчына пазбаўлены права на працягу двух з паловай гадоў браць у рукі паляўнічую стрэльбу.
Трэба сказаць, што, нягледзячы на вялікую суму матэрыяльных страт, беспрацоўнаму браканьеру яшчэ пашчасціла: па адпаведным артыкуле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь можна было сесці ў турму на тэрмін да шасці гадоў. Думаю, узгаданы прыклад прымусіць многіх ушацкіх паляўнічых добра падумаць, перш чым пайсці на незаконныя дзеянні.
А.НАПРЫЕНКА, следчы раённага аддзела Следчага камітэта.