Огород обрабатывают техникой

Личное подсобное хозяйство

 

Пабывала ў вёсцы Цялічына. Знаёмства з некаторымі жыхарамі адной толькі вуліцы пакінула прыемнае ўражанне.

Спачатку зайшла ў акуратны двор ля дагледжанай хаты Галіны Ігнатаўны і Івана Нікіфаравіча Косых. Прыселі на лавачцы.

– Дом будавалі бацькі мужа, – падкрэсліла гаспадыня. – Яны вельмі працавітыя былі. Муж мой таксама майстар на ўсе рукі. Трактарок сам сабраў, культыватар, акучнікі.

Пра сябе Галіна Ігнатаўна гаварыла ў апошнюю чаргу, і то сціпла, хаця, чула, што незвычайна руплівая і яна. Загадчыцай гаспадаркі дзіцячага сада №1 адпрацавала 27 гадоў. На работу дабіралася з Цялічына на веласіпедзе. Штодзень і дома трэба было справіцца, бо трымалі з мужам гаспадарку і тады, калі працавалі, і цяпер трымаюць, знаходзячыся на пенсіі.

– Толькі год, як збылі карову, – расказвае жанчына, – астатняя жыўнасць маецца. Ёсць козы, парсюкі, куры. Прывыклі ж працаваць, мець багаты стол са сваіх прадуктаў. І калі дзеці прыязджаюць, ёсць чым іх сустрэць. Адзін наш сын Іван працуе ў раёне электрасетак, жыве ва Ушачах, другі – у Мінску. Маюць свае сем’і.

Заглушыўшы трактар, а то збіраўся ехаць на агарод суседа, падышоў да нас гаспадар. Іван Нікіфаравіч расказаў па маёй просьбе пра сябе. Працаваў ён у саўгасе, райсельгастэхніцы кавалём. Хоць каторы год ужо на пенсіі, але час ад часу адгукаецца на просьбы людзей аб дапамозе. Так, у мінулым годзе пайшоў насустрач кіраўніцтву сельгаскааператыва “Агра-Селішча”, бо вельмі паважае М.М.Таргонскага, які там працуе намеснікам старшыні.

Косыя расказалі пра некаторых жыхароў Цялічына з ліку самых працавітых. І ў асноўным пра сваіх суседзяў. Так, недалёка жывуць Дзівіны, у гаспадарцы якіх козы, індыкі, куры, качкі, трусы. Фёдар Купчонак трымае карову, каня, гусей, курэй, качак.

Мае суразмоўцы паклікалі ў свой двор самую бліжэйшую суседку:

– Вось Антаніна Міхайлаўна Радзевіч, – прадставілі яе. – Якая ж яна працаўніца. Асноўная яе работа была – у прамкамбінаце, але і дома не запускала. Адна жыве, дачка ў Наваполацку, а карову, парсюка трымае. Бульбу садзіць, ячмень сее. Усё даглядае. Усюды акуратна. Дзень у агародзе капаецца.

– Адкуль такая працавітасць? – пытаюся ў жанчыны, якая падышла з рыдлёўкай у руках, загарэлая, стомленая, але жартаўлівая, упэўненая ў сабе.

– Па кім мне быць, калі не па бацьках, – усміхнулася Антаніна Міхайлаўна. – Яны старанныя былі. У калгасе працавалі, дома клапаціліся, каб усё было ў парадку.

Жанчыны загаварылі пра тое, што ўласнымі рукамі здабытае – гэта асаблівая радасць для вяскоўца.

– А ці робіце закаткі на зіму? – пацікавілася ў сваіх субяседніц.

– Як жа не рабіць, – адказала Галіна Ігнатаўна. – Люблю, каб усяго і зімой было. Кабачкі, многае іншае закатваю ў слоікі. А яшчэ выпечку раблю круглы год.

А Антаніна Міхайлаўна, непрыкметна аддзяліўшыся ад нас (відаць, падышлі ўспаміны пра мінулае) паціху пакрочыла да шумлівых дрэў абапал дарогі.

– Паглядзіце, – ціхенька прашаптала Галіна Ігнатаўна, – гэта ж яна на сваю так званую алею крочыць. Некалі, пасля заканчэння школы, сама пасадзіла дрэвы. Бачыце якія ўжо сталі. Там нават грыбніца ёсць, можна грыбы знайсці… Такім чынам скідвае з сябе стому, аддаецца ўспамінам. У яе ж не толькі бацькоў ужо няма, але і муж памёр. А яшчэ яна ля сваіх дрэў сіл набіраецца, каб далей жыць так, як жыве.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ

 



1 комментарий по теме “Огород обрабатывают техникой

  1. Дурацкая рубрика. А статьи этого автора на данную тему соответствующие — что вижу, то пою…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *