Ваша поддержка — наша надежда. Родители Антона Качинского благодарят ушачан за помощь в сборе средств на лечение мальчика

Общество

Некалькі месяцаў таму наша сям’я звярнулася да ўшачан з просьбай пра дапамогу – нагадаю, што ў нашага маленькага сына Антона было выяўлена анкалагічнае захворванне крыві, лячэнне якога запатрабавала значных сродкаў. Рашыцца зрабіць сваю бяду публічнай было няпроста, але мы пайшлі на гэта, бо разумелі, што адны з ёй не справімся. Вядома ж, спадзяваліся на спагаду і дапамогу землякоў, але тое, наколькі блізка да сэрца ўшачане прынялі нашу сітуацыю, па­-сапраўднаму ўразіла! Не толькі сябры і прыяцелі, але і зусім незнаёмыя людзі тэлефанавалі, прыходзілі да нас дамоў, каб падтрымаць і матэрыяльна, і маральна.

Хочацца выказаць бязмерную ўдзячнасць работнікам ушацкіх прадпрыемстваў і арганізацый, райвыканкама, устаноў адукацыі, супрацоўнікам сілавых структур, прадпрымальнікам гарадскога рынку, прыхаджанам арэхаўскай і ўшацкай царквы, парафіянам касцёла, якія пералічалі сродкі на рахунак для лячэння нашага хлопчыка. Вялікі дзякуй сям’і Струй, якая ў ліку першых прапанавала сваю дапамогу. Адразу адгукнуліся бацькі вучняў 1 “А” класа Ушацкай школы, дзе вучыцца старэйшы брацік Антошы Арцём. Востра ўспрыняў нашу бяду Валерый Сматроў – некалькі гадоў таму нашы землякі зрабілі ўсё магчымае, каб дапамагчы выратаваць яго брата, але лёс не быў літасцівы да юнака… Перажыўшы сямейную трагедыю, Валерый загадаў нам усімі сродкамі змагацца з хваробай і ні ў якім разе не ўпадаць у адчай. Вельмі дапамаглі ў арганізацыі збору ахвяраванняў Святлана Скарабагатая, Наталля Захарэнка, Мая Мікалаеўна Гарановіч. Сапраўдным сябрам нашай сям’і стаў у гэты складаны час Аляксандр Мільчанін, які арганізаваў дастаўку з Германіі неабходнага для лячэння прэпарату. Таццяна і Яраслаў Васілеўскія прывозілі лекі для хіміятэрапіі і спецыяльныя дзіцячыя маскі, якія тэрмінова спатрэбіліся Антону ў час эпідэміі рэспіраторных захворванняў.

І такіх прыкладаў было вельмі шмат: на жаль, персанальна пералічыць усіх, хто аказаў нам дапамогу, немагчыма. Менавіта сабраныя вамі, дарагія землякі, сродкі дазваляюць нам пакрываць немалыя выдаткі на прэпараты, на штотыднёвую дастаўку малыша ў клініку ў Бараўлянах, дзе ён праходзіць зараз чарговы курс лячэння. Нікому не трэба расказваць, як складана перамагчы анкалагічную хваробу. І ваша міласэрнасць – гэта не проста матэрыяльная падтрымка, але і надзея на тое, што ў нас усё атрымаецца. Мы адчуваем, што вы ўсёй душой жадаеце, каб Антоша вылечыўся. Шчыра зычым усім, каб ваша дабрыня і душэўная шчодрасць вярнуліся да вас удвая і ў вашым жыцці сустракаліся такія ж чулыя і спагадлівыя людзі.

Вольга і Аляксандр КАЧЫНСКІЯ.

Для жадаючых дапамагчы Антону справіцца з хваробай нагадваем рэквізіты для пералічэння сродкаў:

ЦБУ №221 філіял 216 ААТ “ААБ Беларусбанк”, Віцебская вобласць, г.п.Ушачы, вул. Савецкая, 33. Беларускія рублі: транзітны рахунак – 3819382309284 на рахунак 000013. Еўра: транзітны рахунак – 3819382311360 – на рахунак 000001. Долары ЗША: транзітны рахунак – 3819382311360 – на рахунак 000006. Расійскія рублі: транзітны рахунак – 38193823311360 на рахунак 000002. Назначэнне плацяжу – на рахунак Вольгі Качынскай.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *