У Міжнародны дзень музеяў, які адзначаецца 18 мая, у многіх краінах ужо стала традыцыйнай акцыя пад назвай “Ноч у музеі”, падчас яе ўстановы працуюць у незвычайным рэжыме і прапануюць цікавыя экскурсіі наведвальнікам. На Ушаччыне ж сёлета акцыя прайшла ў музеі пад адкрытым небам – на мемарыяльным комплексе “Прарыў”.
Пахмурнае надвор’е і дождж гэтым вечарам прымусілі многіх, хто збіраўся на экскурсію, застацца дома. Але нягледзячы на капрызы надвор’я тут было нямала наведвальнікаў.– Нам з вучнямі не атрымалася быць на “Прарыве” ў дзень адкрыцця яго пасля рэканструкцыі, а таму дождж не стаў сёння для нас перашкодай, – зазначыла дырэктар Плінскай школы Кацярына Фёдараўна Касцюковіч падчас экскурсіі.
– Колькі разоў бываеш на “Прарыве”, а кожны раз мяне перапаўняюць хвалюючыя пачуцці, тым больш што ў баявых дзеяннях прымалі ўдзел і мае прабабуля і прадзядуля, – усклаўшы кветкі да пліт з імёнамі, адзначыла вучаніца Плінскай школы Ангеліна Радзевіч.
З мемарыялам, канечне, вучні і настаўнікі Плінскай школы выдатна знаёмы не толькі таму, што знаходзіцца ён непадалёк, а і таму, што школа ў раёне вызначана базавай па патрыятычным выхаванні. Пабываць жа на абноўленым мемарыяльным комплексе як вучням Плінскай школы, так і іншым наведвальнікам хацелася таму, што тут з’явілася шмат новых элементаў, у прыватнасці, “Партызанская вёска”, выстава ваеннай зброі, вадаём, падсветка.
“Ноч у музеі” стала падставай для сустрэчы аднакласнікаў, былых выпускнікоў Ушацкай школы Дзмітрыя Пышкова, Таццяны Сямёнавай, Ларысы Рубанік, Валянціны Сідарэнкавай (Бутоўскай). “На мемарыяле пасля яго рэканструкцыі я была ўжо двойчы, аднак правядзеннем акцыі скарысталася. Хоць і ішоў дождж, мы ніколькі не пашкадавалі. Усе мы ўшацкія, здаецца, усё ведаем пра “Прарыў”, аднак самастойны агляд мемарыяла не параўнаць з экскурсіяй, якую для нас правялі, – гаворыць Валянціна Сцяпанаўна. – Раю ўсім прыбягаць да паслуг прафесіяналаў. А наогул хачу падзякаваць за адноўлены мемарыял. Прыгожа, дастойна і, галоўнае, ва ўсе дні я бачыла там многа людзей.
Падчас экскурсіі па партызанскай вёсцы ўсе жадаючыя змаглі наведаць зямлянкі і пазнаёміцца з бытам партызан. Вучні, прысеўшы на лаўкі ў абсталяванай лясной школе, уважліва слухалі расказ экскурсавода аб тым, як у ваенны час дзеці вельмі хацелі вучыцца. А дарослыя ўдзельнікі акцыі з цікавасцю разглядалі, як абсталявана кожная з зямлянак. Самым жа маленькім удзельнікам акцыі “Ноч у музеі” стаў трохгадовы Антон Радзюш, які быў на мемарыяле разам з татам і бабуляй.
У рамках акцыі прайшло і ўрачыстае ўручэнне членскіх білетаў і значкоў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі вучням 8-9 класаў Плінскай школы.
– Упэўнены, што ўступаць у рады БРСМ на гэтым свяшчэнным для Ушаччыны месцы для вас вялікі гонар і знакавая падзея, тым больш што вы ўнеслі свой пасільны ўклад у справу рэканструкцыі мемарыяла, папрацаваўшы на добраўпарадкаванні прылягаючай тэрыторыі, – адзначылі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.М.Клімашэўская і першы сакратар райкама БРСМ Р.Півульская падчас уручэння білетаў.
Дарэчы, тыя, хто не пабываў у музеі пад адкрытым небам падчас акцыі, могуць наведаць мемарыяльны комплекс і партызанскую вёску, пакінуўшы заяўку на правядзенне экскурсіі па тэлефоне 2-70-92. Кошт білета – 5 тысяч рублёў для дзяцей і 10 тысяч для дарослых.
Вольга КАМАРКОВА.