21 мая профессиональный праздник отмечают работники физической культуры и спорта

Cпорт

Людзі, якія адзначаюць сёння сваё прафесійнае свята, прысвячаюць жыццё надзвычай важнай мэце – выхаванню актыўнай і здаровай нацыі, павышэнню прэстыжу нашай краіны праз міжнародныя дасягненні беларускіх спартсменаў. На Ушаччыне нямала апантаных сваёй справай энтузіястаў, якія прыцягваюць да актыўнага ладу жыцця дзяцей і дарослых. Пра стан гэтай работы ў раёне расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Фёдараўна Сыроўчанка.

Для арганізацыі фізкультурна­аздараўленчай і спартыўна­масавай работы ў нашым раёне задзейнічана 14 спартыўных і 5 трэнажорных залаў, 45 стадыёнаў і пляцовак, у ліку якіх міні­футбольная са штучным пакрыццём, зімой працуюць лядовыя каткі. Арганізаваны пракат лыжаў, звычайных і ролікавых канькоў. І, канечне, усе мы з нецярплівасцю чакаем завяршэння будаўніцтва фізкультурна­аздараўленчага комплексу “Юнацтва”, які стане цэнтрам спартыўнага жыцця Ушаччыны.

Вядома ж, заахвочваць фізкультурнымі заняткамі неабходна з самага малога ўзросту. Фізічным выхаваннем дзяцей займаюцца 7 спецыялістаў у дашкольных установах, 14 выкладчыкаў фізкультуры ў школах. 634 вучні наведваюць спартыўныя секцыі – гэта амаль палова ўсёй колькасці школьнікаў раёна (абласны паказчык 42,7%). Больш 400 вучняў прымаюць удзел у круглагадовай спартакіядзе школьнікаў, пры гэтым на абласным узроўні каманда раёна стабільна ўваходзіць у сямёрку лепшых. Дастойна выступаюць юныя ўшачане ў мнагабор’ях “Абаронца Айчыны” і “Снежны снайпер”. Вось і сёлета выхаванец настаўніка Вялікадолецкай школы У.М.Лапіцкага Арцём Полазаў адзначыўся прызавым месцам на рэспубліканскім этапе “Снежнага снайпера”. У лік 300 самых таленавітых маленькіх лёгкаатлетаў Беларусі была адабрана вучаніца Ільюшынскай школы Аксана Васілевіч.

Па­ранейшаму плённа працуе кузня маладых спартыўных талентаў – Ушацкая ДЮСШ, дзе арганізавана работа аддзяленняў дзюдо, футбола, кулявой стральбы, а з мінулага верасня – лёгкай атлетыкі. Усяго ва ўстанове займаюцца 214 выхаванцаў, з іх 47 – у сельскай мясцовасці. Толькі летась школа падрыхтавала 56 спартсменаў­разраднікаў. Літаральна з кожнага турніру з медалямі вяртаюцца барцы і стралкі – падапечныя трэнераў В.М.Джураевай, В.В.Кілінай, П.Ю.Варатынскага. Вось і нядаўна высокім вынікам парадавала Сняжана Чарапанава, атрымаўшы перамогу на чэмпіянаце рэспублікі па дзюдо сярод выхаванцаў ДЮСШ.

Актыўна вядзецца ў раёне і работа сярод дарослага насельніцтва, якую арганізуе ФСК “Ураджай”. Летась было праведзена 70 спартыўна­масавых мерапрыемстваў, удзел у якіх прынялі 2,7 тысячы чалавек. Ва УП ЖКГ, райспажыўтаварыстве, ААТ “Ільюшынскі”, установах адукацыі маюцца клубы фізічнай культуры і спорту, мяркуецца іх стварэнне ў ЦРБ і іншых буйных арганізацыях. Актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх спартыўных мерапрыемстваў акрамя названых вышэй з’яўляюцца працоўныя калектывы МНС, лясгаса, райгаза, ТЦСАН, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Добрымі выступленнямі на абласным узроўні парадавалі ўшацкія валейбалісты, шахматысты. Увогуле ж фізкультурай і спортам займаецца кожны пяты ўшачанін – гэта неблагі паказчык, аднак нам па сілах зрабіць яго яшчэ вышэйшым. І ў многім гэта залежыць ад работнікаў фізічнай культуры і спорту, якіх хочацца ад душы павіншаваць з прафесійным святам і пажадаць плённай працы і высокіх дасягненняў у іх адказнай місіі.

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *