18 мая ва Ушацкім раёне прайшло важнае мерапрыемства – сход упаўнаважаных па абранні дэлегатаў на пяты Усебеларускі народны сход, на якім будзе прынята праграма развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку. Яму папярэднічалі сходы ў 52 працоўных калектывах, якія вылучылі 216 лепшых сваіх працаўнікоў. Яны ж у сваю чаргу абралі чатырох самых дастойных прадстаўнікоў Ушачыны на самы знакавы форум краіны.
У рабоце пятага Усебеларускага народнага сходу прымуць удзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Віктаравіч Родзіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, дырэктар Вялікадолецкай дзіцячага сада-школы Рыма Леанідаўна Аніскевіч і старшыя ААТ «Дземенец» Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка. Іх кандыдатуры былі аднагалосна падтрыманы ўдзельнікамі сходу.
Упершыню Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка вынес на абмеркаванне народа стратэгію развіцця краіны ў 1996 годзе –першы Усебеларускі народны сход прайшоў у кастрычніку гэтага года. Не менш знакавым стаў народны форум 2001 года пад яднаючым лозунгам, які і сёння лічыцца галоўнай ідэалагічнай лініяй краіны – “За моцную квітнеючую Беларусь”. Прынятыя на ім прыярытэты ў будаўніцтве жылля, мадэрнізацыі, экспарце, харчовай бяспецы былі выкананы, і ў 2006 годзе на наступную пяцігодку краінай быў прадоўжаны курс на далейшае павышэнне дабрабыту насельніцтва “Дзяржава для народа”. Інавацыі, інвестыцыі, ініцыятыва, імпартазамяшчэнне сталі ключавымі пастулатамі ў стратэгіі дзяржаўнага развіцця на 2011-20015 гады. У складаны для ўсіх краін час працягвалася мадэрнізацыя вытворчасці, выпуск новай прадукцыі, знаходзіліся дадатковыя рынкі збыту, паколькі ў Беларусі няма іншага шляху павышэння ўзроўню жыцця людзей, захавання сацыяльнай арыентаванасці, дэмаграфічнага развіцця, як продаж канкурэнтаздольнай прадукцыі, выхад на сусветны рынак, развіццё турызму і іншых паслуг. Як выканана праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на мінулую пяцігодку і што стане асноўнымі прыярытэтамі на 2016-2020 гады і абмяркуюць 2,5 тысячы дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу, які пройдзе ў Палацы рэспублікі 22-23 чэрвеня.
Удзел у падобных форумах – гэта вельмі моцны імпульс для новых стваральных спраў. Гэта адчуванне значнасці ўласнага я, тваіх калектываў і тваіх абраннікаў у будучыні сваёй краіны. І, канечне, вельмі вялікая адказнасць. У канцы сходу старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка ад імя ўсіх дэлегатаў падзякавала ўпаўнаважаным за аказаны ім давер і запэўніла, што іх удзел у пятым Усебеларускім сходзе паслужыць далейшаму развіццю Ушаччыны. “Пераканана, мы маем вялікі патэнцыял і пры мабілізацыі сіл усё ў нас атрымаецца”.
Напрыканцы сходу мы пагутарылі з некаторымі яго ўдзельнікамі.
Васіль Станіслававіч Спірчонак, дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм:
– Перакананы, што на Усебеларускім народным сходзе перш за ўсё павінна прысутнічаць кіраўніцтва раёна – старшыні райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, паколькі яны адказваюць за развіццё Ушаччыны ў цэлым – ім і звяраць гадзіннікі з курсам краіны. Я прапанаваў кандыдатуру старшыні райвыканкама В.В.Родзіча, паколькі Віктар Віктаравіч з’яўлецца генератарам ідэй, вядзе за сабой актыў раёна, мабілізуе на выкананне пастаўленых задач.
Рыма Леанідаўна Аніскевіч:
– Для мяне вылучэнне дэлегатам на такі высокі форум – прыемная нечаканасць. Безумоўна, я ацэньваю сваю работу, але не лічу сябе выключным кіраўніком: пераканана, што ўсе мае калегі, дырэктары школ, як і я імкнуцца выхаваць патрыётаў сваёй краіны, даць маладым людзям годныя веды. Наогул у раёне шмат дастойных людзей, дзякуючы якім ён і развіваецца. Таму вылучэнне мяне дэлегатам – гэта дадатковая, вельмі вялікая адказнасць.
Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка:
– Дэлегатам Усебеларускага народнага сходу вылучаюся ўпершыню, а вось у высокіх сельскагаспадарчых форумах з удзелам Прэзідэнта прысутнічаў. Чаго чакаю ад гэтага? Канкрэтыкі аб далейшым лёсе аграрнай галіны, паколькі разумею, што на плыву павінны застацца толькі канкурэнтаздольныя гаспадаркі. Праблемных пытанняў у аграрыяў шмат, спадзяюся яны будуць зняты і дапамогуць нам годна рабіць тое, што ўмеем – карміць беларусаў і прадаваць наш якасны тавар за мяжу.
***
На сходзе ўпаўнаважаных Ушацкага раёна прыняў удзел дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, рэктар Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта Валерый Сцяпанавіч Башметаў.
На гэтым тыдні ва ўсіх раёнах вобласці завяршылася вылучэнне дэлегатаў на пяты Усебеларускі народны сход. Віцебшчыну на ім будуць прадстаўляць 350 самых дастойных жыхароў рэгіёна.
Вольга КАРАЛЕНКА.