На конкурсе «Лучший организатор здорового питания» в Ушачах соревновались повара школ района

Общество

Памятаеце, як бойка дэманстравала свой поварскі спрыт гераіня фільма “Дзяўчаты” Тося, пералічваючы разнастайныя стравы з бульбы? А вось яе калегі, якія гатуюць для школьнікаў нашага раёна, пайшлі яшчэ далей, паказаўшы на практыцы мноства спосабаў аднаго толькі наразання гэтай самай бульбы. Убачыць такі майстар-­клас можна было ў суботу ў сталовай Ушацкай школы, дзе праходзіў конкурс “Лепшы арганізатар здаровага харчавання”, у якім за перамогу змагаліся сем навучальных устаноў раёна.

Кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, высвятлялі, у якой са школ Ушаччыны найлепш арганізавана харчаванне навучэнцаў. І першым этапам конкурсу сталі відэапрэзентацыі, у якіх установы адукацыі падрабязна расказалі пра свае сталовыя, апісалі этапы і моманты гэтага важнага працэсу, даказалі, што добрае харчаванне стымулюе арганізм школьніка да засваення ведаў.

А вось крэатыў і артыстызм тых, хто непасрэдна арганізуе харчаванне, гледачы змаглі ацаніць “у жывую”, калі надышоў час конкурсу повараў “Візітная картка”. Некаторыя, як, напрыклад, Людміла Васільеўна Дубко з Плінскай школы, зрабілі гэта самастойна: жанчына расказала не толькі пра сваю працу, але і пра дружную сям’ю, захапленне вырошчваннем кветак і разгадваннем красвордаў. Пра повараў з Вяркудскай і Арэхаўскай школ Святлану Уладзіміраўну Лукашову і Раісу Міхайлаўну Пшанічкіну з цеплынёй распавялі іх калегі. “Рая – мая былая вучаніца, і я вельмі рада, што яна прыйшла працаваць у родную школу”, – адзначыла, у прыватнасці, дырэктар Арэхаўскай СШ Ларыса Аляксандраўна Булаўка.

Цэлая група падтрымкі з ліку работнікаў Ушацкай школы ў вершаванай і песеннай форме пералічвала выдатныя прафесійныя і чалавечыя якасці повара ўстановы Галіны Канстанцінаўны Каваленкі. А вось пра прадстаўніц Ільюшынскай, Кубліцкай і Вялікадолецкай школ Кацярыну Максутаўну Палонскую, Святлану Аркадзьеўну Лабёнак і Раісу Віктараўну Вусько расказалі тыя, для каго яны працуюць. Зрэшты, калі “цёця Рая” (так па­свойску называюць вялікадолецкія школьнікі свайго любімага повара) пачула пра сябе безліч добрых слоў, што адрасавалі ёй апранутыя ў адмысловыя касцюмы “павараты”, то таксама выйшла на сцэну і заспявала разам з імі. А юны “рэпарцёр” Руслан Крыштопенка ўзяў у Раісы Віктараўны міні­інтэрв’ю, з якога прысутныя даведаліся, што ў выбары прафесіі яна пайшла па стапах маці, а самымі неабходнымі якасцямі повара лічыць уважлівасць, акуратнасць і добрыя веды.

Усе яны спатрэбіліся ўдзельнікам падчас двух наступных конкурсаў, якія праверылі іх тэарэтычную і практычную падрыхтоўку. Як правільна апрацаваць яйкі і караняплоды, дадаць у кампот і кісель вітамін “С”, праверыць гатоўнасць катлет і кінуць у кіпень замарожаную агародніну – ніводнае з гэтых каверзных пытанняў не паставіла повараў у тупік.

Ну а кульмінацыяй конкурсу, самым відовішчным і смачным яго этапам стала абарона тэматычных сталоў, стравы для якіх повары прыгатавалі загадзя. Тут ужо журы зусім лёгка было разгубіцца, бо ад аднаго толькі выгляду літаральна ўсіх ласункаў можна было праглынуць язык. Сапраўдную блінную феерыю прэзентавалі вяркудская і кубліцкая ўдзельніцы. Дню абароны дзяцей прысвяцілі свае кулінарныя работы К.Палонская і Р.Вусько. Гераіня мульціка “Маша і Мядзведзь” стала “музай” для багатага вітамінамі восеньскага стала Р.Пшанічкінай. А прафесіяналы з Плінскай і Ушацкай школ палічылі, што нагодай для самых смачных шэдэўраў можа стаць дзень нараджэння дзіцяці. Чаго толькі не давялося ўбачыць на тэматычных сталах – і запечаную траску, і салату “Змейка”, і рысавага ката, і нават торт “Калабок”. Вядома ж, галоўным крытэрыем страў было выкарыстанне ў іх прадуктаў, якія дазволены для дзіцячага харчавання. Рэцэпты некаторых блюд кухонных чараўніц мы пазней прапануем ушацкім гаспадыням у нашай традыцыйнай рубрыцы “Са смакам”. А вось гледачы конкурсу змаглі не толькі запісаць іх, але і прадэгуставаць усе прысмакі.

Канечне, тарты, мусы, жэле і іншыя кулінарныя шэдэўры ў паўсядзённым школьным меню не значацца, а таму цікава было даведацца, якія стравы з’яўляюцца любімымі ў вучняў розных устаноў. Не задумваючыся, адказала на гэтае пытанне Л.Дубко: абсалютную чысціню талерак пасля сняданку гарантуе амлет, запяканка і “Артэкаўская” каша, якая гатуецца на малацэ з сумесі прасяных і рысавых круп. А вось абедзенны “хіт­парад” кубліцкіх школьнікаў даволі нечакана ўзначалілі… сасіскі.

Падводзячы вынікі конкурсу, старшыня журы – намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Уладзіміраўна Аўдошка падкрэсліла, што вызначыць лепшых было надзвычай складана, бо кожная з устаноў і повараў праявілі і майстэрства, і стараннасць, і крэатыў. Перамога ж у гэты раз дасталася кублічанам – адзінай сярод удзельнікаў базавай школе. Трэба было бачыць, як шчыра радавалася гэтаму поспеху дружная кубліцкая каманда на чале з дырэктарам установы Марыяй Васільеўнай Ярмош. Другімі сталі вялікадальчане, на рахунку якіх таксама спецыяльны прыз журы лепшаму повару, якім адзначана Раіса Віктараўна Вусько. Трэцяе месца дасталася Ушацкай СШ.

Вынікі конкурсу будуць улічаны пры размеркаванні сродкаў на набыццё кухоннага абсталявання да наступнага навучальнага года. Галоўнай жа высновай, зробленай пасля мерапрыемства, стала ўпэўненасць, што харчаванне нашых дзяцей знаходзіцца ў надзейных руках сапраўдных прафесіяналаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *