Планы прыёму
У ВНУ Беларусі ў 2016 годзе плануецца прыняць больш за 63,7 тыс. абітурыентаў, у ССНУ – 40,2 тыс., ПТВ – 32,6 тыс. Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра адукацыі В.Богуш. У прыватнасці, у ВНУ для атрымання адукацыі на дзённай форме плануецца залічыць 38,5 тыс. чалавек (у тым ліку на бюджэт – 22,6 тыс.), завочнай – 24,7 тыс. (на бюджэт – 5,3 тыс.).
Час правядзення іспытаў
Гаворачы пра тэрміны правядзення ўступнай кампаніі ў 2016 годзе, В.Богуш адзначыў, што рэгістрацыя для праходжання ЦТ у асноўны этап пройдзе да 1 чэрвеня (асноўны этап ЦТ – з 13 чэрвеня па 27 чэрвеня). Рэгістрацыя на ЦТ у рэзервовы дзень – з 28 чэрвеня па 1 ліпеня (рэзервовы дзень для здачы ЦТ – 5 ліпеня). Прыём дакументаў на бюджэт у ВНУ будзе праходзіць з 8 па 14 ліпеня. З 15 ліпеня пачынаюцца ўступныя іспыты, якія праводзяцца непасрэдна ва ўстановах адукацыі (па творчасці, фізічнай культуры, а таксама для абітурыентаў, якія паступаюць для атрымання вышэйшай адукацыі ў скарочаны тэрмін на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі). Усе ўступныя іспыты арганізаваны толькі ў адну сесію, як для асоб, якія паступаюць за кошт сродкаў бюджэту, так і на платнай аснове. Залічэнне на бюджэт праводзіцца па 24 ліпеня. У выпадку правядзення ВНУ дадатковага набору прыём дакументаў на вакантныя бюджэтныя месцы пройдзе з 26 па 28 ліпеня, залічэнне – па 31 ліпеня. Прыём дакументаў ад асоб, якія здаюць уступныя іспыты ва ўстановах вышэйшай адукацыі для навучання на ўмовах аплаты будзе праходзіць з 8 па 14 ліпеня; для тых, хто не будзе здаваць экзамены ў ВНУ, – з 8 ліпеня па 1 жніўня. Уступныя іспыты пройдуць з 15 па 20 ліпеня, залічэнне – па 4 жніўня.
Новыя спецыяльнасці
ВНУ Беларусі ў 2016 годзе будуць набіраць абітурыентаў на 6 новых спецыяльнасцяў. Большасць з іх адкрыта ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка: “гісторыя і сусветная мастацкая культура”, “гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа”, “музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура”, “сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога”. Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт прапануе новую спецыяльнасць “вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій”, а Акадэмія МУС – “судовыя крыміналістычныя экспертызы”. Акрамя таго, упершыню адкрыты набор па накірунку “шахматы” па спецыяльнасці “спартыўна-педагагічная дзейнасць” у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.
… і вучэбныя месцы
Сёлета ў ВНУ павялічыцца колькасць месцаў па педагагічных спецыяльнасцях, спецыяльнасцях прафесійнай адукацыі і энергетыкі. Пры гэтым будзе скарочаны набор на спецыяльнасці ў эканамічнай, будаўнічай, кіраўнічай сферах, а таксама на архітэктарскія спецыяльнасці.
У сярэдніх спецыяльных установах адукацыі павялічаны прыём на спецыяльнасці аховы здароўя і педагогікі. Адкрыта падрыхтоўка па адной новай спецыяльнасці ў сферы лагістыкі. Будзе павялічаны прыём па профілях “грамадскае харчаванне, бытавое абслугоўванне”, “сельская і лясная гаспадарка, садова-паркавае будаўніцтва”. Пры гэтым прадугледжваецца скарачэнне прыёму па профілях “мастацтва і дызайн”, “камунікацыі, права, эканоміка, упраўленне, эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “тэхніка і тэхналогіі”.
Што ў перспектыве?
Здаваць ЦТ у Беларусі па 4 прадметах можна будзе з 2017 года. Гэтае пытанне абмяркоўвалася на нарадзе па пытаннях карэкціроўкі правіл прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, удзел у якой прыняў Прэзідэнт краіны А.Р.Лукашэнка. Пры гэтым пры паступленні ў ВНУ неабходна будзе прад’яўляць вынікі 3 тэсціраванняў. Што датычыцца абітурыентаў ССНУ, то яны атрымаюць магчымасць здаваць 3 ЦТ і прад’яўляць вынікі 2 тэсціраванняў. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову аб тым, каб сертыфікат ЦТ дзейнічаў на працягу 2 гадоў, а таксама аб павелічэнні колькасці рэзервовых дзён ЦТ да 3.
Як адзначыў падчас нарады міністр адукацыі М.Жураўкоў, штогод у Беларусі з улікам вынікаў папярэдняй уступнай кампаніі будзе складацца пералік востра запатрабаваных спецыяльнасцей – тых, якія неабходны эканоміцы, але недастаткова папулярныя сярод абітурыентаў. Аблегчаны парадак залічэння на іх плануецца ўвесці для пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, маладых людзей, якія скончылі школу з залатым, сярэбраным медалём або маюць дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай, а таксама пераможцаў абласных алімпіяд па вучэбных прадметах.
Міністр расказаў і аб іншых навацыях, якія чакаюць абітурыентаў у 2017 годзе. Так, выпускнікі педагагічных класаў змогуць паступаць на педспецыяльнасці без уступных іспытаў. Адзнакі для гэтага павінны быць не ніжэйшыя за 7 балаў па ўсіх прадметах навучальнага плана і не ніжэйшыя за 8 балаў па профільных прадметах. У ВНУ такія маладыя людзі будуць праходзіць гутарку. Пры гэтым чакаецца, што тэрмін адпрацоўкі па размеркаванні ў іх будзе перавышаць два гады.
Чакаецца, што ўсе прапанаваныя новаўвядзенні ўступяць у сілу з 2017 года. Бягучая абітурыенцкая кампанія пройдзе па дзеючых правілах.