
Каб прыняць удзел у свяце, сюды з’ехаліся піянеры амаль з усіх школ раёна. Былі запрошаны і госці. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны А.К.Первянёнак выступіў перад піянерамі, даў наказ ім горда несці свой сцяг, быць карыснымі Радзіме. Старшыня раённага савета ветэранаў У.М.Малаткавец таксама павіншаваў школьнікаў, пажадаў добра вучыцца, працягваць піянерскія традыцыі, закладзеныя яшчэ іх бацькамі. Свае віншаванні выказала і выконваючая абавязкі першага сакратара РК “БРСМ” А.Шалак, якая нагадала, што ў будучым піянераў чакаюць у радах Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Піянерскія агітбрыгады прадставілі свае праграмы, асноўнай тэмай якіх стала вайна і Перамога. Але кожная візітоўка была па-свойму адметнай і цікавай.
Напрыканцы мерапрыемства старшыня Ушацкай піянерскай арганізацыі Г.А.Даўгаполава падвяла вынікі раённага конкурсу візітных картак “Я і мая піянерская дружына”. Так, першае месца занялі піянерскія дружыны Арэхаўскай і Ільюшынскай школ, другое раздзялілі піянерскія дружыны Плінскай, Кубліцкай, Вялікадолецкай школ, трэцяе – у піянерскай дружыны Старасельскай школы.
Гучнымі апладысментамі сустракалі ўсе прысутныя і дыпламантаў музычных конкурсаў Яўгена Жэлязнова і Дзіяну Качан, якія праспявалі любімыя песні.
У гэты ж дзень дэлегацыі піянерскіх дружын усклалі вянкі да помніка воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.