Агляд-конкурс страявой песні “Пераможныя маршы”, прысвечаны 71-й гадавіне Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, прайшоў на мінулым тыдні ў Наваполацку. Арганізатарам мерапрыемства, якое падкрэслівае пераемнасць традыцый ваеннапатрыятычнага выхавання, сёмы год запар выступае гарадская арганізацыя РГА “Белая Русь” пад кіраўніцтвам вядомага спартсмена, намесніка старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыкі Вадзіма Дзевятоўскага.
Наведала “Пераможныя маршы” і дэлегацыя Ушаччыны. У яе склад увайшлі актывісты раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” на чале са старшынёй І.Ф.Сыроўчанка, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і старшыня раённага савета ветэранаў Ф.Р.Пацэйка. Гасцям мерапрыемства пашчасціла стаць сведкамі займальнага шоу, удзел у якім прынялі падраздзяленні вайсковых часцей і каманды наваполацкіх устаноў адукацыі. Ветэранаў жа чакаў цёплы прыём у гарвыканкаме і памятныя падарункі ад арганізатараў “Пераможных маршаў” .