У пятніцу, 6 мая, калі ў гарпасёлку і на мемарыяльным комплексе “Прарыў” яшчэ кіпела работа па падрыхтоўцы да вялікага свята, яго атмасфера ўжо панавала ў сельсаветах Ушаччыны – усюды праходзілі сустрэчы з ветэранамі, святочныя канцэрты, мітынгі.
Ажыўлена ў гэты дзень было ля воінскага пахавання ў аграгарадку Глыбачка, дзе сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў, мясцовыя жыхары, школьнікі. Сярод ганаровых гасцей – ветэран Вялікай Айчыннай вайны Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня, вязень канцэнтрацыйнага лагера Яўген Васільевіч Аксяновіч. Яны падзяліліся з маладым пакаленнем горкімі ўспамінамі пра страшныя гады ваеннага ліхалецця, пажадалі міру і толькі яснага неба над галавой. З цёплымі словамі да прысутных звярнуліся таксама старшыня Глыбачанскага сельвыканкама Людміла Валянцінаўна Вялюга, старэйшына аграгарадка Марыя Фёдараўна Папельская і дырэктар мясцовай школы Віктар Пятровіч Котаў. Траім школьнікам, якім нядаўна споўнілася 14 гадоў, ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны сувенірныя наборы “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, а напярэдадні знакавай для ўсёй краіны даты некалькі вучняў былі прыняты ў піянеры. |
У Дубраўцы асноўныя падзеі гэтага дня разгортваліся ля помніка на воінскім пахаванні. Да ўдзельнікаў мітынгу звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч, старшыні Вяркудскага сельвыканкама Вера Міхайлаўна Маслак і Дубраўскай пярвічнай ветэранскай арганізацыі Алена Захараўна Кучко, старэйшына вёскі Уладзімір Васільевіч Паўловіч. Нагадаўшы пра тыя пакуты і ахвяры, якія прынесла кровапралітная вайна, яны выказалі шчырыя словы падзякі ветэранам, якіх, на жаль, з кожным годам становіцца ўсё менш – на тэрыторыі сельсавета іх цяпер засталося толькі трое. Хвілінай маўчання ўшанавалі прысутныя памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай, усклалі да помніка вянкі і жывыя кветкі.
… Удзячныя нашчадкі аддалі даніну памяці тым, хто ўжо ніколі не ўстане з поля бою, хто аддаў сваё жыццё дзеля іншых пакаленняў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.