Анатолий Семёнович Азарёнок ищет сведения о своих погибших во время войны родных и просит помощи ушачан

Общество

З 2003 года, калі больш шырокім стаў доступ да архіўных дакументаў, вядзе пошук звестак пра сваіх братоў ураджэнец Лепельскага раёна, а зараз жыхар Мінска Анатоль Сямёнавіч Азаронак, які даслаў у рэдакцыю свой ліст.

На пачатак вайны сям’я, дзе ён быў самы малодшы, складалася з сямі чалавек: бацька Сямён Аляксеевіч Азаронак 1897 года нараджэння, маці – Ефрасіння Сямёнаўна (1898), сястра Сцепаніда (1919), браты Міхаіл (1923), Генадзь (1925), Мікалай (1933) і малодшы Анатоль (1939). Іх вёску Падоліцы на Лепельшчыне немцы спалілі і ўся сям’я Азаронкаў выехала ва Ушацкую партызанскую зону і пасялілася у вёсцы Туроса. У спісе неіснуючых пунктаў былога Дубраўскага сельсавета значыцца вёска Туросы 2-я. Магчыма, гэта і ёсць населены пункт, дзе спынілася вялікая сям’я і пражыла да канца вайны. Аўтар пісьма памятае, што дом знаходзіўся на краі вёскі і ў ім размяшчалася зброевая майстэрня, а гаспадара звалі дзядзька Яфім. Хаця на сто працэнтаў у гэтым Анатоль Сямёнавіч не ўпэўнены, як і не памятае дакладна імя сына гаспадара, з якім сябравалі – Віця або Павел. Ёсць звесткі, што гэта сям’я пасля вайны пераехала ў Полацкі раён.

Старэйшыя сыны сям’і Міхаіл і Генадзь Азаронкі пайшлі ў партызаны – Анатоль Сямёнавіч даведаўся пра гэта ад бацькі. 4 мая 1944 года Міхаіл Азаронак прапаў без вестак, а дакументальнага пацвярджэння ўдзелу ў партызанскім руху другога брата няма. Дакладна вядома, што хлопцы былі ў адным атрадзе, але чамусьці Генадзь Сямёнавіч у радах народных мсціўцаў не лічыцца. А звесткі, атрыманыя з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, куды Анатоль Сямёнавіч звярнуўся з запытам аб лёсе блізкіх людзей, ашаламілі. Дакументы Беларускага штаба партызанскага руху сведчаць, што Міхаіл Сямёнавіч Азаронак, 1923 года нараджэння, з 14 сакавіка 1943 года па 4 мая 1944 года быў партызанам атрада імя С.Г.Лазо брыгады імя В.І.Чапаева, потым атрада імя Л.М.Даватара 2-й Ушацкай брыгады імя П.К.Панамарэнкі, а 4 мая 1944 года прапаў без вестак. Але разам з тым маюцца звесткі, што на 14 мая 1946 года ён пражываў у вёсцы Баброва Зарачанскага сельсавета Ушацкага раёна!

Хутчэй усяго гэта памылковыя даныя, бо братоў пасля прарыву блакады ніхто больш не бачыў. Аўтар ліста лічыць, што з вялікай доляй верагоднасці яго родныя загінулі падчас блакады і прарыву кола акружэння. Такога ж меркавання быў і бацька, які наказваў сынам, што жывымі немцу лепш не трапляць і дакументаў з сабой не насіць: баявы настрой Міхаіла Азаронка быў такі: адна куля – фашысту, другая – сабе.

Аўтар ліста просіць дапамагчы ў пошуку звестак, якія б пралілі святло на гісторыю знікнення яго братоў – у прыватнасці, пра вёску Туроса і пражыванне Міхаіла Сямёнавіча Азаронка ў вёсцы Баброва Зарачанскага сельсавета Ушацкага раёна. Магчыма, камусьці з жыхароў нашага раёна аб гісторыі прыгаданай сям’і вядома з расказаў родных, а можа хтосьці чуў пра яе ад аднавяскоўцаў. Просьба паведаміць у рэдакцыю, а мы ў сваю чаргу звяжамся з Анатолем Сямёнавічам Азаронкам, які застаўся адзін з пакалення братоў-партызан і хоча калі не дакладна ведаць, дзе магілы блізкіх, то хаця б вызначыць месца, куды можна прынесці кветкі ў памяць аб іх. Улічваючы дату знікнення без вестак старэйшага брата такім помнікам можа стаць і мемарыяльны комплекс “Прарыў”.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *