“Я для сваіх 90 гадоў выглядаю молада і многія часам думаюць, што сакрэт гэтага ў бестурботным і шчаслівым жыцці”, – пачала свой аповед Надзея Ягораўна Кальверш, прысеўшы на канапу ва ўтульным доме дачкі Ніны ва Ушачах. Ураджэнцы Белюкоўшчыны між тым за жыццёвы шлях давялося шмат чаго перажыць, нястомна працаваць і зведаць жахі ваенных падзей.
Калі пачалася вайна, дзяўчыне споўнілася 16 гадоў, да гэтага часу скончыла пяць класаў Кубліцкай школы. Яна была старэйшая сярод чатырох дзяцей у сям’і і была незаменнай і лепшай памочніцай маці, асаблівая падтрымка якой была патрэбна, калі бацька пайшоў у партызаны. Выдатна памятае Надзея Ягораўна, як у вёсцы была машына, на якой часалі воўну, прасці ўмелі ў кожным вясковым доме. У небяспечныя ваенныя часы машыну перавезлі і схавалі ў лесе, там на ёй усе пралі і вязалі рукавіцы для партызан. Свой уклад у гэтую патрэбную справу ўнесла і Надзея, яна вязала рукавіцы для партызан брыгады Дубава.
– Жыць было цяжка і вельмі страшна, – прыгадвае Надзея Ягораўна – памятаю, як выкапалі ў панскім садзе каля Белюкоўшчыны акоп, у якім мы хаваліся. У адзін з вечароў прыйшлі да нас партызаны і нас, пяцёра дзяўчат, паклікалі ў сваю брыгаду. Маці вельмі не хацела мяне адпускаць, але ж патрэбна было дапамагаць. Так мы са сваімі аднагодкамі і апынуліся ў лесе, які меў назву Ліпава: у 15м атрадзе брыгады Данукалава. Там пад дахам была печ, а на жорнах мы малолі жыта на муку. Калі камандзір спытаў у нас, хто ўмее пячы хлеб, я смела сказала, што магу – маці ж мяне ўжо ўсяму навучыла! Зрабіла ўсё, як дома, спякла шэсць буханак, а хлеб такі ўдалы атрымаўся! Пасля гэтага мяне прызначылі поварам, але ненадоўга, хутка нам з дзяўчатамі выдалі вінтоўкі, навучылі як страляць і адправілі на сур’ёзнае заданне.
Сур’ёзным заданнем аказалася нападзенне на фуры – так называлі конскія вазы з вялікімі калёсамі, на якіх немцы вязлі награблены ў людзей скарб. Да вызначанага месца прабіраліся па балоце. “Аперацыя” тады прайшла вельмі паспяхова, 8 немцаў былі ўзяты ў палон, некалькіх забілі, а рэчы забралі. Сярод іх знайшлі прыгожы грэбень, якім пасля вяртання з задання дзяўчаты, разам седзячы пад елкай, старанна расчэсвалі сабе валасы.
Не менш адказным для маладых дзяўчат было заданне па мініраванні чыгункі ЗябкіКруляўшчызна. Гэтую работу юным партызанкам давяралі не раз і яны з ёй спраўляліся. Аднойчы толькі, вяртаючыся з мініравання ў лагер, трапілі на дрот і паранілі ногі, адну з дзяўчат нават адпусцілі дадому пасля атрыманай траўмы, астатнім жа сплялі лапці.
– Крыху пазней мы трапілі бліжэй да Лепеля. Былі непадалёк ад вёсак Мацюшына Сцяна і Стары Лепель. Тады ўдзельнічала ў “прачэсванні” лесу разам з партызанамі. Як зараз памятаю, як было страшна: ідзеш на невялікай адлегласці адзін ад аднаго і здаецца, што зараз немец выскачыць, а я нічога не паспею зрабіць. А праз дзеньдругі нас выклікалі ў штаб і хоць вайна яшчэ працягвалася, адпусцілі дадому, даўшы на рукі даведкі аб удзеле ў партызанскім руху. На машыне дабраліся да Сорзава, а адтуль ужо пешшу да роднай вёскі. У атрадзе я прабыла каля трох тыдняў, – расказвае Надзея Ягораўна.
Бацька дзяўчыны з вайны вярнуўся не хутка, бо трапіў у палон. У партызанах быў і будучы свёкар, і хлопец Надзеі Ягораўны. З ім яна была знаёма з самага дзяцінства, бо выраслі ў адной вёсцы. Ажаніліся ж ужо пасля вайны, хоць Васілю яшчэ прыйшлося адслужыць у войску. Пазней, пераадольваючы бытавыя цяжкасці, яны разам будавалі ў Белюкоўшчыне ўласны дом, у якім вырасцілі чатырох дачок.
Працаваць прыходзілася не пакладаючы рук. Успамінае Надзея Ягораўна, як за дзень жалі па пяць гектараў зерневых. А ў якасці прэміі за гэта два разы атрымлівала сукенку. Такімі ж працавітымі яны выхавалі з мужам і сваіх дзяцей.
Нягледзячы на тое, што мінула столькі гадоў пасля заканчэння той вайны, і зараз Надзеі Ягораўне Кальверш разпораз сняцца сны, у якіх яна бачыць падзеі таго часу. Але яна шчаслівая, што ўсе родныя вярнуліся з вайны жывымі. Яна радасная ад таго, што сёння дзевяць яе ўнукаў і адзінаццаць праўнукаў жывуць пад мірным небам без выбухаў і бамбёжак, могуць спакойна вучыцца і працаваць. У гэтым ёсць, хоць і невялікая, але і яе заслуга таксама. Хоць і падводзіць ужо здароўе, але Н.Я.Кальверш вельмі хочацца адзначыць сёлета галоўнае майскае свята і пабываць на абноўленым “Прарыве”, каб разам з многімі ўшачанамі аддаць даніну памяці ўсім, хто набліжаў гэтую Вялікую Перамогу.
Вольга КАМАРКОВА.