Страшные воспоминания детства Владимира Костюковича

70-годдзе Перамогі

Ад нашага бальшака, па якім кацілася вайна, засталася тая частка, якая ад Пліна паварочвае ў бок Чабатова, агібаючы балота. Да бальшака прымыкае ўзвышша, якое цягнецца аж да возера Вуцьвіна. А перад ім з боку Пліна на ўсю даўжыню – балота. Да вайны яго дзялілі на шнуры і касілі, выносячы вязкамі на бераг траву. Хто на подсціл, хто на корм жывёле. Дык вось на гэтай гары, ад якой да вёскі 100 метраў, немцы трымалі абарону. Яна ўся была ў траншэях і гнёздах для гармат.

Перад прарывам вёску запаланілі немцы. Быў устаноўлены каменданцкі час, пра які мы не ведалі. Мы, гэта я і Толя з Ленінграда, якога бацькі перад вайной прывезлі да дзеда з бабай. У нас разам праходзіла ваеннае дзяцінства. Дарэчы, бацькі яго ў блакаду загінулі, з імі і старэйшы іх сын. Дык вось мы лавілі майскіх жукоў. Немец нас заўважыў, крыкнуў “стой”, але мы ўспелі ўскочыць у хату і схавацца пад палок. Немец у хаце кляцнуў затворам. Баба Тоня стала на калені: “Паночак, не страляй! Яны малыя”. Ён выцягнуў мяне (во дзе было страху) і пераканаўся ў гэтым. Днём перад боем нам загадалі ў лазні сушыць абмундзіраванне пад наглядам немца.

Увесь дзень над лесам і вёскай кружыў самалёт-рама, вяліся фотаздымкі. Як толькі пачаліся прыцемкі, загрымеў бой. Мы ляжалі на падлозе ў лазні. Мне ўдалося прыадчыніць крыху дзверы, кулі ляцелі з боку лесу. Трасіруючыя. Параўнаць іх можна было з начным вогнішчам. А раніцай усіх жыхароў сталі зганяць у абору – хлеў з гліны з драўляным верхам з трыма варотамі. Ён і цяпер стаіць паміж Новым Сялом і Чабатовым. Калі нас гнаў немец, мама страціла прытомнасць: яна ведала, што нас будуць паліць. Так немцы рабілі заўсёды пасля бою з партызанамі. Немец стаў пароць яе штыком і яна апрытомнела. Вакол аборы ланцугом стаялі немцы. Асобна – група афіцэраў. І раптам я заўважыў, як з боку Чабатова ляцеў вершнік (коннік). Не даехаў да сваіх, даў у зямлю чаргу з аўтамата (і зараз уяўляю, як пырснула зямля) – гэта было зроблена, каб на яго звярнулі ўвагу. Пад’ехаў да афіцэраў, падаў ім нейкую паперу. Дзверы расчынілі і нас пагналі да бальшака, па якім рухалася калона людзей. Там былі і партызаны, і мірныя жыхары.

У гэтай калоне мы сустрэлі свайго палоннага бацьку. І так усёй сям’ёй ішлі да Ушач. Як толькі перайшлі мост, над калонай нізка праляцелі самалёты. Па-мойму, гэта былі нашы. Усе кінуліся хто куды: і канвойныя немцы, і мы. Самалёты паляцелі – і мы рушылі далей. Насупраць цяперашняй бальніцы была старая, там мы начавалі. Раніцай усіх пастроілі: мужчын адабралі і павезлі ў Германію, а нас пагналі ў бок Лепеля. Недзе за Вашкова зніклі нашы канваіры і мы разбегліся хто куды. Бліжэйшая вёска была Броўчына, дзе мы, галодныя, правялі некалькі дзён. Пасля мама павяла нас дадому. Праз Ушачы не ішлі, думалі – там немцы. Рухаліся на Арэхаўна, потым лесам да Лутава. Рэчку перайшлі ў раёне былога млына. Хата наша ўцалела, але ежы не было ніякай. На другі дзень пайшлі ў лес, дзе былі акружаны партызаны. Карнікі з сабакамі прачэсвалі наваколле. Калі мы ўзышлі на ўзгорак, з якога было бачна возера Сухія Акуні, доўга стаялі ў роспачы. Балота, прымыкаючае да возера, было ўсё ў рознакаляровых “купінах” – гэта ляжалі людзі з рэчамі. Ад сабак ратаваліся нават на вершалінах густых елак. Летам адтуль сыпаліся косці…

Некалькі гадоў таму я хадзіў па грыбы па той гары, дзе перад прарывам гуртаваліся радзівонаўцы. Раптам я заўважыў у зямлі лапік зялёнага сукна. Калі капнуў глыбей, убачыў косці чалавека, якія былі сабраны ў пакет і пахаваны…

Захаваўся ў маёй памяці і эпізод, які адбыўся ўжо пасля прарыву. Адзін немец у поўнай сваёй амуніцыі ўвечары прыйшоў у наш дом. У апошняй хаце сабраліся жанчыны, не зважаючы на правілы бяспекі, маўляў, разам і паміраць весялей. Да нас ён і завітаў. Сказаў “Гітлер капут” і застаўся на вячэру. Чымсьці частаваў нас. Добра захмялеўшы ад шнапсу, стаў паказваць нам фотаздымкі сваёй сям’і…

Першую зіму пасля вайны было вельмі цяжка. Быў голад. Мама малодшую сястру прыстроіла да радні, а са мной хадзіла па вёсках. Прасілі міласціну. Вясной, калі з Германіі прыйшоў бацька, стала лягчэй…

У.КАСЦЮКОВІЧ, в.Новае Сяло



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *