У мінулую пятніцу ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці назіралася асаблівая ажыўленасць. На ўрачыстасць, прымеркаваную да Першамайскага свята працы і прысвечаную адкрыццю новай раённай Дошкі гонару, сабраліся прадстаўнікі органаў улады, працоўных калектываў, ветэранскіх і маладзёжных арганізацый, грамадскасці. Галоўнымі ж віноўнікамі мерапрыемства сталі ўшачане, каго па праве можна назваць адным ёмістым словам – прафесіяналы.
Вынікі працоўнага саперніцтва ў калектывах падводзяцца штогод, і штогод напярэдадні 1 Мая спісы лепшых работнікаў папаўняюцца новымі прозвішчамі. Так, за 2015-ы пераможцамі прызнаны 18 чалавек – іх партрэты ўжо занялі пачэснае месца на раённай Дошцы гонару. Тут жа і шэсць лепшых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Ушаччыны.
– Наш раён багаты на працавітых, ініцыятыўных людзей, якія штодня аддаюць сілы і вопыт дзеля развіцця сваёй малой радзімы і ўсёй Айчыны, – такімі словамі старшыня райвыканкама В.В.Родзіч пачаў сваю прывітальную прамову да герояў і гасцей урачыстасці. – Упэўніцца ў гэтым яшчэ раз можна будзе ўжо 9 мая, падчас адкрыцця мемарыяльнага комплексу “Прарыў” – на гэтым знакавым аб’екце не адзін месяц працавалі жыхары нашага раёна, паспяваючы, між іншым, паспяхова спраўляцца і са сваімі прафесійнымі абавязкамі.
Пад гучныя апладысменты прысутных Віктар Віктаравіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка дыпломамі і падарункамі ўзнагародзілі тых людзей, прозвішчы якіх па выніках 2015 года занесены на раённую Дошку гонару, а таксама працоўныя калектывы, што дасягнулі летась найлепшых вытворчых паказчыкаў.
Трэба сказаць, што для многіх з тых, хто ўзнімаўся ў гэты вечар на сцэну, нават святочныя дні часта з’яўляюцца працоўнымі. У ліку такіх, напрыклад, вадзіцель аўтамабіля ўчастка г.п.Ушачы філіяла “АТП №6 г.Наваполацк” Аляксандр Мікалаевіч Правада. Вось і на ўзгаданую ўрачыстасць мужчына трапіў, як кажуць, з карабля на баль: ледзь паспеў пераапрануцца, вярнуўшыся з чарговага рэйсу. Няпроста было вылучыць некалькі гадзін у шчыльным працоўным графіку і аграрыям – дырэктару ААТ “Дземенец” Аляксандру Віктаравічу Шарыпенку, жывёлаводу ААТ “Ільюшынскі” Антаніне Уладзіміраўне Біруковай і аператару машыннага даення КУСГП “Вялікадолецкае” Таццяне Сцяпанаўне Пуя.
Напэўна, менш за астатніх хвалявалася, узнімаючыся ў гэты вечар на сцэну, настаўніца нямецкай мовы Людміла Іванаўна Данькова: такі вопыт у яе нядаўна ўжо быў, на раённую Дошку гонару жанчына занесена другі год запар. Таксама не навічок у ліку лепшых працаўнікоў Ушаччыны метадыст аддзела метадычнай работы Галіна Сяргееўна Рудзёнак – некалькі гадоў таму яе працоўныя заслугі адзначаліся на раённым узроўні. Дарэчы, абедзвюм жанчынам на цырымоніі ўшанавання давялося парадавацца двойчы, бо іх родныя калектывы – Ушацкая сярэдняя школа (дырэктар – Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі) і раённы цэнтр культуры і народнай творчасці (Марына Пятроўна Макрыдзіна) – таксама занесены на раённую Дошку гонару.
Шмат карысці раёну і яго жыхарам штодня прыносяць сваёй працай Вольга Аляксееўна Шэўчанка, Ала Мікалаеўна Крыштопенка, Алена Фёдараўна Шлёнская, Валянціна Пятроўна Валяйцёнак, Наталля Аляксандраўна Спірыдовіч, Сяргей Леанідавіч Якіменка. З’яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі сваёй сферы Лілія Альбінаўна Долгая, Аляксандр Уладзіміравіч Шакута, Рыма Леанідаўна Аніскевіч, Таццяна Пятроўна Беласлудцава, Мікалай Уладзіміравіч Паўленка. Напярэдадні Дня Перамогі знамянальна прысутнасць сярод лаўрэатаў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, старшыні Глыбачанскай пярвічнай арганізацыі ветэранаў Дзям’яна Уладзіміравіча Крупені.
На вышыні па галоўных вытворчых паказчыках акрамя ўжо прыгаданых ААТ “Дземенец” (дырэктар Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка) і УП ЖКГ (Станіслаў Браніслававіч Завадскі). Добра спрацавалі філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” (Міхаіл Іванавіч Жарнасек) і Жарскі сельвыканкам (старшыня – Святлана Цімафееўна Міхейка).
Нямала цёплых слоў прагучала ў гэты вечар у адрас лепшых працаўнікоў Ушаччыны. Работнікі ж культуры, самадзейныя артысты раёна парадавалі ўсіх прысутных канцэртам. Безумоўна, такая форма грамадскага прызнання з’яўляецца не толькі ўдзячнасцю за добрую працу, але і моцным стымулам для далейшых здзяйсненняў. А ў тым, што яны будуць, можна не сумнявацца, бо працаваць на Ушаччыне спрадвеку ўмелі і любілі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.