Как готовят и чем кормят тружеников в сельхозорганизациях Ушаччины

Сельское хозяйство

Не кожнаму ў харчах і жонка дома дагодзіць, а нагатаваць на некалькі дзясяткаў ратоў – справа тым больш адказная, таму не ўсялякая жанчына на яе і адважыцца. Але повары КУСГП “Вялікадолецкае” Вера Смаляк і Наталля Азевіч (на здымку) – працаўніцы з вопытам і могуць не толькі наталіць голад мясцовых механізатараў, але і папесціць смачненькім, хоць і адзначаюць непатрабавальнасць хлопцаў.

Каб сейбіты атрымалі гарачыя стравы да абеду, “варажыць” над катламі ў сталовай гаспадаркі ў Касарах жанчыны пачынаюць з раніцы. І хоць сам будынак знешне яўна патрабуе рамонту, абсталяванне ўнутры вотчыны повараў і самі гаспадыні працуюць як след.

– Два разы ў дзень кормім сваіх механізатараў, – расказвала Вера Канстанцінаўна старшыні райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу Уладзіміру Мікалаевічу Кругліку, разам з якім завіталі ў сталовую. — Вось сёння на абед суп гарохавы, катлеты, чай. Мяса ў рацыёне абавязкова, бо цяжка мужчыны працуюць, а як пад’ясі – такая і справа. Разумее гэта і заўсёды цікавіцца, якія стравы гатуем, наш дырэктар Іван Піліпавіч Дарошчанка, таму з прадуктамі праблем не ўзнікае.

У КУСГП “Вялікадолецкае” харчаванне для працаўнікоў, занятых на палявых работах, поўнасцю бясплатнае – гаспадарка ўсе затраты ўзяла на сябе. Тым жа, хто парушыў дысцыпліну, прыйдзецца ад абеду або адмовіцца, або плаціць поўны кошт, які, па словах галоўнага эканаміста сельгаспрадпрыемства Людмілы Іванаўны Гоман, складае каля 25­30 тысяч рублёў. Трэба сказаць, што для вялікіх порцый, якія бачыў на ўласныя вочы, гэта нямнога. Паменшыць выдаткі дазваляе выкарыстанне ўласнай ялавічыны, а свініну, курэй і каўбасы набываюць як праз райспажыўтаварыства, так і напрамую праз мясакамбінат ці камбінат хлебапрадуктаў. У “Вялікадолецкім” жа з выганам жывёлы на пашу арганізоўваюць і кармленне пастухоў .

Поўнасцю бясплатным двухразовым харчаваннем забяспечаны і сумленныя працаўнікі КУСГП “Глыбачаны”. Дырэктар прадпрыемства Сяргей Іванавіч Кірпічонак паведаміў, што па патрабаваннях санітарнай службы раёна ў сталовай праведзены касметычны рамонт. Як і ў астатніх гаспадарках, набылі неабходны посуд, дакупілі, што трэба – тэрмасы, лыжкі, відэльцы, кружкі. “З пачатку сяўбы спрабавалі разам з абедам прывозіць на поле і падвячорак: каўбасы ці кансервы, яйкі, белы хлеб… Але ўсё гэта ў кабінах за гадзіны працы растрасецца, ды і не кожную каўбасу можна на спёцы трымаць. Вырашылі, што гэта не той выпадак, калі можна зэканоміць – зараз і вечарам возім гарачае, у тым ліку і на пашы”, – расказаў кіраўнік.

У “Райаграсэрвісе” сейбіты кормяцца са сталовай гаспадаркі бясплатна, а пастухам выдаюць прадукты, і яны гатуюць самі. А ў КУСГП “Кублічы” механізатары адмовіліся ад харчавання – у гаспадарцы калектыўным дагаворам прадугледжана 30­працэнтная аплата, але работнікі вырашылі, што і гэта многа, таму бяруць абеды з сабой.

Гэта адзінкавы выпадак, бо ў астатніх сельгаспрадпрыемствах, дзе таксама прадугледжана частковая аплата за абеды, арганізавана двухразовае харчаванне. Механізатары “ААТ “Дземенец”, калі працавалі ля цэнтральнай сядзібы, падсілкоўваліся ў сталовай. Зараз жа людзі і тэхніка перамясціліся на дубраўскія палеткі, куды і дастаўляюцца гарачыя абеды, а з заробку сейбітаў вылічваюцца сімвалічныя 10 працэнтаў іх кошту. Сталовая ж не апусцела – завітваюць сюды рабочыя складской гаспадаркі, кормяць і пастухоў.

– Дзясятую частку вылічваюць з зарплаты і ў працаўнікоў КУСГП “Арэхаўна”, – расказвае У.М.Круглік, які пытанне арганізацыі харчавання ў гаспадарках трымае на кантролі. – Сталовая ў Слабадзе працуе спраўна, умовы тут выдатныя, а механізатары і пастухі ў абед атрымліваюць нават двайную норму ад разліковай.

Як паведаміў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Генадзь Паўлавіч Грабоўскі, у гаспадарцы забяспечана паўнацэннае харчаванне працаўнікоў нягледзячы на ўсе фінансавыя цяжкасці. Бульбу, напрыклад, закупілі ў мясцовых жыхароў, разлічвацца з якімі будуць зернем з будучага ўраджаю.

Даспадобы абеды і работнікам ААТ “Агра­Селішча”, дзе хваляць і страву, і тых, хто яе прыгатаваў. На мінулым тыдні заходзіў у сталовую якраз пад поўдзень і застаў за сталом Генадзя Подраза і Анатоля Жаваранка. Хлопцы, якія толькі адставілі ўбок пустыя талеркі з­пад супу і браліся за вялікія порцыі другога, паведамілі, што працуючыя непадалёк механізатары ядуць на месцы, а трактарысты на дальніх “рубяжах” і пастухі двойчы на дзень атрымліваюць гарачае ў полі. Са сваёй кішэні аплачваюць селішчанскія працаўнікі 20 працэнтаў кошту абедаў.

Такая ж цана іх і для работнікаў ААТ “Ільюшынскі”, дзе сілкаваннем мясцовых механізатараў займаецца трыо працаўніц – загадчыца сталовай Святлана Майсеенка, повар Ірына Кемстач, а ў задачы Алены Бягун акрамя кухарства ўваходзіць і дастаўка абедаў з падвячоркамі непасрэдна да месца працы занятых на сяўбе людзей. Колькасць порцый вызначаецца раніцай у дыспетчарскай, калі галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Сяргеевіч Селівёнак дакладна сплануе, хто і дзе будзе ў полі і на пашы. Работніцам харчаблока двойчы на дзень даводзіцца гатаваць у сярэднім на 30 чалавек.

У цэлым можна сказаць, што арганізацыя харчавання механізатараў і пастухоў у гаспадарках раёна добрая, і пытанне як і дзе паесці, не турбуе сейбітаў і жывёлаводаў, не адцягвае ўвагі ад асноўнай справы, якой яны заняты ад цёмнага да цёмнага. Таму ў надоях і будучых намалотах ёсць вялікі ўклад і работніц сталовых, якія разумеюць важнасць сваёй дзейнасці, шкадуюць “мальцаў” і прыслухоўваюцца да іх пажаданняў, працуюць з душой. Вось і атрымліваюцца стравы каларыйныя, смачныя і скаргаў на повараў пакуль не даводзілася чуць. Акрамя адной – вельмі многа накладаюць!

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *