Недобросовестность работников и отсутствие контроля со стороны специалистов стали причиной низких показателей КУСХП «Ореховно»

Сельское хозяйство

КУСГП “Арэхаўна” не можа пахваліцца ні высокімі паказчыкамі ў жывёлагадоўлі, ні поспехамі на палях. Сельгаспрадпрыемства апошнім часам трывала замацавалася ў ліку адстаючых. Такая крытычная сітуацыя стала нагодай для сур’ёзнай размовы старшыні райвыканкама В.В.Родзіча з кіраўніцтвам прадпрыемства, у якой прынялі ўдзел і спецыялісты райсельгасхарча.

Элементарны матэматычны разлік

Як вядома, фонд заработнай платы работнікаў не павінен перавышаць 25 працэнтаў ад выручкі. Адзінай жа крыніцай даходу на сённяшні час застаецца малако.  Гэта значыць, што каб выплаціць  толькі мінімальную заработную плату (!) 68 работнікам калектыву “Арэхаўна”, за месяц трэба прадаваць 181 тону малака. Пры таварнасці 90 працэнтаў даіць адпаведна трэба 201 тону. Яшчэ адно патрабаванне – “экстра” павінна складаць не ніжэй 80 працэнтаў. У “Арэхаўне” за сакавік надаілі 195 тон. Здаецца, вельмі блізка для запаведных “лічбаў”. Аднак, таварнасць склала толькі 84 працэнты, а экстра на ўзроўні толькі  25. Трэцяя частка ідзе наогул першым гатункам, якога па сутнасці не павінна быць.  За тры месяцы з Лепельскага малочнакансервавага камбіната назад вярнулі 4700 кілаграмаў. Калі б гэтае малако пайшло самым высокім гатункам, гаспадарка б зарабіла каля 25 мільёнаў рублёў, а рэальна атрымалі толькі страты за транспарціроўку.

Жывёлаводы гэтай гаспадаркі часта скардзяцца на “дрэнныя пароды” кароў. Аднак надой толькі на 20­30 працэнтаў залежыць ад генетычных якасцяў жывёлы і на 70­80 – ад умоў утрымання і кармлення. Вынікі ў жывёлагадоўлі залежаць не ад аднаго чалавека, а ад калектыўнай працы. Пастухі недакармілі – даяркі менш надаілі. Падаілі ў бруднае абсталяванне, лабарант ці загадчык не пракантраляваў – малако вернута назад. Менавіта чалавечы фактар застаецца асноўным  у гэтым тэхналагічным ланцугу, хоць гаворка ідзе нават не пра дакладнае захаванне рэгламенту, а пра элементарнае выкананне сваіх абавязкаў. Работнікі “Арэхаўна” дазваляюць сабе не выходзіць на працу без уважлівых прычын і ўстройваць цэлыя “канікулы”. А таму адкуль узяцца высокім надоям?

Навесці гаспадарчы парадак

Палепшыць сітуацыю можна, прымаючы канкрэтныя меры як  пакарання, так і заахвочвання работнікаў. Напрыклад, немалаважным стымулам для працаўніка з’яўляецца матэрыяльнае ўзнагароджанне. У гаспадарцы ж зарплата лепшай даяркі складае 2 – 2,2 мільёна рублёў, горшая тым часам атрымлівае 1,3 мільёна. За невыкананне сваіх абавязкаў, да прыкладу, у сакавіку з тых, хто правініўся, знялі даплаты, якія склалі ўсяго 200­250 тысяч рублёў. Між тым страты гаспадаркі з­за іх нядбайнасці вылічаюцца мільёнамі!

Відавочна, што такія працаўнікі прыносяць “Арэхаўну” больш урону, чым карысці. Але нягледзячы на такія адносіны да працы кіраўніцтва па­ранейшаму трымае такіх гора­працаўнікоў, не прымаючы да іх ніякіх мер уздзеяння, траціць сродкі на выплату ім заработнай платы. За невыкананне абавязкаў, упушчэнні і прагулы за апошні месяц, напрыклад, мала хто панёс пакаранне. Закрываюць вочы і не кантралююць як след працаўнікоў і спецыялісты гаспадаркі. Нават дакладныя і тлумачальныя кіраўніку за дапушчаныя работнікамі прагулы тут складаліся няправільна.

Тым часам пачаўся летне­пашавы перыяд утрымання буйной рагатай жывёлы, а разам з ім з’явіліся і новыя праблемы. Так, у мінулыя выхадныя ўслед за пастухамі познім вечарам пайшлі “гуляць” і каровы, якіх заўважылі супрацоўнікі міліцыі і паведамілі дырэктару. Вяртаць жа статак на ферму  Генадзю Паўлавічу Грабоўскаму прыйшлося асабіста.

– Непрыняцце мер і бяздзеянне ў адносінах да такіх вось работнікаў і прыводзіць да крытычнай сітуацыі. Трэба прымаць максімальныя меры і патрабаваць як са звычайных жывёлаводаў,  так і са спецыялістаў прадпрыемства. Навядзіце гаспадарчы парадак! – адзначыў В.В.Родзіч.

“Не маю паняцця, як пасвіць!”

Па даручэнні кіраўніка раёна на наступны ж дзень у Сарочынскім сельвыканкаме прайшоў Савет прафілактыкі, на які былі выкліканы несумленныя работнікі. З 68 працуючых такіх набралася 20 чалавек, а гэта практычна трэцяя частка калектыву! У кожнага з іх сваё апраўданне і прычыны прагулаў. Найчасцей жа гучала “хварэў”, “стаміўся” і “не хачу пасвіць”. Матывы розныя, а прычына, якая аб’ядноўвала ўсіх, адна – злоўжыванне спіртнымі напіткамі. Жывёлавод У.Каваленка, напрыклад,  нават меў нахабнасць прапаноўваць дырэктару гаспадаркі пасвіць жывёлу разам, а сваю адсутнасць на рабоце патлумачыў хваробай, даведкі аб чым, вядома ж, няма. А на заўвагу членаў Савета прафілактыкі аб ужыванні спіртнога не менш нахабна зазначыў: “А што тут такога?” Наадрэз адмовіўся пасвіць і ўстроіў сабе выхадныя і слесар­жывёлавод з гаваркім прозвішчам Нядбальскі: “На пасту не паганю, хоць і 10 мільёнаў плаціце, я не магу – у мяне нага мёрзне!” Спаслаўся на хворую нагу і яшчэ адзін прагульшчык – С.Жарнасек. Не выйшаў на работу, як толькі жывёлу выгналі ў поле і Я.Курбака, які згодны працаваць хоць дзе, толькі не пастухом. А.Долгі наогул заявіў усім прысутным, што не мае паняцця, як пасвіць кароў. Навучыцца можна ўсяму, а вось адмовіцца ад шкоднай звычкі выпіваць штодня гэтаму маладому чалавеку ўжо вельмі цяжка.

– Іншай работы для вас у мяне няма. Сёння ў пастухоў заработная плата 5 мільёнаў рублёў, да таго ж гарантаваны абед, падвоз і забяспечанасць спецадзеннем,  – зазначыў дырэктар КУСГП “Арэхаўна” Г.П.Грабоўскі.

Сваю адсутнасць на працоўным месцы жывёлавод фермы Ціханяты В.Львова патлумачыла стомленасцю, як і А.Шэўчанка, якому захацелася адпачыць. Высвятляць прычыну доўга не прыйшлося – яна была бачна на іх тварах. Два месяцы таму на Савет прафілактыкі ўжо выклікалі С.Кірпічонка, але прафілактычныя размовы мала паўплывалі на яго. Слесар­электрык, які выдатна разбіраецца ў праводцы, рухавіках, трывала сябруе з “зялёным зміем”, на гэты раз зноў паабяцаў “узяцца за галаву”. Такія ж абяцанні гучалі і ад зваршчыка А.Грышчанкова. Ён у адрозненні ад сваіх калег ужо з раніцы паспеў папрацаваць на  мехдвары. Усвядоміў і паабяцаў старанна выконваць свае абавязкі і не злоўжываць спіртным выдатны  (па словах кіраўніка) трактарыст А.Вітко.

З 11 чалавек, якія прыйшлі на Савет прафілактыкі, з пяццю у гэты дзень развіталіся. Трое былі звольнены па Дырэктыве №1 за прагулы, двое пакінулі рабочыя месцы па згодзе бакоў, яшчэ па адным было прынята рашэнне па абмежаванні дзеяздольнасці і заработную плату за яго будзе атрымліваць жонка. Для тых жа, хто застаўся працаваць, не будзе абсалютна ніякага паслаблення і другіх шанцаў. Тыя, хто сёння дазваляе сабе прагульваць, не выконваць даручаную справу як след, не патрэбны сельгаспрадпрыемству. Даяркам фермы Слабада, якія праігнаравалі выклік на Савет прафілактыкі, пазбегнуць сур’ёзных размоў і, магчыма, звальнення не атрымаецца. “Мы жывём так, як працуем, а таму не будзе ў нас поспехаў, дрэнныя работнікі сапраўды нікому  не патрэбны,” – зазначыў Г.П.Грабоўскі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *