Свою лепту в реконструкцию «Прорыва» вносят и аграрии Ушаччины

Общество

Дзякуючы штодзённым штабам вызначаецца канкрэтны аб’ём для кожнага ўдзельніка рэканструкцыі “Прарыву” і людзі, занятыя на аднаўленні мемарыяла, уключаюцца ў рабочы працэс з самага пачатку дня. У пятніцу, каля 9 гадзін, работы на аб’екце ўжо ішлі поўным ходам. Працавалі над завяршэннем абсталявання пешаходных дарожак і стаянак дарожнікі, экскаватар прадпрыемства меліярацыйных сістэм каўшом выбіраў з балотнага грунту карчы і іншыя рэшткі расліннасці, шмат было людзей на мемарыяльным комплексе і прылеглай тэрыторыі.

На завяршаючым этапе рэканструкцыі да добраўпарадкавання тэрыторыі мемарыяла далучыліся і некаторыя сельгаспрадпрыемствы. Вядома ж, працуюць тут тыя работнікі, што незаняты на сяўбе. Прайшла гадзіна – а ўжо былі бачны вынікі дзейнасці рабочых ААТ “Агра­-Селішча”, якія раўнялі тэрыторыю ля вадаёма. У многім гэтаму спрыяла зладжаная праца “Амкадора” і невялікага трактара “Беларус­320.4” з каўшом, што падвозіў грунт амаль да самага берага. Побач завіхаліся рабочыя і механізатары “Вялікадолецкага”. “Другі дзень сёння тут, – паведаміў машыніст пагрузчыка Васіль Мылянаў. – І мне прыемна, што магу ўнесці сваю лепту ў высакародную справу рэканструкцыі нашай святыні”.

Участак берага, дзе знаходзілася зона адказнасці вялікадальчан, больш нізінны, тэхніцы не пад’ехаць, таму для транспарціроўкі грунту тут выкарыстоўвалі насілкі. Па словах намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Вітальевіча Галяковіча, да добраўпарадкавання тэрыторыі “Прарыву” таксама прыклалі рукі аграрыі ААТ “Ільюшынскі”, будзе дапамога і з боку “Дземенца”.

На пад’ёме да мемарыяла разам працавалі работнікі “Віцебскгандальбуда” і прадстаўнікі ўстаноў культуры раёна – першыя завяршалі ўкладку пліткі на пад’ёме да вяршыні мемарыяла, а культработнікі займаліся стварэннем газонаў з кветнікамі, што размесцяцца ля сцен з назвамі партызанскіх брыгад. Ну а найбольш ажыўлена было ля скульптуры партызана, якая паблісквала на сонцы свежай бронзавай фарбай. Але аўтакран з пад’ёмнікам стаяў побач. “Сёння пафарбуем яшчэ раз і фігура будзе поўнасцю гатова”, – пракаменціраваў ход работ галоўны інжынер “Віцебскгандальбуда” Алег Генадзьевіч Шчарбакоў, які кантраляваў ход работ па абліцоўцы гранітам падножжа помніка.

На “Пляцоўцы Памяці” комплексу ва ўсю вядуцца работы па ўкладцы пліткі, практычна гатовы спецыяльныя падстаўкі для мацавання пліт з імёнамі загінуўшых, зманціраваны “Вечны агонь” арыгінальнага дызайну – з кожным днём новае аблічча “Прарыву” становіцца ўсё больш выразным.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *