“Добрасумленныя адносіны да сваіх працоўных абавязкаў – гэта мой прынцып, маё крэда. Лічу, што гэта павінна быць нормай для кожнага работніка любой арганізацыі”.
З гэтых слоў пачалася наша размова з правізарам Ушацкай раённай бальніцы Таццянай Мікалаеўнай Падворнай, а граматы раённага і абласнога ўзроўняў за высокі прафесіяналізм і ўзорнае выкананне працоўных абавязкаў у яе кабінеце толькі яшчэ раз падкрэслілі сказанае.
Быць для астатніх прыкладам заклалася ў яе свядомасць яшчэ ў школьныя гады. Бацькі былі педагогамі, і каб трымаць сямейную марку, дзяўчына глыбока асвойвала ўсе прадметы. Пайсці ж па слядах бацькоў і прадоўжыць сямейную дынастыю Таццяне не давялося. Кропку ў выбары будучай прафесіі паставіла маці: “Пойдзеш вучыцца на фармацэўта!” Менавіта гэтую сферу яна абрала таму, што моцна хварэў бацька, і хацела, каб хтонебудзь у сям’і добра разбіраўся ў леках. Маючы шырокі запас ведаў, дзяўчына паспяхова паступіла на фармацэўтычны факультэт Магілёўскага медыцынскага вучылішча. Дзень размеркавання Таццяна Мікалаеўна памятае, як цяпер: убачыўшы на карце самае блакітнае месца – Ушачы, яна з упэўненасцю сказала, што хоча працаваць менавіта там, хоць раней пра населены пункт нічога не ведала. На роднай Магілёўшчыне не было такой колькасці азёр. Так яна і трапіла на Ушаччыну, дзе першым працоўным месцам стала цэнтральная раённая аптэка. За час работы ў аптэцы ёй прыйшлося прайсці практычна праз усе пасады і набыць багаты вопыт. Паралельна Таццяна Мікалаеўна атрымала і вышэйшую адукацыю, скончыўшы Віцебскі медыцынскі інстытут. Акрамя таго, што яна паспявала выдатна спраўляцца з усімі сваімі абавязкамі, прымала актыўны ўдзел і ў грамадскім жыцці, была дэпутатам пасялковага Савета. Таццяна Мікалаеўна і зараз пастаянна прымае ўдзел у выбарчых кампаніях, перапісе насельніцтва, уваходзіць у склад шэрагу камісій. У 80х гадах у конкурсе “Лепшы па прафесіі” заняла першае месца ў раёне і трэцяе ў вобласці. Фотаздымкі з гэтага мерапрыемства і выразкі з газеты беражліва захоўваюцца і зараз у сямейным архіве.
Адзінаццаць гадоў таму Т.М.Падворнай прапанавалі заняць месца правізара ў раённай бальніцы. Жанчына згадзілася:
– Калі ў аптэцы працуе цэлая каманда, то тут ты павінен адзін справіцца з немалым аб’ёмам работы. І мне захацелася паспрабаваць.
З усімі ўскладзенымі на яе абавязкамі гэтая працавітая жанчына, канечне, справілася. У чым жа заключаецца работа правізара? Калі ахарактарызаваць яе коратка, то гэта забеспячэнне лекавымі сродкамі медустаноў раёна – ЦРБ, бальніц сястрынскага догляду і фельчарскаакушэрскіх пунктаў. Спраў у Таццяны Мікалаеўны штодня шмат, яна ніколі не сядзіць на месцы. Калі трэба, затрымліваецца на рабоце, выходзіць у выхадныя дні, бо разумее ўсю важнасць справы.
Адпрацаваўшы ў гэтай галіне 30 гадоў, Т.М.Падворная з упэўненасцю сцвярджае, што абрала правільны прафесійны шлях. І сёння яна ўдзячна сваёй маці, што зарыентавала яе менавіта ў гэтую прафесію. “Так добра, калі ты раніцай з задавальненнем ідзеш на працу! А любімая работа – гэта фундамент дабрабыту”. Ніколькі не шкадуе, і што ў дзень размеркавання выбрала блакітную Ушаччыну. Тут яна сустрэла сваю другую палавінку – мужа Міхаіла, тут нарадзіліся сын і дачка, штодня радуюць два любімыя ўнукі.
У гэтай добразычлівай жанчыны ёсць яшчэ адно залатое правіла – адносіцца да людзей так, як ты хочаш, каб яны ставіліся да цябе. Таму і не дзіўна, што ў яе шмат сяброў, што выдатныя адносіны складваюцца з суседзямі і калегамі. Сярод усіх яна карыстаецца павагай, а таму абсалютна заслужана прозвішча Таццяны Мікалаеўны Падворнай летась заносілася на раённую Дошку гонару.
Вольга КАМАРКОВА.