Днямі давялося трапіць у аддзел загса Ушацкага райвыканкама для афармлення неабходных дакументаў (ажыццяўляецца працэдура на платнай аснове). І хоць кошт паслугі для нашай сям’і цалкам “пад’ёмны”, але ж, наколькі зразумела, ён павялічыўся ў параўнанні з 2015 годам. На якія яшчэ паслугі загса вырасла плата і наколькі?
Пытанне, якое паступіла днямі ў рэдакцыю ад нашай чытачкі, мы пераадрасавалі начальніку аддзела загса Ушацкага райвыканкама Алене Мікалаеўне МАЛАШЧАНКА.
Сапраўды, з 1 студзеня 2016 года змяніліся некаторыя стаўкі дзяржаўнай пошліны за ажыццяўленне дзеянняў, звязаных з рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану. Так, з 0,5 да 1 базавай велічыні павялічана стаўка дзяржпошліны за выдачу паўторнага пасведчання аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. На столькі ж вырасла плата за выдачу пасведчання ў сувязі з унясеннем змяненняў, дапаўненняў, выпраўленняў у запісы. Удвая больш – ужо 2 базавыя велічыні – давядзецца заплаціць за рэгістрацыю перамены прозвішча, асабістага імя, імя па бацьку, уключаючы выдачу адпаведнага пасведчання. Гэтак жа – і з рэгістрацыяй скасавання шлюбу па рашэннях судоў, якія ўступілі ў законную сілу да 1 верасня 1999 года (за выключэннем выпадкаў, калі рашэннем суда асоба вызвалена ад аплаты дзяржпошліны).
Больш падрабязную інфармацыю па названых і іншых паслугах, якія аказвае загс, можна атрымаць па нумары 27785.