З афармленнем лiстка непрацаздольнасцi цi, як яго ўсе прывыклi называць, “бальнiчнага” сутыкаўся кожны. Працэдура, здаецца, вядомая i зразумелая. Аднак гэта толькi на першы погляд. З пытаннямі пра асаблівасці афармлення і атрымання “бальнічнага”, з якімі ў раённы аддзел Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва часта звяртаюцца плацельшчыкі, наша сённяшняя гутарка з начальнікам службы А.В.ПАШКОВІЧ:
– Алена Васільеўна, у якіх выпадках і дзе ў лістку непрацаздольнасці робяцца запісы “Выпраўленаму верыць”, “Закрэсленае не чытаць”?
– Паводле пункта 66 Інструкцыі аб парадку выдачы і афармлення лісткоў непрацаздольнасці і даведак аб часовай непрацаздольнасці, запісы аб выпраўленнях робяцца ў левым полі бланка. Кожнае з якіх засведчваецца подпісам і пячаткай лечачага ўрача, а таксама пячаткай арганізацыі аховы здароўя “Для лісткоў непрацаздольнасці і даведак”.
Запісы, унесеныя ў лісток непрацаздольнасці (даведку) памылкова, якія не патрабуюць выпраўленняў, закрэсліваюцца адной рыскай. Пры гэтым на левым полі робіцца запіс “Закрэсленае не чытаць”, ставіцца подпіс, пячатка лечачага ўрача і вышэй прыгаданая пячатка медустановы. Калі ж без выпраўленняў не абысціся, выкарыстоўваецца запіс “Выпраўленаму верыць”.
– Ці правамерна рабіць адначасова два запісы ў дачыненні аднаго выпраўлення?
– Не, гэтага Інструкцыяй не прадугледжана.
– Колькі такіх запісаў можа быць на палях “бальнічнага”?
– Не больш двух. Лісткі непрацаздольнасці, пры афармленні якіх дапушчана больш памылак, з’яўляюцца сапсаванымі і падлягаюць замене.
– “Бальнічны” згублены… Што рабіць у такім выпадку?
– Трэба ісці ў арганізацыю аховы здароўя, якая выдала згублены лісток непрацаздольнасці. Пры сабе неабходна мець пашпарт ці іншы дакумент, які пацвярджае асобу.
– Ці выдаецца лісток непрацаздольнасці чалавеку без пашпарта?
– Экспертыза часовай непрацаздольнасці (у прыватнасці, выдача, падаўжэнне, закрыццё лістка непрацаздольнасці) праводзіцца пры наяўнасці ў пацыента пашпарта ці іншага дакумента, які пацвярджае асобу. Калі ж іх няма, адпаведная інфармацыя ўносіцца ў медыцынскія дакументы пацыента, журнал рэгістрацыі выдадзеных лісткоў непрацаздольнасці і журнал рэгістрацыі выдадзеных даведак аб часовай непрацаздольнасці ўстаноўленай формы.
Адзначу таксама, што пры аказанні чалавеку медыцынскай дапамогі на ананімнай аснове экспертыза часовай непрацаздольнасці яму не праводзіцца.