Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 красавіка прыняў удзел у сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, на якім звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.
Аб эканоміцы
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэты год павінен стаць пераломным у пераадоленні негатыўных тэндэнцый у эканамічнай сферы. У апошнія 23 гады тэмпы развіцця ў эканоміцы запаволіліся. “І хоць асноўную ролю ў гэтым адыгралі знешнія фактары, тым не менш, трэба прызнаць і свае недапрацоўкі. Мы адстаём ад перадавых краін па ўзроўні прадукцыйнасці працы, затратах энергіі, матэрыялаў і ў канчатковым выніку па канкурэнтаздольнасці тавараў і паслуг. Пагрозам нашай эканамічнай бяспецы мы павінны проціпаставіць арганізаванасць і ініцыятыву, мабілізацыю ўсіх рэсурсаў і ўменне эфектыўна гаспадарыць”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У першую чаргу стаўку трэба рабіць на ўкараненне эфектыўных метадаў кіравання, выкарыстанне сучасных стандартаў якасці і тэхналагічных рэгламентаў. “Тут прамое даручэнне міністрам – значную долю зніжэння затрат трэба забяспечыць менавіта за кошт гэтых фактараў. Яшчэ раз прапрацуйце пытанне аб скарачэнні невытворчых расходаў, адмоўцеся ад тых капітальных укладанняў, якія ў бліжэйшы час не дадуць аддачы”, – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Істотным фактарам зніжэння сабекошту прадукцыі з’яўляецца адмова прадпрыемстваў і арганізацый ад нядобрасумленных пасрэднікаў, якія выкарыстоўваюць шэрыя схемы для накруткі цэн на сваю карысць пры пастаўках сыравіны, запчастак або камплектуючых дэталей, асабліва зза межаў краіны.
Лукашэнка даручыў ураду падрыхтаваць да 1 ліпеня дзяржпраграму інавацыйнага развіцця. Ён падкрэсліў, што ў рэалізацыі інавацыйнай стратэгіі першае месца адводзіцца Нацыянальнай акадэміі навук і Парку высокіх тэхналогій. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што лічыць нездавальняючай работу па стварэнні Кітайскабеларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”.
“Асноўнай стратэгіяй развіцця і асновай дзяржаўных прадпрыемстваў павінны стаць эфектыўнасць і прыбытковасць. Кожнае праблемнае прадпрыемства неабходна разгледзець зыходзячы з перспектыў яго дзейнасці. Але закрыццё прадпрыемстваў – гэта не перспектыва, размова ідзе аб ліквідацыі неэфектыўнай дзейнасці, а не прадпрыемстваў і калектываў. Гэта значыць аб тым, каб удыхнуць у іх новае жыццё за кошт інвестыцый, новых тэхналогій, новых сістэм кіравання, новых вытворчасцей”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што задача штогод ствараць 50 тыс. новых рабочых месцаў з’яўляецца мінімальным патрабаваннем. Звяртаючыся да старшынь аблвыканкамаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мясцовыя органы ўлады павінны сканцэнтраваць намаганні на стварэнні неабходнай інфраструктуры для новых рабочых месцаў у малым бізнесе і ўмоў для яго росту.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сельская гаспадарка – важнейшая сфера дзейнасці, якая вызначае не толькі харчовую бяспеку і сацыяльную стабільнасць у грамадстве, але і экспартны патэнцыял краіны. “Беларускія прадукты запатрабаваны. Гэта ў асноўным заслуга нашых перадавых гаспадарак. Аднак іх, на жаль, у нас недастаткова. Па выніках мінулага года амаль кожная чацвёртая сельгасарганізацыя стратная. Важнейшы элемент аздараўлення эканомікі вёскі – гэта выцягванне адсталых калектываў да ўзроўню сярэдніх, а тых у сваю чаргу – да перадавікоў. Элементарнае навядзенне парадку, захаванне дысцыпліны і тэхналагічных патрабаванняў, зладжаная арганізацыя работ павінны даць сур’ёзны штуршок для пераадолення адставання”, – падкрэсліў беларускі лідар.
“Беларусь ужо не першы год займаецца імпартазамяшчэннем. Аднак цяпер гэтаму напрамку трэба надаць новы імпульс і сэнс. Сфер прымянення даволі шмат. Маючы ў Беларусі вялікія зборачныя вытворчасці, мы да гэтага часу завозім камплектацыю зза мяжы: крэслы, аддзелачныя матэрыялы, аўтамабільнае шкло, аўтакампаненты. А іх жа трэба рабіць у нас. Вось дзе ніша для нашых прадпрымальнікаў і напрамкі канкрэтнай работы эканамічнага штаба краіны”, – сказаў Прэзідэнт.
“Якасць прадукцыі – гэта важнейшы складнік канкурэнтаздольнасці. На кожным прадпрыемстве “дыктатура якасці” павінна стаць паказчыкам прафесіяналізму ў арганізацыі вытворчасці”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
“Дзяржава абараняе і будзе абараняць правы, уласнасць і годнасць усіх прадпрымальнікаў, якія сумленна вядуць сваю справу. Але мы маем права чакаць няўхільнага выканання законаў, “выхаду з ценю” і адмовы ад нявыплаты падаткаў”, – заявіў А.Лукашэнка. “Што ў краіне нашай перашкаджае займацца бізнесам? Усе крычалі, што дазвольны прынцып, дайце заяўны. Далі – калі ласка, ідзі, пішы заяву і займайся бізнесам. Але калі нехта хоча займацца бізнесам ва ўласных інтарэсах і так, як ён лічыць патрэбным, не ўлічваючы наша заканадаўства, тады вам не месца работы ў Беларусі”.
“Галоўны стымул для інвестыцый – гэта выразныя і зразумелыя правілы і законы, якія выконваюць усе: як нашы айчынныя, так і замежныя інвестары. Але калі ў нас у эканоміцы ёсць такія законы, якія тармозяць працэс прыцягнення капіталаўкладанняў, то неабходна хутка рэагаваць і гібка адаптаваць да зменлівай рэальнай сітуацыі”, – адзначыў беларускі лідар. У сувязі з гэтым ён даручыў ураду да 1 верасня прааналізаваць і сістэматызаваць інвестыцыйнае заканадаўства і ўнесці адпаведныя прапановы.
“У гэтым годзе для аднаўлення эканамічнага росту неабходна прыцягнуць не менш як $1,5 млрд прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, што дасць магчымасць замясціць адсутныя ўнутраныя рэсурсы знешнімі крыніцамі”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аб сацыяльнай палітыцы
“У цяперашніх умовах для дзяржавы вельмі няпроста прытрымлівацца сацыяльнай накіраванасці і прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці. Але мы на гэтым стаім і будзем стаяць, нягледзячы на складанасці”, – запэўніў Аляксандр Лукашэнка. “У маёй перадвыбарнай праграме ў ліку важнейшых задач названа развіццё Беларусі як сацыяльнай дзяржавы, асноўны клопат якой – ствараць умовы для раскрыцця чалавечага патэнцыялу. Я зыходжу з таго, што ўзровень цывілізаванасці і гуманнасці грамадства ў першую чаргу вызначаецца яго стаўленнем да дзяцей і старых”.
“Што датычыцца задач у дэмаграфічнай сферы, то галоўнае застаецца нязменным: стварэнне ўмоў для росту насельніцтва краіны, – адзначыў беларускі лідар. – За дзесяцігоддзе з таго часу, як была прынята першая дзяржаўная праграма вырашэння дэмаграфічных праблем, мы атрымалі вынік, да якога імкнуліся: практычна сціснуты дэмаграфічныя нажніцы! У 2015 годзе ўзровень нараджальнасці практычна зраўнаваўся з узроўнем смяротнасці, нарадзілася амаль 120 тыс. дзяцей. Такой нараджальнасці не было больш як 20 гадоў”.
“Гэта самы галоўны наш здабытак, калі жанчына нараджае і поўнасцю ўпэўнена ў тым, што дзіця будзе здаровае, – сказаў Прэзідэнт. – Радуе і тое, што павялічваецца памер беларускай сям’і, больш як 56 працэнтаў нованароджаных – гэта другія і наступныя дзеці. Гэта прарыў”.
Ужо задзейнічаны такі механізм падтрымкі сям’і, як мацярынскі капітал, а таксама дапамога ў вырашэнні жыллёвых праблем. “Мы і ў далейшым будзем перш за ўсё ўдзяляць увагу шматдзетным сем’ям у плане жылля”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
“У гэтым годзе асаблівы грамадскі рэзананс атрымалі пытанні ўдасканалення нашай пенсійнай сістэмы, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Прымаючы рашэнне аб павышэнні пенсійнага ўзросту і пенсійнай рэформе, давайце прызнаем, што мы цягнемся ў хвасце падзей. Гэта даўно ўжо трэба было вырашыць. Таму тут ніякай надзвычайшчыны. І людзі спакойна гэта прынялі”. Тым не менш абмяркоўваліся розныя варыянты вырашэння гэтай праблемы. Найбольш рацыянальным прызнана паступовае павелічэнне ўзросту выхаду на пенсію.
“Галоўны пасыл – мы не маем намеру змяншаць памеры пенсій, таксама як і павялічваць падаткі на прадпрыемствы і сацыяльныя выплаты саміх працуючых у пенсійны фонд”, – адзначыў беларускі лідар. Паводле яго слоў, удасканаленне пенсійнай сістэмы – гэта не толькі павышэнне пенсійнага ўзросту. Што датычыцца прынцыпаў развіцця пенсійнай сістэмы, Прэзідэнт адзначыў: “Захоўваючы яе цяперашнюю салідарную аснову, размеркавальную, у далейшым мы будзем больш актыўна развіваць і іншыя формы, уключаючы накапляльную. Дарэчы, яна сёння рэалізуецца. І мы, гледзячы на Расію, Украіну, пераканаліся, што мы зрабілі абсалютна правільна, не нагнятаючы накапляльную сістэму”.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што цэны ў Беларусі растуць і, адпаведна, рэальныя даходы пенсіянераў зніжаюцца. “Мы пастараемся ў другім паўгоддзі абавязкова павысіць пенсіі”, – сказаў ён.
Аб культуры
Сярод асаблівасцей 2016 года тое, што ён аб’яўлены Годам культуры. “Выклікана гэта тым, што культура, у шырокім сэнсе слова, павінна адыгрываць больш актыўную ролю ў з’яднанні народа вакол стваральных мэт, высокіх маральных прынцыпаў і нашых добрых традыцый. У бесперапынным глыбокім працэсе фарміравання працавітай, адукаванай, духоўна багатай і здаровай нацыі!” – упэўнены Прэзідэнт.
Акцэнт будзе зроблены на мастацкай, творчай сферы. На думку кіраўніка дзяржавы, вялікую ўвагу трэба ўдзяляць і іншым напрамкам: культуры вытворчасці і земляробства, побыту і чалавечых адносін, добраўпарадкавання гарадоў і вёсак, беражлівага захавання гістарычнай спадчыны. “Усё гэта задачы Года культуры”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў, што на рэалізацыю дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 20162020 гады закладзены значныя сродкі рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, і кожны рубель, укладзены ў будаўніцтва і рэканструкцыю аб’ектаў культуры, павінен прыносіць карысць.
Аб кадравай палітыцы
Прэзідэнт адзначыў, што асаблівую актуальнасць набывае падрыхтоўка кіраўнікоў новай фармацыі, здольных адаптавацца да складанай абстаноўкі. “У цяперашняй сітуацыі неабходна вырашаць наступныя задачы. Дзяржаўная кадравая палітыка павінна быць накіравана на рэалізацыю прыярытэтаў сацыяльнаэканамічнага развіцця і забяспечыць падрыхтоўку і расстаноўку кадраў, здольных ажыццявіць эфектыўнае кіраванне галінамі эканомікі. Кіруючы склад павінен умела арганізаваць справу і весці за сабой людзей, а не плысці па цячэнні”, – упэўнены кіраўнік дзяржавы. “Трэба прадоўжыць курс на амаладжэнне, стварэнне эфектыўнага рэзерву, нарошчванне патэнцыялу кадраў”.
Аб знешняй палітыцы
“Няма больш высокай каштоўнасці (гэта Украіна паказала і іншыя дзяржавы, цяпер асабліва – Сірыя), чым мір і бяспека”, – сказаў Прэзідэнт. “Калі на галаву сыплюцца бомбы, калі ў грамадстве разлад, калі адзін на аднаго пайшлі з кулямётамі і гранатамі, калі чалавек не можа жыць на сваёй зямлі, – аб чым можа ісці размова? Аб дэмаграфічных нажніцах? Хто будзе ў гэты час нараджаць?” – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Менавіта па гэтай прычыне, як лічыць кіраўнік дзяржавы, неабходна заўсёды падкрэсліваць, што мір, бяспека, абароназдольнасць – гэта вельмі важна. Прэзідэнт заклікаў гаварыць аб гэтым, не саромеючыся крытыкаў. “Усё астатняе мы знойдзем, купім. Гэта другараднае”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што ні ў якое параўнанне з “бяспекай і мірам на гэтым кавалку зямлі, дзе жывуць беларусы”, гэта не ідзе.
“Ад таго, наколькі эфектыўна мы зможам адстаяць свой суверэнітэт, не дапусціць пранікнення да нас хаосу і насілля звонку, пазбегнуць памылак суседзяў, залежыць будучыня нашай Беларусі. Мы проста абавязаны зберагчы галоўны здабытак – мір, стабільнасць, міжнацыянальную, міжканфесійную згоду, адкрытасць да супрацоўніцтва”, – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. “Беларусь павінна быць гатова процістаяць міжнароднаму тэрарызму, жорстка і прынцыпова спыняць любыя яго праяўленні, узаемадзейнічаючы з іншымі дзяржавамі і ствараючы ўласную сістэму забеспячэння бяспекі”.
БелТА.