Услуги территориального центра социального обслуживания населения не теряют своей актуальности у жителей Ушачского района

Общество

Паслугі аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ТЦСАН не губляюць сваёй актуальнасці ва ўшачан. Пра некаторыя з іх наша сённяшняя гутарка з яго загадчыцай Маргарытай Анатольеўнай МАЙСЕЕНКА.

– У грамадзян з парушэннямі апорна­-рухальнага апарата не заўсёды ёсць магчымасць купіць неабходнае артапедычнае абсталяванне. У вашым жа аддзяленні, наколькі я ведаю, яго можна атрымаць бясплатна.

– Трэба сказаць, што да нядаўняга часу артапедычны інвентар (кастылі, кійкі, крэслы­каляскі, хадуны) пэўным катэгорыям грамадзян выдаваўся на пракат, за што бралася невялікая плата. Зараз жа, сапраўды, умовы выдачы такога абсталявання сталі больш дэмакратычнымі: непрацаздольныя грамадзяне ва ўзросце ад 60 гадоў, а таксама інваліды І і ІІ груп могуць разлічваць на яго абсалютна бясплатна. Аднак для гэтага спатрэбіцца заключэнне ўрачэбна­кансультацыйнай ці медыка­рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, якое пацвярджае патрэбу чалавека ў такіх тэхнічных сродках.

– На слыху ў многіх – паслугі нянькі, прычым таксама бясплатныя…

– Так, аказваюцца яны самым розным катэгорыям сямей. Прэтэндаваць на бясплатную няньку могуць няпоўныя ячэйкі грамадства, у якіх выхоўваецца дзіця­інвалід ва ўзросце да чатырох гадоў – у дзённы час па рабочых днях на тэрмін да 20 гадзін у тыдзень. На такіх жа ўмовах паслугі нянькі аказваюцца поўным сем’ям з двума і больш дзеткамі­інвалідамі. Могуць разлічваць на бясплатную “памочніцу” і бацькі двойняў (да дасягнення малышамі 3­гадовага ўзросту) – не больш за 12 гадзін у тыдзень, а таксама тройняў – да 40 гадзін.

Хачу падкрэсліць, што скарыстацца паслугамі нянькі – аднак ужо на ўмовах поўнай аплаты – могуць любыя сем’і, у якіх выхоўваецца дзіця­інвалід. Тым жа ячэйкам грамадства, у якіх малы з абмежаванымі магчымасцямі наведвае ўстанову дашкольнай адукацыі ці школу (за выключэннем навучання на доме), прэтэндаваць на памочніцу не варта.

– З умацаваннем матэрыяльна­­тэхнічнай базы аддзялення, напэўна, пашыраецца і спектр паслуг, якія аказваеце насельніцтву?

– Безумоўна. Сярод самых запатрабаваных – абкошванне травы мотакасой, распілоўка, сечка дроў і іх укладка ў штабель, апрацоўка зямельнага ўчастка і перавозка грузаў мотаблокам.

– Ці ёсць на іх чарга?

– Так, асабліва на мотаблок. Таму непрацаздольным грамадзянам з г.п.Ушачы і бліжэйшых вёсак раёна (менавіта гэтай катэгорыі аказваецца паслуга) варта загадзя запісацца. Узворванне адной соткі на сённяшні дзень каштуе 21 тысячу 900 рублёў, рыхленне глебы з прымяненнем фразы ў два пласты – 39 тысяч 900, нарэзка барознаў пад пасадку раслін – 9 тысяч 200.

– Мы неаднаразова расказвалі нашым чытачам пра паслугі сацыяльнай пральні, адкрытай на базе аддзялення ў Градзянцы. Цяпер яна чамусьці не працуе…

– Так, на жаль, пакуль няма патрэбнага спецыяліста для работы ў пральні. Карыстаючыся выпадкам, хачу запрасіць на гэтую пасаду інваліда ІІІ групы (пажадана жанчыну) працаздольнага ўзросту, у індывідуальнай праграме рэабілітацыі якога значыцца неабходнасць у адаптацыі.

– Страціўшы здольнасць да самаабслугоўвання, хворыя людзі, іх родныя часта шукаюць памочнікаў. Чула, што тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прапануе ўшачанам паслугі сядзелкі.

– Сапраўды. На іх аказанне можа разлічваць чалавек, які страціў магчымасць самаабслугоўвання і руху. Сядзелка будзе знаходзіцца з ім у дзённы час па рабочых днях ад 10 да 40 гадзін у тыдзень, пры неабходнасці перасцеле ложак, прыгатуе ежу, прыбярэ ў хаце і іншае.

За дадатковай інфармацыяй па ўсіх відах паслуг нашага аддзялення звяртайцеся па нумары 2­­92­­89.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *