Актуальные вопросы нотариусу

Общество

“Прамой лініяй” з натарыусам Жаннай Леанідаўнай Каваленкай нашы чытачы, як заўсёды, скарысталіся і атрымалі такім чынам бясплатную кансультацыю па цікавячых іх пытаннях. І хоць пытанні паступаюць прыватныя (па гэтай прычыне мы не друкуем прозвішчаў заяўнікаў), аднак адказы на іх павысяць прававую адукаванасць усіх ушачан.

Разышліся з мужам чатыры гады таму. Маёмасць не дзялілі. Зараз хачу атрымаць кампенсацыю за тую частку, якая належыць мне. Падкажыце, як гэта зрабіць, калі ён не пагаджаецца зрабіць гэта добраахвотна.

– На жаль, час падзелу маёмасці, вызначаны законам, ужо сышоў. Зрабіць гэта вы маглі на працягу трох гадоў. Аднак трэба адзначыць, што трохгадовы тэрмін наступае з моманту, калі адзін з бакоў даведаўся аб парушэнні свайго права, а не з таго дня, калі ўступіла ў сілу рашэнне суда аб скасаванні ці з часу дзяржаўнай рэгістрацыі скасавання шлюбу. Напрыклад, праз год вы даведаліся, што муж прадаў канапу або аўтамабіль. Гэта ваша агульная маёмасць і прадавацца можа па згодзе двух бакоў. Такім чынам, калі не мінула трох гадоў з таго часу, вы можаце звярнуцца ў суд.

За ўласныя сродкі пабудавалі кватэру, ці трэба яе прыватызаваць? Ці можна яе падарыць на дваіх дзяцей і пры гэтым захаваць за сабой права пражывання?

– Кааператыўная кватэра з’яўляецца вашай уласнасцю, прыватызуецца толькі дзяржаўнае жыллё. Падарыць кватэру вы, канечне, можаце на дваіх дзяцей і пры тым з правам пражывання. Гэта права захоўваецца і прапісваецца ў дагаворы дарэння. Аднак мэтазгодна падумаць пра варыянт завяшчання – розніца тая, што калі ў вас памяняецца жаданне, вы зможаце перапісаць завяшчанне і на аднаго з дзяцей, ці ўнукаў, а дагавор дарэння не мяняецца, вы губляеце права ўласніка кватэры.

Ці існуе тэрмін даўніны на падзел кватэры паміж мужам і жонкай?

– Не, на падзел нерухомасці тэрміна даўніны не існуе. Калі кватэра будавалася ці набывалася сумесна, то прадацца яна можа толькі пры згодзе былога мужа ці жонкі, незалежна ад тэрміну скасавання шлюбу. Аднак, калі нерухомасць была атрымана па спадчыне ці ў выпадку дарэння, то з’яўляецца ўласнасцю толькі аднаго члена сям’і і згода пры продажы не патрэбна.

Дачка хоча набыць дом, выплачваць суму за які дамовіліся часткамі. Як нам афармляць перадачу грашовых сродкаў?

– Вам у абавязковым парадку неабходна натарыяльна замацоўваць дагавор куплі-продажу, у якім будуць распісаны і раней выплачаныя сродкі, і тыя, якія трэба яшчэ плаціць, могуць быць указаны і працэнты пры ўмове несвоечасовага пагашэння кошту дома. Гэта адзіны законны варыянт, які страхуе і прадаўца, і пакупніка.

Запісала Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *