Звычайны дом ў вёсцы Селішча. Мясцовым аматарам выпіць добра вядомы і ён, і яго ўладальніца. Па словах суседзяў, жанчына даўно паставіла “алкагольны бізнес” на паток – без усялякага сораму займаецца збытам самагону, які сама і вырабляе. Калі днямі з праверкай да яе завіталі супрацоўнікі міліцыі, гаспадыня ад агляду дома і надворных пабудоў не адмаўлялася, запэўніваючы, што вырабам і рэалізацыяй “зелля” ніколі не займалася. Калі ж праваахоўнікі знайшлі некалькі каністраў з празрыстай вадкасцю, відавочна расхвалявалася. За працэсам адкрыцця сасудаў жанчына сачыла з яўным напружаннем. Калі ж участковы канстатаваў адсутнасць паху ў вадкасці, грамадзянка ажно выдыхнула: “Эх, гэта ж я святую ваду паставіла і забыла. Як цяжкі груз з плячэй зваліўся…”. На гэты раз праверка для жанчыны скончылася ўдала, аднак…
У гэты ж дзень разам з супрацоўнікамі РАУС мы наведаліся да жыхаркі Кубліч. Тое, што яна гоніць самагон, у аграгарадку ведаюць многія. І ў гэтым давялося ўпэўніцца ўдзельнікам рэйдавай групы. На кухні ля печы ў двух бітонах чакала свайго часу брага. У доме знаходзіўся і самагонны апарат. “Гэта я заўтра гнаць збіралася,” – патлумачыла жанчына. Па яе словах, збываць самагон не збіралася. Але пазбавіцца апарату і нарыхтаваных 80 літраў брагі ўсё ж давялося.
* * *
Як паказвае статыстыка, сітуацыя з незаконным гандлем спіртным застаецца напружанай як ва Ушацкім раёне, так і ў вобласці. За 2015 год на Віцебшчыне складзена 5680 адміністрацыйных пратаколаў за распіванне алкагольных напіткаў, 5821 – піва, 15457 – за з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах. У ходзе праверак і адпрацовак паведамленняў грамадзян выяўлена 1608 літраў самагону і брагі, 6560 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці і іншых фальсіфікаваных напояў.
Нагадваем нумары тэлефонаў лініі па супрацьдзеянні незаконнаму гандлю спіртаўтрымліваючай прадукцыяй палка патрульна-паставой службы міліцыі УУС Віцебскага аблвыканкама: (8-0212) 23-81-73, (8-029) 511-22-16, 314-08-63. Паведаміць пра факты незаконнай рэалізацыі алкаголю можна таксама па нумары райаддзела міліцыі 102 (ананімнасць гарантуецца).
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.