В ОАО «Ильюшинский» с помощью «Двины» подкармливают озимые

Сельское хозяйство

З першага погляду гэты механізм мала чым нагадвае сельскагаспадарчую машыну, а падобны хутчэй на нейкі месяцаход. Але “Дзвіна” прызначана менавіта для спраў зямных, хаця і без касмічных тэхналогій тут ніяк не абышлося – уносіць пад азімыя карбамідна-­аміячную сумесь (КАС) механізатару ААТ “Ільюшынскі” Анатолю Дзмітрыевічу Спірыдзёнку дапамагае спадарожнік.

20 метраў пасеваў апрацоўваецца штангавым апырсквальнікам за адзін праезд. Рухаецца “Дзвіна” па полі хутка – ёй не страшныя ні нізіны, ні нават вымачкі, дзе яшчэ яўна стаіць вада. Вялізныя колы агрэгата забяспечваюць выдатную праходнасць, а хуткасць абумоўлена аўтамабільным карбюратарным рухавіком і лёгкасцю “Дзвіны”, бо пры аб’ёмных габарытах яна мае вагу нямногім больш тоны.

Усяго ж на падкормцы азімай пшаніцы было задзейнічана 4 адзінкі тэхнікі. А.Д.Спірыдзёнак прывозіць “Дзвіну” да месца працы на трактары са спецыяльным лафетам. Вадкае ўгнаенне да “Дзвіны” падвозяць бацька з сынам Віктар і Аляксандр Буйніцкія. 600 літраў КАСа А.Д.Спірыдзёнку хапала якраз на два праезды па вялікіх старасельскіх раўнінах участку ўздоўж трасы Полацк­Мінск. У адрозненні ад сыпучых хімікатаў вадкай сумесі на полі не бачна, як і не заўважыш следу пасля праходу “Дзвіны”. Таму разлічваць схему руху дапамагае навігатар, на экране якога адлюстроўваюцца запрацаваныя палосы. Такім чынам эканоміцца і паліва, і дэфіцытнае ўгнаенне.

Карбамідна­аміячная сумесь падтрымлівае аслабленыя азімыя азотам, адбываецца і каранёвая, і пазакаранёвая падкормка праз лісты. Апошняя асабліва важная, бо пры нізкіх тэмпературах, замаразках, недахопе вільгаці парушаецца засваяльнасць элементаў харчавання каранёвай сістэмай і адпаведна тэмпаў росту і развіцця расліны.

Хоць і “ўсюдыход” “Дзвіна”, але ў любое надвор’е на поле яе не выганіш. Галоўны аграном “Ільюшынскага” Аляксандр Сяргеевіч Селівёнак патлумачыў, што нельга ўносіць карбамідна­аміячную сумесь пры тэмпературах ніжэй 5 градусаў і пры расе, моцным сонцы, каб расліна не атрымала апёкі. У “Ільюшынскім” жа мы назіралі працу механізатараў з захаваннем усіх патрабаванняў, і “Дзвіна” на значнай хуткасці бегла па азімых – пры буйной контурнасці палёў А.Д.Спірыдзёнак за спрыяльны час сутак апрацоўвае звыш 100 гектараў.

Акрамя “Ільюшынскага” такая карысная тэхніка маецца ў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, КУСГП “Кублічы”, “Глыбачаны”, “Вялікадолецкае”. У апошніх дзвюх гаспадарках “Дзвіна” гэтымі днямі таксама не прастойвае. Іншая справа, што не ўсе сельгаспрадпрыемствы ў роўнай ступені забяспечаны карбамідна­аміячнай сумессю. У цэлым па раёне яе хапае амаль пад поўную патрэбу на падкормку 5339 гектараў азімых зерневых і рапсу, але з улікам таго, што ў “Дземенцы” і “Ільюшынскім” угнаенне ёсць і пад яравы сеў. Дзякуючы гэтаму, напрыклад, у апошняй гаспадарцы правялі баранаванне і падкармілі 65 гектараў траў. У астатніх жа сельгаспрадпрыемствах КАСа пакуль не хапае для падкормкі каля 2 тысяч гектараў азімых.

Яго можна пераразмеркаваць, а вось з фосфарнымі ўгнаеннямі гэтага не атрымаецца, паколькі іх не хапае ва ўсіх гаспадарках вобласці і праблема патрабуе вырашэння на самым высокім узроўні. А вось калійныя ўгнаенні ўжо завозяцца ў аблаграсэрвіс, адкуль іх будуць размяркоўваць па раёнах. Тут аграрыяў чакае прыемная навіна, бо кошт на калій зніжаны з 2300 тысяч рублёў за тону да 500 тысяч.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *