Гэтая жанчына ведае абсалютна ўсе сакрэты швейнай справы. Такіх адданых і старанных работнікаў як Валянціна Канстанцінаўна Мугака на ўшацкім прамкамбінаце, канечне, цэняць. 30 гадоў сваёй прафесійнай дзейнасці яна прысвяціла менавіта гэтаму прадпрыемству. Хоць прамысловасць і “лёгкая”, аднак лёгка ёй не было ні тады, калі першы раз пераступіла парог арганізацыі, ні зараз, калі па плячы работа любой складанасці.
На гэтым тыдні ў швейным цэху як заўсёды кіпела работа, тут працавалі над заказам для адной з мінскіх фірм, а таксама шылі пасцельную бялізну.
– Вось гэта спецыяльныя рукавіцы для зваршчыкаў. Здавалася б, на першы погляд зрабіць іх зусім нескладана. Але ж яны павінны быць пашыты якасна, а нават вывернуць гатовы выраб з такой шчыльнай тканіны не так і проста, – расказвае Валянціна Канстанцінаўна, якую ўдалося застаць якраз за работай.
Яна правярала якасць вырабаў. Так, не толькі сама шые, а і кантралюе. На прамкамбінаце заўсёды робяць стаўку на якасць, каб заваёўваць прыхільнасць кліентаў.
Хоць работа і няпростая, але шыць В.Мугака любіць і ў юнацтве падчас выбару прафесіі абапіралася толькі на ўласнае жаданне, не слухаючы парад родных і знаёмых. Падчас вучобы ў Віцебскім швейным вучылішчы вылучалася сярод астатніх сваімі здольнасцямі і стараннем. Скончыла ж установу з чырвоным дыпломам і як лепшая выпускніца атрымала размеркаванне на фабрыку “Віцябчанка”, якая на той час лічылася прэстыжным месцам працы.
– Як зараз памятаю, разам з дыпломам мне ў якасці падарунка ўручылі камплект пасцельнай бялізны. Тады гэта быў такі дэфіцыт і мяне проста перапаўнялі радасныя пачуцці, – дзеліцца ўспамінамі Валянціна Канстанцінаўна.
Калі яна прыйшла на сваё першае працоўнае месца, ёй не было і 18 гадоў, але спасылак на нявопытнасць і малады ўзрост не было і працаваць прыходзілася нараўне з астатнімі работнікамі. Добрымі словамі зараз успамінае В.Мугака сваіх старэйшых калег па “Віцябчанцы”, якія дапамагалі, падтрымлівалі і вучылі. Адпрацаваўшы пяць гадоў у абласным цэнтры, жанчына вярнулася на родную Ушаччыну, каб падтрымаць маці, якая засталася адна. Спачатку меркавала, што прабудзе тут часова, ды планы змяніліся, калі ў родных мясцінах сустрэла сваю другую палавінку. У пошуках працы 30 гадоў таму дарога прывяла яе на прамкамбінат.
Нягледзячы на тое, што вялікі аб’ём работы прыходзіцца за дзень зрабіць на працоўным месцы, за швейную машынку Валянціна Канстанцінаўна часам садзіцца і дома, каб пашыць штосьці для сябе і мужа, ці родным і знаёмым. З задавальненнем любіць шыць і для маленькай ўнучкі. Памятае В.Мугака, як у маладосці часта прыходзілася шыць адзенне і для сваёй дачкі Вольгі. Тады не было такога шырокага выбару адзення ў магазінах і часта да позняй ночы і ў выхадныя шыла спадніцы і кофтачкі. Узгадвае жанчына, як аднойчы праявіла фантазію і пашыла для дачкі прыгожую сукенку са шматлікімі гузікамі, паясамі. У дзіцячым садку перад сном знялі яе, а калі трэба было апрануць, доўга не маглі разабрацца ў прыдуманай матуляй мадэлі, што куды зашпіліць.
Не толькі пашыць, але і штонебудзь звязаць таксама не праблема для Валянціны Канстанцінаўны. Хапае работы ў гэтай нястомнай жанчыны і на прысядзібным участку каля ўласнага дома ва Ушачах.
Часта, каб своечасова выканаць на рабоце заказ, прыходзіцца затрымлівацца на працоўным месцы, але такія цяжкасці ніколькі не пужаюць вопытную швачку. Заўсёды дапамагае В.К.Мугака асвоіцца на прамкамбінаце навічкам, стараецца навучыць, запоўніць прабелы. З сумам зазначае, што маленькі працэнт моладзі застаецца працаваць, многія звальняюцца ў пошуках лёгкай работы. Сама ж В.Мугака нават у самыя складаныя часы не здрадзіла свайму роднаму прадпрыемству і зараз бачна, як хварэе за сваю справу. Пацверджаннем усіх яе заслуг з’яўляецца тое, што прозвішча жанчыны занесена на раённую Дошку гонару.
Вольга КАМАРКОВА.