Жители деревень Ковалевщина, Шалапечино, Асиновка живут одной дружной семьёй

Общество

Пра Галіну Дзмітрыеўну Кухто мы не так даўно пісалі. Нагода была вельмі прыемная – сям’я, муж і жонка якой усё жыццё адпрацавалі ў саўгасе “Глыбачаны”, святкавала залатое вяселле. На жаль, спадарожнік Галіны Дзмітрыеўны ўжо пайшоў з жыцця, але яна не страціла аптымізму і працягвае ўтрымліваць дом на ўзгорку працяглай вёскі Кавалеўшчына Глыбачанскага сельсавета.

Вёска стаіць на беразе возера, а дакладней нават двух. Прыгажосць там такая, што проста нельга не падтрымліваць яе. І пераважная большасць сядзіб сапраўды дагледжаныя і прывабныя.

Кавалеўшчына налічвае на сёння толькі 4 пастаянных жыхары, аднак па выхадных вёска ажывае, практычна ля кожнай хаты з’яўляюцца машыны – гэта дачнікі, у пераважнай большасці нашчадкі, прыязджаюць, каб пагаспадарыць на сваіх участках. З усімі, як сваімі, так і прыезджымі гутарыць Галіна Дзмітрыеўна аб падтрыманні парадку, збірае сродкі самаабкладання, клапоціцца пра стан дарогі, якая на крутым узгорку ў вясеннюю непагадзь уяўляе складаны ўчастак. Хоць і не знаходзіцца на балансе ДРБУ­105, аднак па просьбе старэйшыны прагрэйдзіравалі нядаўна яе і прасцей стала дабірацца паштавікам, якія едуць у самы канец вёскі, каб давезці “Патрыёт” сям’і Жыгуновых і канечне, старэйшыне.

Жыхары Кавалеўшчыны – дружныя, дапамагаюць адзін аднаму і разам вырашаюць агульныя справы. Вось і пірс на возеры зрабілі, абкошваюць бераг. Ініцыятыву ў гэтым праяўляюць дзеці Галіны Дзмітрыеўны, якія, вы толькі задумайцеся, кожныя выхадныя цэлымі сем’ямі прыязджаюць у родную вёску.  Сыны  маюць тут свае дачы,  дачка прыязджае непасрэдна да маці, аднак пасекчы і скласці дровы, абкасіць тэрыторыю ці справіць якую вялікую работу – заўсёды разам, як і ў бацькоўскую  лазню.

– Яны выраслі тут, на гэтым возеры Астравіта купаліся, а галоўнае, да зямлі і  працы на ёй змалку прывыкшы. Так склалася, што ўсе трое жывуць  у Наваполацку і Полацку, аднак вельмі любяць вясковы ўклад жыцця, родныя мясціны, таму і не шукаць лепшага месца.

Яна, канечне, вельмі шчаслівая маці, што не адчувае адзіноты, жыве ў акружэнні дружнай сям’і. Унукі выраслі на вачах. Складана паверыць, што ў гэтай маладжавай і прыгожай жанчыны вось ужо і праўнучка ў школу пайшла.

Можна сказаць, што адной сям’ёй жывуць тут жыхары нават трох вёсак: Кавалеўшчыны, Шалапечына, Асінаўкі. Свята любой з іх – гэта іх агульнае свята. У апошняй сёлета не стала старэйшыны, паважанай у наваколлі Марыі Паўлаўны Рубцовай, праводзіць яе прыйшлі літаральна ўсе. А грамадскія абавязкі гэтай вёскі зараз таксама часткова ўсклаліся на  Галіну Дзмітрыеўну.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *