У ААТ “Ільюшынскі” на мінулым тыдні распачалі сяўбу. Першым адлік засеяных плошчаў павёў Уладзімір Урбан (на здымку). Сваю новую сеялку СЗ4,2 механізатар абкатаў яшчэ восенню на азімых, і зараз яна павінна стаць адной з асноўных баявых адзінак падчас веснавой кампаніі.
За дзень Уладзімір засявае ў сярэднім каля 20 гектараў, што для самога механізатара паказчык неблагі, а вось у маштабах гаспадаркі – яўна недастатковы. У хуткім часе да СЗ4,2 Уладзіміра далучацца яшчэ тры пасяўныя агрэгаты, і толькі пры бесперабойнай зладжанай рабоце ўсіх можна будзе спадзявацца, што ў аптымальны тэрміны мясцовыя механізатары ўкладуцца, бо ў яравым кліне сельгаспрадпрыемства зерневыя і зернебабовыя зоймуць 1400 гектараў. Разам жа з рапсам і кукурузай аб’ём веснавой сяўбы дасягае двух тысяч.
У панядзелак сейбіты “Ільюшынскага” працавалі ля Бараўцоў. З гэтага ўчастка, па словах Міхаіла Рэўта, работы пачынаюцца амаль кожную вясну: “Землі тут такія – вельмі хутка страчваецца вільгаць,” – патлумачыў механізатар, які на МТЗ3022 з дыскатарам канчаткова рыхтаваў глебу для праходжання сеялкі, а пярвічную яе апрацоўку праводзіў чызель, зачэплены за МТЗ1221 Анатоля Усовіка. Правільнасць сцвярджэння аб дэфіцыце вільгаці дэманстравала праца У.Урбана. Механізатар пасля засыпкі ячменю ад’ехаў ад МАЗазапраўшчыка Андрэя Ланцунцэвіча, а бароны за пасяўным агрэгатам узнялі немалыя клубы пылу – і гэта праз лічаныя гадзіны пасля падрыхтоўкі глебы!
Падсыхае яна і на іншых участках не толькі “Ільюшынскага”, таму некаторыя гаспадаркі раёна таксама прыступілі да сяўбы. Яшчэ на мінулым тыдні яе распачалі механізатары КУСГП “Глыбачаны”, у якіх па стане на пачатак тыдня быў засеяны 81 гектар, традыцыйна сярод першаадкрывальнікаў веснавой кампаніі ААТ “Дземенец”. Учора да названых гаспадарак далучылася ААТ “АграСелішча”. Хутка сяўба стане масавай.
Дзмітрый Раманоўскі