Сеять, чтобы получать прибыль. На заседании Ушачского райисполкома рассмотрели ход подготовки хозяйств к полевым работам

Сельское хозяйство

Адно з асноўных пытанняў, якое было разгледжана на апошнім пасяджэнні райвыканкама, датычылася падрыхтоўкі гаспадарак да вясенніх палявых работ і стварэння трывалай кармавой базы. Прычым старшыня райвыканкама  В.В.Родзіч прапанаваў памяняць звыклы фармат, адысці ад  традыцыйных (падрыхтаваных) справаздач, а адразу перайсці да абмеркавання самых праблемных пытанняў гаспадарак.

Расціць той, хто ўмее

Прадумаць, пралічыць, на што хапае рэсурсаў і што прынясе  прыбытак. Гэта павінна стаць чырвонай ніткай падчас пасяўной кампаніі для кожнай гаспадаркі. Хоць і існуюць планы пасеваў, аднак сельгаспрадпрыемствы павінны цвяроза ацаніць свае сілы і прыступаць да сяўбы нават невялікага ўчастка толькі пры наяўнасці пад патрэбу ўгнаення, насення, сродкаў аховы. Неабходна якасна выканаць увесь тэхналагічны ланцуг і захаваць тэрміны. Інакш няма сэнсу губляць час, насенне, такое дэфіцытнае паліва і налічаць зарплату.

Раслінаводствам займаецца той, хто ведае як і ўмее гэта рабіць. А яно можа і павінна быць прыбытковым, нават пры сённяшніх невысокіх закупачных цэнах. У гэтым яскрава пераконвае вопыт ААТ “Дземенец”, кіраўнік якога яшчэ па завяршэнні мінулага сельскагаспадарчага года думае пра чарговы. Па-першае, робіць стаўкі пад пэўныя культуры. Прычым, “джэк-пот” год ад году на адну і тую ж расліну не выпадае, таму вылучаюць некалькі прыярытэтных. А па-другое, выконваюць увесь агранамічны ланцуг работ так, каб атрымаць высокую ўраджайнасць.

Зыходзячы з гэтага  В.В.Родзіч расставіў прыярытэты пры правядзенні вясенніх палявых работ па чарговасці. Па-першае, неабходна падкарміць азімыя культуры, на якія ўжо панесены затраты і якія традыцыйна прыносяць добры ўраджай. Па-другое, аддаць перавагу тым яравым, якія даюць эканамічны эфект, на сённяшні час гэта рапс. На трэцяй прыступцы па важнасці стаяць зернебабовыя – як гарант якасных кармоў для развіцця жывёлагадоўлі.

Пры недахопе ўгнаенняў

“Летась мы атрымалі зерневы вал нават большы, чым у Лепельскім раёне – упершыню ў гісторыі, – прыгадаў Віктар Віктаравіч Родзіч поспех мінулага года, – у тым ліку і дзякуючы ўнясенню азоту”. На канец сакавіка забяспечанасць угнаеннямі складала толькі 15 працэнтаў. Пад патрэбу не хопіць азотных, калійных, фосфарных, таму трэба асабліва рацыянальна абыходзіцца з тым, што ёсць. Лепш унесці ўсё неабходнае на асобны ўчастак, напрыклад, з перспектыўнай элітай, чым па крысе рассыпаць па многіх.

Ва ўмовах дэфіцыту мінеральнага ўгнаення як ніколі актуальныя ранняя падкормка шматгадовых траў вадкай арганікай, удалы падбор папярэднікаў (напрыклад, рапс па кукурузе, пад якую ўносілася арганіка) і ўчасткаў – пшаніцу на тыя, дзе высокае ўтрыманне рухомага калію і фосфару. Дарэчы, апошні рэкамендавана размяркоўваць толькі  гаспадаркам з сеялкамі дакладнага высеву, каб гранула сапраўды стала спадарожнікам пэўнага зярнятка.

Пры недахопе ўгнаенняў для атрымання прадукцыйнага сцеблястою рэкамендуецца павялічыць нормы высеву насення на 25 працэнтаў ад разліковай.

У дзве змены

Сустракаюць гаспадаркі раёна пачатак пасяўной кампаніі і вялікімі плошчамі неўзаранага зябліва. Асабліва гэта датычыцца ­КУСГП “Глыбачаны”, “Арэхаўна”, “Райаграсэрвіс”. Паколькі ў гэтых жа гаспадарках і недахоп кадраў, і падрыхтаванай тэхнікі, то ўжо зараз трэба араць, выбіраючы асобныя адталыя ўчасткі. Якаснаму ўзворванню трэба надаць асаблівую ўвагу, паколькі пры правільных рэгуліроўцы плугоў, узворванні менш часу спатрэбіцца потым на апрацоўку глебы. Абавязкова  ўсе работы арганізаваць у дзве змены, паколькі вельмі важна не ўпусціць спрыяльныя тэрміны пасяўной, у першую чаргу – вільгаць, якой сёлета вельмі мала ў глебе. Якаснае ўзворванне, як і наяўнасць разваротных палос, дазволіць скараціць колькасць праходаў тэхнікі, халастых пераездаў пры перадсяўной падрыхтоўкай. Канечне, пры дэфіцыце паліва трэба пазбегнуць далёкіх пераездаў тэхнікі, не ганяць яе на машынныя двары, а арганізаваць ахову на стаянках бліжэй да палёў.

Стаўка на зернебабовыя

Асноўная праблема нашых гаспадарак у жывёлагадоўлі – незбалансаванасць кармоў, нават калі яны ёсць, то не адпавяда­юць патрэбам жывёлы для прадукцыйнага развіцця. Напрыклад, па заатэхнічных нормах у адной кармавой  адзінцы павінна ўтрымлівацца 110­115 грамаў засваяльнага бялку, фактычна ж утрымліваецца толькі 83­87 працэнтаў ад патрэбы. Як вынік – недабор прадукцыі, менавіта таму адна з асноўных задач гаспадарак – памяняць структуру пасяўных плошчаў кармавых культур, надаўшы перавагу зернебабовым. Калі раней віка­аўсяную сумесь вырошчвалі для зерня, то сёлета з яе плануецца зрабіць 17 тысяч тон сіласу. Да 500 гектараў сёлета будуць пашыраны пасевы зерневага лубіну, які ўтрымлівае да 50 працэнтаў бялкоў, калі ў пшаніцы, напрыклад, толькі 13.

Будуць зніжаны сёлета і пасевы каралевы палёў, паколькі кукуруза з’яўляецца вельмі стратнай кармавой культурай і акупляецца, калі ўраджайнасць дасягае 350 цэнтнераў з гектара.

Пад запланаваныя лічбы дастаткова насення зерневых, зернебабовых і  шматгадовых траў.  А вось кадраў, асабліва для работы ў дзве змены – недахоп, таму традыцыйна на дапамогу аграрыям на час вясенніх палявых работ будуць пераводзіцца работнікі з іншых прадпрыемстваў раёна.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *