Чистые ли наши улицы и производственные территории. Рейд по городскому посёлку выявил слабые места

Благоустройство

У мінулым годзе падчас аднаго з раённых суботнікаў па добраўпарадкаванні тэрыторыя ля гаражнага масіву у раёне ПМК­-66 нарэшце набыла належны від. Горы смецця вывезлі са схілу паміж першым радам гаражоў і агароджай вытворчай тэрыторыі будаўнічай арганізацыі, з прылягаючых па перыметры ўчасткаў. Не прайшло і году, а відовішча – нібы нічога і не рабілася. Ды і не толькі на гэтай тэрыторыі.

На мінулым тыдні ў мэтах кантролю санітарнага стану давялося праехаць па “мядзведжых кутах” райцэнтра – так начальнік аддзела жыллёва-­камунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргей Пятровіч Дымман і галоўны санітарны ўрач раёна Яўген Уладзіміравіч Талалуеў называюць аддаленыя ад цэнтральных вуліц часткі пасёлка. Шчыра кажучы, думалі, што сітуацыя будзе горшай, але з правераных арганізацый нараканні былі толькі да прылягаючай тэрыторыі лясгаса, дзе ўздоўж вуліцы валялася бытавое смецце, кучы вецця ляжалі ля кантэйнераў, хапала пластыку і папер сярод дрэў якраз насупраць адміністрацыйнага будынка прадпрыемства. А вось вакол спартыўнай залы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, гарадскога стадыёна быў наведзены парадак. Чысцінёй сустрэла правяраючых і раней праблемная тэрыторыя ля базы райспажыўтаварыства. Усё, што можна было падчысціць уручную, зроблена. Непрыбранымі засталіся толькі рэшткі жалезабетонных пліт і блокаў, для вывазу якіх патрэбна спецтэхніка. Чыста на прылягаючай тэрыторыі ААТ “Ушачы”, наведзены парадак ля адміністрацыйнага будынка і вакол вытворчай базы прамкамбіната, што для прадпрыемства стала нормай. Не парадавала вока правяраючых хіба што смецце ля непрацуючай крамы на Калінінскай, якая належыць агароднінасушыльнаму заводу, ды патрабуючая рамонту агароджа, аддзяляючая двор райбальніцы ад ТАА “Лес”.

І калі з уборкай вытворчых і прылягаючых да арганізацый тэрыторый справа наладжана, то так званыя “нічыйныя” становяцца сапраўдным галаўным болем камунальнікаў. Каб упэўніцца ў гэтым, неабавязкова ехаць у “мядзведжыя куты” – несумленныя грамадзяне ствараюць такія ў цэнтры гарпасёлка, асабліва “церпяць” тэрыторыі ўздоўж ракі. Між тым, па словах С.П.Дыммана, несанкцыянаваныя сметнікі на берагах Ушачы з боку вуліц Полацкай, Садовай, П.Броўкі, Каранеўскага летась былі ліквідаваны, але за год узніклі зноў, а дзесьці – нават у большых маштабах.

Уладальніца квадратных метраў у камунальным жыллі на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Піянерскай (на здымку) пражывае ў вёсцы, а кватаранты ў двары дома ўстроілі сапраўдную памыйніцу, не многім лепшы санітарны стан і ў некаторых суседзяў. Зусім не ўпрыгожваюць адну з цэнтральных вуліц трухлявыя платы – уласнікам індывідуальнай забудовы па Ленінскай выдадзены прадпісанні аб навядзенні парадку да 4 красавіка.

Кустоўе за вуліцай Усходняй ужо не хавае несанкцыянаваны міні­палігон. Прычым, колькасць і “разнастайнасць” смецця сведчыць аб тым, што не адзін ці два гаспадары мікрараёна за рэчкай гадамі ліквідуюць адыходы па такой “упрошчанай” схеме. Няправы і той, хто сцвярджае, што ва Ушачах няма аўтамыйкі – у нешта падобнае ператварылі берагі вадаёма ля дарогі на ачышчальныя збудаванні гора­аўтамабілісты. А паралельна праводзяць тут і рамонт з тэхабслугоўваннем, не абцяжарваючы сябе пытаннем утылізацыі адпрацаваўшых свой век дэталяў. Па выніках рэйду гэтае месца ўзята на кантроль: парушальнікі прыродаахоўнага заканадаўства будуць пакараны рублём.

– Дзясятак камунальнікаў ніколі не справяцца з наступствамі неахайнасці тысяч грамадзян, – рэзонна канстатуе намеснік дырэктара УП ЖКГ Дзмітрый Сяргеевіч Шасцярэнь. – Не ўбіраць мы не маем права, бо павінны падтрымліваць “твар” гарпасёлка. З кожным годам колькасць адходаў павялічваецца, а вось рост сумлення грамадзян за гэтым яўна не паспявае.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *