Падобныя словы давялося пачуць літаральна ад усіх субяседнікаў, з якімі мусіла гутарыць у мінулую суботу. Дзень жа гэты стаў вельмі багаты на знаёмствы: у наш райцэнтр з’ехаліся ўдзельнікі абласнога конкурсу клубаў “Ветэран” і ветэранскіх творчых калектываў з 13 раёнаў вобласці, гарадоў Полацка, Наваполацка, Новалукомля. Назва мерапрыемства “Не старэюць душой ветэраны” надзвычай трапна характарызуе ўсіх яго ўдзельнікаў – іх бадзёрасці, вяселлю, аптымізму, творчаму запалу варта павучыцца многім маладым людзям. На “ты” яны і з сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, бо жыва цікавіліся, ці будзе выкладзены на сайце нашай газеты артыкул пра гэтае мерапрыемства.
Як і належыць гаспадарам, высокую планку для ўсіх удзельнікаў задаў хор народнага клуба “Ветэран” Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці”. Як зазначыла кіраўнік калектыву Інэса Сяргееўна Клімава, гэтае выступленне для ўшачан было асаблівым – апошні раз яны спявалі пад акампанемент выдатнага музыканта Юрыя Аляксандравіча Канстанцінава, які вырашыў пайсці на заслужаны адпачынак. Акрамя двух харавых нумароў нашы землякі прапанавалі журы і гледачам сольны нумар Ліліі Міхайлаўны Мураўскай і байку ў выкананні Галіны Максімаўны Жаланкоўскай. Вельмі цёпла сустрэлі госці і адрасаваны ім прывітальны верш, спецыяльна напісаны для гэтай падзеі Зояй Сяргееўнай Хвошч. Забягаючы наперад, скажу, што выступленне нашага хору было адзначана дыпломам трэцяй ступені, а ветэран Вялікай Айчыннай вайны Кацярына Мікалаеўна Васілеўская атрымала персанальную ўзнагароду за вернасць калектыву.
Вельмі прыемна, што былі ветэраны вайны і сярод іншых калектываў, якія выступалі ў гэты дзень на ўшацкай сцэне. Так, мужчынскую частку хору з Чашнікаў прадстаўляў Леў Гаўрылавіч Плют, якога выканаўцы называюць гонарам калектыву. Вайсковай службе прысвяціў усё жыццё 79гадовы палачанін Анатоль Міхайлавіч Пашчанка. І хоць ваяваць на франтах Вялікай Айчыннай яму не давялося, аднак дзень 9 Мая 1945 года ён запомніў назаўсёды: менавіта тады адбыўся яго дэбют на сцэне – аднавяскоўцы горача апладзіравалі песні “Агеньчык” у яго выкананні. А праз пяць год спевы прынеслі і першы каштоўны прыз – за перамогу ў раённым конкурсе самадзейнасці Анатолю ўручылі новую целагрэйку, якая была потым прадметам зайздрасці для ўсяго сяла. Не застаўся без узнагароды А.М.Пашчанка і ў гэты раз, атрымаўшы дыплом першай ступені ў сольнай намінацыі.
Увогуле ў праграме было вельмі шмат яркіх нумароў. Адным з такіх гледачы прызналі выступленне ансамбля лыжкароў з Верхнядзвінска. Танец “Яблычка” вельмі пераканаўча выглядаў у выкананні Генадзя Канстанцінавіча Пераломава, які 33 гады хадзіў у мора. А вось удзельніцы вакальнага калектыву з Шаркоўшчыны перад выступленнем прызналіся, што вельмі хвалююцца, бо гэта іх першы падобны конкурс з таго часу, як выступаюць у абноўленым складзе. “Калі нас пакінуў былы кіраўнік і з калектыву пайшло некалькі асноўных удзельніц, астатнія яшчэ больш згуртаваліся, – расказвае цяперашні кіраўнік групы Галіна Пятроўна Сафончык. – Зараз мы даём канцэрты ў аддаленых вёсках, сацыяльных установах, і тое, як нас там сустракаюць, з’яўляецца крыніцай жыццёвага і творчага натхнення”. Падобныя думкі агучыла і ўдзельніца ветэранскага хору з Расоншчыны Тамара Пятроўна Какціс: “Кожная рэпетыцыя для нас – сапраўднае свята!” А яшчэ жанчына выказала шчырае захапленне наконт таго, як добра прадумана і арганізавана ва Ушачах сустрэча дэлегацый, як спраўна выконвалі сваю работу замацаваныя за кожным калектывам куратары. “Наша Галіна Сяргееўна Рудзёнак аказалася такой прыемнай, клапатлівай жанчынай, апякала кожнага з нас, усё падрабязна тлумачыла і нават падносіла нашы сумкі, каб мы не стамляліся!”
Дарэчы, словы падзякі за добрую арганізацыю конкурсу, цёплы прыём гледачоў, якія цалкам запоўнілі залу РДК, выказалі і члены прадстаўнічага журы, калі настаў час урачыстага падвядзення вынікаў. Трэба сказаць, што творчыя калектывы большасці раёнаў былі адзначаны дыпломамі розных намінацый. Ну а гранпры конкурсу быў прысуджаны народнаму хору ветэранаў Полацкага гарадскога Палаца культуры. Прыемна, што кіраўнік калектыву Зоя Ягораўна Красненка (Бычкова) – наша зямлячка, якая доўгі час узначальвала хор пры сельскім Доме культуры ў Глыбачцы Глыбачанскага сельсавета.
Наталля БАГДАНОВІЧ.